Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Гомсельмаш” заўсёды быў, ёсць і будзе ў краіне”

- 10:58Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў распрацаваць стратэгію развіцця “Гомсельмаша”. Адпаведную задачу кіраўнік дзяржавы паставіў у час наведвання вытворчага цэха “Навасёлкі” птушкафабрыкі прадпрыемства “Беларуснафта-Асобіна” ў час рабочай паездкі ў Веткаўскі раён Гомельскай вобласці.

“Што тычыцца “Гомсельмаша”, даручэнне Турчыну (першы намеснік прэм’ер-міністра. — Заўвага БелТА.) — падключайце ўрад і неадкладна разбірайцеся. “Гомсельмаш” заўсёды быў, ёсць і будзе ў краіне, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта 20—25 гадоў назад мяне запэўнівалі: нам не патрэбны камбайны, нічога не патрэбна і “Гомсельмаш” трэба прадаць. Сёння мы бачым, што гэта добрая школа. Спадзяюся, сёння ўбачым новы камбайн, створаны літаральна за год ці два. Гэта добрая група вучоных, канструктараў. Ні ў якім разе нельга загубіць гэтую школу. І тэхніка гэтая патрэбна. Але трэба варушыцца”.

Прэзідэнт падкрэсліў, што прадпрыемства як мага хутчэй неабходна выводзіць на рэнтабельную работу. “Збірайцеся і думайце, але каб у будучым годзе мы перасталі гаварыць пра “Гомсельмаш” у адмоўным плане”, — даручыў Аляксандр Лукашэнка.

Як далажыў кіраўніку дзяржавы першы намеснік прэм’ер-міністра Аляксандр Турчын, прадпрыемства праходзіць фінансавы аўдыт, паступова разгружаюцца яго склады. Цяпер разглядаюцца розныя канцэпцыі развіцця “Гомсельмаша”. “Нам трэба будзе потым з вамі абмеркаваць стратэгію развіцця”, — дадаў ён.

“Няма пытанняў, давайце абмяркуем, — адказаў Аляксандр Лукашэнка. — Але я вам гаварыў, што на гэтым прадпрыемстве трэба прыводзіць да ўлады моладзь”.

Пра перспектывы работы прадпрыемства размова ішла і ў час наведвання гаспадаркі “Вясёлка-Агра”, дзе прэзідэнта сустрэў генеральны дырэктар “Гомсельмаша” Аляксандр Новікаў. “Я так разумею, разгубленасці няма на заводзе?” — спытаў у яго кіраўнік дзяржавы.

“Разгубленасці няма, калектыў гатовы працаваць. Адзіная цяпер праблема — гэта абаротныя сродкі”, — прызнаўся кіраўнік “Гомсельмаша”.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што падарункаў прадпрыемству ніхто рабіць не будзе, аднак некаторую дапамогу аказаць могуць. “Калі заўтра прадаеш сто камбайнаў і нешта вяртаеш банку або ў бюджэт, вядома, грошы пазычым. “Гомсельмаш” ніхто не загубіць, — запэўніў ён. — “Гомсельмаш”, МАЗ, БелАЗ, “Амкадор” і іншыя, хоць і прыватныя прадпрыемствы, — гэта ўсё беларускае, яны павінны даваць вынік. Заводы гэтыя будуць захаваны”.

На полі гаспадаркі прэзідэнт азнаёміўся з уборачнай і новымі збожжаўборачнымі камбайнамі “Гомсельмаша” на газаматорным паліве, гусенічным і паўгусенічным ходзе. Кіраўнік дзяржавы паразмаўляў з механізатарамі, пацікавіўшыся ў іх асаблівасцямі тэхнікі, яе плюсамі і мінусамі. Аляксандру Лукашэнку расказалі, што па тэхнічных характарыстыках і магутнасці збожжаўборачная машына на газаматорным паліве нічым не ўступае звычайным аналагам такога ж экалагічнага класа, аднак даражэйшая прыкладна на 30 працэнтаў.

Прэзідэнт пацікавіўся, ці можна патанніць вытворчасць. Яму адказалі, што прадпрыемства працуе над гэтым. Акрамя таго, калі камбайн пойдзе ў серыйную вытвор­часць, цана яго адназначна знізіцца.

Камбайн-навінку Аляксандру Лукашэнку прадставілі яшчэ ў жніўні мінулага года, калі прэзідэнт наведваў “Гомсельмаш”. Гэтая тэхніка крыху даражэйшая ў параўнанні з традыцыйнымі аналагамі, аднак дазваляе значна эканоміць на кошце паліва — у сярэднім каля паловы затрат па гэтым расходным артыкуле. Распрацоўшчыкі лічаць, што новы камбайн можа быць шырока запатрабаваны на расійскім рынку. Акрамя таго, ён больш экалагічны.

Тады Аляксандр Лукашэнка зацікавіўся навінкай і даручыў да наступнай уборачнай кампаніі вырабіць некалькі такіх камбайнаў, каб апрабаваць іх у якасці эксперымента ў адной з гаспадарак.

Прэзідэнт падрабязна азнаёміўся з вынікамі сацыяльна-эканамічнага развіцця Гомельскай вобласці і Веткаўскага раёна.

У Гомельскай вобласці выконваюцца 5 з сямі асноўных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця. Крыху адстае ад прагнозу аб’ём валавога рэгіянальнага прадукту — 100,5 працэнта за першае паўгоддзе пры заданні 101,5 працэнта. Негатыўны ўклад унесла сітуацыя з пастаўкамі забруджанай нафты і праблемы, што ўзніклі на беларускім участку нафтаправода “Дружба”. Але да канца года кіраўніцтва вобласці разлічвае актывізаваць работу і выканаць прагноз. Важную ролю ў гэтым адыграе паляпшэнне паказчыкаў работы “Гомсельмаша”.

Што тычыцца сітуацыі ў Веткаўскім раёне, была адзначана наяўнасць праблем з сельскагаспадарчай вытворчасцю, аб’ёмы якой не дасягаюць узроўню мінулага года. Адной з прычын кіраўніцтва раёна лічыць падзеж жывёлы. Аднак прэзідэнт упэўнены, што праблема комплексная і падзеж жывёлы — гэта вынік, а не прычына. Вырашаць яе трэба праз строгае выкананне тэхналогій, своечасовую нарыхтоўку кармоў. “Калі ты не можаш накарміць парася, цяля, не трэба іх разгадоўваць. Калі не можаш накарміць, аддай тым, у каго ёсць корм. Навошта губіць жывёлу?” — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

“Яшчэ раз паўтараю для ўрада і на будучыню: за падзеж жывёлы сядзеце ў турму. 85 тысяч, па-мойму, у мінулым годзе. Вы ўяўляеце, колькі гэта было б мяса?!” — сказаў прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка даручыў Генеральнай пракуратуры прадаўжаць сур’ёзна займацца пытаннем. “Гэта недапушчальна! То кармы дрэнныя, то тое, то гэта — бесталковасць! Звярніце на гэта ўвагу. Я пакуль яшчэ па-добраму з вамі размаўляю”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт таксама азнаёміўся з перспектывамі развіцця прадпрыемства “Беларуснафта-Асобіна”. Яно з’яўляецца адной з валаўтваральных гаспадарак у вобласці па гадоўлі птушкі, займаецца вырошчваннем збожжа і рапсу і працуе па прынцыпе завершанага цыкла. Аляксандр Лукашэнка наведаў адну з вытворчых пляцовак у Веткаўскім раёне. Прадпрыемства мае яшчэ дзве пляцоўкі, асноўная з якіх размешчана ў Буда-Кашалёўскім раёне. За студзень — май 2019 года выручка ад рэалізацыі прадукцыі склала Br55,2 млн, чысты прыбытак — Br11,5 млн. На прадпрыемстве занята амаль 2,3 тысячы работнікаў, сярэднямесячная зар­плата дасягае амаль Br710. Паспяховаму развіццю даччынага прадпрыемства ў значнай меры садзейнічае прыналежнасць да “Беларуснаф­ты”. Яно з’яўляецца паўнапраўным членам вытворчай каманды. У планах на найбліжэйшы час — будаўніцтва новага цэха паглыбленай перапрацоўкі мяса і развіццё сеткі збыту.

У ходзе паездкі па Веткаўскім раёне Аляксандр Лукашэнка наведаў блок плавальных басейнаў Веткаўскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы.

Веткаўскі раён — адзін з пацярпелых рэгіёнаў ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, таму аздараўленню насельніцтва тут удзяляецца асаблівая ўвага. “Каб прыцягнуць насельніцтва да фізічнай культуры і спорту, вядома, неабходны ўмовы. Усяго ў раёнах, што пацярпелі ад аварыі, дзейнічаюць 574 спартыўныя аб’екты”, — расказаў кіраўніку дзяржавы першы намеснік міністра спорту і турызму Вячаслаў Дурноў. У мінулым годзе ў Ветцы ўвялі ў эксплуатацыю блок плавальных басейнаў.

Прэзідэнт адзначыў, што спартыўныя аб’екты ў гарадах, у тым ліку ў Ветцы, павінны выкарыстоўвацца не толькі для заняткаў фізкультурай, але і для адбору і падрыхтоўкі спартсменаў. “Мы ж ствараем, грошы трацім вялікія. Мы хоць па адным зернетку адсюль нешта маем? — спытаў ён. — Няхай вас не супакойваюць Еўрапейскія гульні. Токіа на носе. Гэта для вас усіх будзе самы строгі экзамен”.

Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з добраўпарадкаваннем басейнаў і дапаможных памяшканняў, наведаў трэніроўку выхаванцаў спартыўнай школы.

Блок плавальных басейнаў у Ветцы ўвялі ў эксплуатацыю ў маі 2018 года. Ён знахо­дзіцца на балансе мясцовай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы. Спартыўны аб’ект уяўляе сабой двухпавярховы будынак з дзвюма заламі басейнаў. На базе спартыўнай школы адкрыта 11 вучэбных груп пачатковай падрыхтоўкі з агульнай колькасцю навучэнцаў больш як 120 чалавек.

Каля гарадскога басейна Веткі Аляксандра Лукашэнку чакалі мясцовыя жыхары. Яны хацелі не столькі задаць пытанні або расказаць пра праблемы, колькі прывітаць прэзідэнта, падзякаваць яму за прыезд і ўсё тое, што робіцца ў горадзе для камфортнага жыцця людзей.

“Мы вас любім, цэнім, паважаем, Аляксандр Рыгоравіч! Прыязджайце да нас часцей!” — чуліся галасы ў групе людзей, якія акружылі прэзідэнта.

Кіраўнік дзяржавы цёпла вітаў прысутных і падзякаваў за падтрымку. “Я вам удзячны за тое, што вы мяне заўсёды падтрымлівалі, тут, у Гомелі мяне заўсёды падтрымлівалі нават больш, чым дзе-небудзь”, — сказаў ён.

“Вы яго (Веткаўскі раён. — Заўвага БелТА.) захавалі і выратавалі, гэта абсалютна так, — сказаў прэзідэнт у адказ на рэпліку аб заслузе карэнных жыхароў, якія пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС не пакінулі родныя мясціны. — Не мне трэба дзякаваць, а гэта я вам заўсёды дзякую, што вы некалі паверылі (і засталіся жыць у гэтым раёне. — Заўвага БелТА.)”. І гэта нягледзячы на заклікі бегчы з забруджаных тэрыторый, якія часта гучалі ў канцы 80-х гадоў. “Ветка — гэта адна з найпрыгажэйшых мясцін. Але людзей тады запалохалі, зашугалі, — прадоўжыў прэзідэнт. — А мы і праз доўгі час аб радыяцыі не ўсё ведаем. Калі мы цяпер параўналі захваральнасць у Гомельскай вобласці і ў Еўропе, паўночнай Еўропе, мы ўбачылі, што мы ад іх не адрозніваемся. Дык у чым праблема? А ніхто пакуль не ведае. У тэме вывучэння ўплыву радыяцыі Беларусь цесна супрацоўнічае з Японіяй, якая таксама пацярпела ад аварыі на Фукусіме”.

“А мы прыехалі сюды ў водпуск з Казах­стана”, — гаворыць маладая жанчына ў першым радзе. Як і многія іншыя, яна здымае сустрэчы з беларускім лідарам на тэлефон. “Вось бачыце, да вас ужо з вялікага, чыстага Казахстана ў водпуск прыязджаюць!” — адрэагаваў Аляксандр Лукашэнка.

“Сёння мы бачым, што тут жыць можна і трэба, як бы ні было цяжка, цяпер усюды нялёгка. Там вам лягчэй не будзе, гэта чужое”, — упэўнены прэзідэнт.

На памяць аб прыездзе кіраўніка дзяржавы ў жыхароў Веткі застануцца асабістыя фота- і відэазапісы на тэлефонах (многія здымалі на смартфоны амаль усю размову), а юныя ўдзельнікі сустрэчы атрымалі ў падарунак традыцыйны горкі шакалад без цукру “Прэзідэнт”.

“Чаму не пыталіся пра праблемы, не скардзіліся?” — пацікавіліся журналісты ў мужчыны, які прымаў актыўны ўдзел у размове. “А на што мы можам скардзіцца, калі ўсё добра? Пенсія, зарплата своечасова, у магазінах усё ёсць. Людзі на дачах працуюць, — тлумачыць Аляксандр, пенсіянер, карэнны жыхар Веткі. — Хто хоча працаваць, той працуе, атрымлівае грошы і асалоду ад жыцця”.

“Эмоцыі зашкальваюць. Гэта першы чалавек у рэспубліцы. Настолькі прыемна, колькі ён робіць для народа, для кожнага: маленькага, дарослага, для пажылых лю­дзей, — расказала работніца мясцовага лясгаса Тамара Убажэнка. — У нас Ветка, здавалася б, такі маленькі гарадок, а як цудоўна. Толькі развівайся і жыві”.