Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Хто прыходзіць да нас з мірам і добрымі намерамі, заўсёды знойдуць у Беларусі разуменне і падтрымку”

- 10:35Інфармацыйная гадзіна

Беларусь адкрыта для дружалюбных і дзелавых адносін з усімі дзяржавамі. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на цырымоніі ўручэння даверчых грамат пасламі замежных краін.

“Наша краіна славіцца сваёй гасціннасцю. Мы адкрыты для дружалюбных і дзелавых узаемаадносін з усімі дзяржавамі. Упэўнены, вам будзе камфортна ажыццяўляць свае дыпламатычныя функцыі, таму што асновы нашай знешняй палітыкі — міралюбнасць і шматвектарнасць, узважанасць, паслядоўнасць і прадказальнасць, — сказаў беларускі лідар. — І тыя, хто падзяляе гэтыя падыходы, хто прыходзіць да нас з мірам і добрымі намерамі, заўсёды знойдуць у Беларусі разуменне і падтрымку ў рэалізацыі ўсіх канструктыўных планаў і ідэй”.

Звяртаючыся да дыпламатаў, Аляксандр Лукашэнка выказаў перакананне, што на беларускай зямлі яны будуць адчуваць сябе ўпэўнена і ў бяспецы. “Мы па праве ганарымся тым, што ў нас няма расавай дыскрымінацыі, адсутнічаюць разлад і канфлікты на нацыянальнай, рэлігійнай глебе”, — падкрэсліў ён.

Прэзідэнт асабліва адзначыў, што пачатак місіі ў Беларусі замежных паслоў прыпаў на вясну, якая заўсёды дорыць станоўчыя эмоцыі і надзею на абнаўленне, перамены. “Але ў вясны ў Беларусі ёсць яшчэ адно важнае значэнне. Кожны год у маі мы ўшаноўваем ветэранаў і святкуем чарговую гадавіну Вялікай Перамогі над фашызмам. Прадаўжэннем стане галоўнае свята беларускай дзяржаўнасці — Дзень Незалежнасці. У гэтым годзе ў ліпені спаўняецца 75 гадоў з дня вызвалення Беларусі ад нацызму. На гэтым гістарычным фундаменце мы амаль тры дзесяцігоддзі будуем суверэнную беларускую дзяржаву”, — заявіў прэзідэнт.

“За адносна невялікі час наша краіна дабілася многага. Беларусь заняла дастойнае месца на міжнароднай арэне, набыла надзейных саюзнікаў, партнёраў”, — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Беларусі таксама падкрэсліў: “Сёння надзвычайна запатрабавана канструктыўная роля дыпламатыі і дыпламатаў, якія ўмеюць слухаць, чуць, весці перагаворы і знаходзіць кампрамісы, дапамагаюць пераадолець складанасці і рознагалоссі ў міжнародных адносінах”.

Прэзідэнт адзначыў, што ў сучасным свеце, які раздзіраецца супярэчнасцямі, несціхаючымі ваеннымі канфліктамі, гандлёвымі войнамі і санкцыямі, экстрэмізмам і нецярпімасцю, іншымі беспрэцэдэнтнымі выклікамі і пагрозамі, Беларусь мэтанакіравана і паслядоўна папулярызуе мірны і ўсёабдымны парадак дня.

“Мы шчыра нацэлены на абнаўленне дыялогу па ўмацаванні мер бяспекі і су­працоўніцтва ў Еўра-Атлантыцы і Еўразіі. На стварэнне дзейсных механізмаў парт­нёрства паміж рознымі інтэграцыйнымі аб’яднаннямі, фарміраванне спрыяльнага клімату для гандлёвага, эканамічнага і інвестыцыйнага ўзаемадзеяння”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама выказаў надзею на падтрымку прадстаўляемых пасламі дзяржаў па гэтых і іншых тэмах узаемнага інтарэсу.