Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Хваробы не ведаюць межаў, а значыць, і змагацца з імі мы павінны разам, дапамагаючы адно аднаму ў пошуку эфектыўных, папераджальных дзеянняў”

Захаванне і ўмацаванне здароўя грамадзян з’яўляецца стратэгічнай задачай Беларусі. Аб гэтым заявіў 21 кастрычніка Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на Еўрапейскай міністэрскай канферэнцыі па пытаннях умацавання здароўя на ўсіх этапах жыцця ў кантэксце палітыкі “Здароўе-2020”.

Кіраўнік дзяржавы са шкадаваннем канстатаваў, што эканамічныя страты, звязаныя з захваральнасцю працаздольных грамадзян, інваліднасцю і смяротнасцю, яшчэ вялікія.
“Уздзеянне такіх фактараў рызыкі, як тытунекурэнне, злоўжыванне алкаголем, гіпадынамія, незбалансаванае харчаванне, стрэсы, вядуць да развіцця неінфекцыйных захворванняў, але іх можна прадухіліць”, — лічыць беларускі лідар.
Ён адзначыў, што пры падтрымцы Еўрапейскага рэгіянальнага бюро СААЗ з улікам перадавога міжнароднага вопыту распрацаваны мерапрыемствы па барацьбе з неінфекцыйнымі захворваннямі. “Мы інвесціруем значныя сродкі ў прафілактыку захворванняў, стараемся палепшыць жыллёвыя ўмовы, страхуем работнікаў ад няшчасных выпадкаў”.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што ў Беларусі дасягнуты станоўчыя вынікі ў барацьбе з курэннем. Паводле яго слоў, работа па прафілактыцы неінфекцыйных захворванняў вядзецца шляхам укаранення прынцыпаў здаровага ладу жыцця і ўстаранення фактараў рызыкі. Актыўна праводзіцца барацьба з алкагалізмам і ўжываннем наркатычных сродкаў, пры гэтым асаблівая ўвага ўдзяляецца маладзёжнаму асяроддзю. “Клопат аб падрастаючым пакаленні — залог паспяховай будучыні і ўстойлівага развіцця краіны. Вельмі важна, каб юнакі і дзяўчаты актыўна ўдзельнічалі ў развіцці грамадства, валодалі высокімі маральнымі якасцямі і абавязкова займаліся масавымі відамі спорту”, — лічыць беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што для Беларусі відавочны факт прамой залежнасці здароўя нацыі ад узроўню развіцця фізкультуры. Ён адзначыў, што ў краіне рэалізуюць амбіцыйную задачу: фізкультурай павінны рэгулярна займацца 30—40 працэнтаў насельніцтва, а здаровы лад жыцця павінен стаць візітнай карткай Беларусі. Таму ў краіне вядзецца сістэмная работа па яго папулярызацыі.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што дзяржава не пакідае без увагі і пажылых людзей, ствараючы ўсе ўмовы для іх працяглага, здаровага, актыўнага і творчага жыцця.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць, што еўрапейскія краіны павінны разам змагацца з захворваннямі.
“Хваробы не ведаюць межаў, а значыць, і змагацца з імі мы павінны разам, дапамагаючы адно аднаму ў пошуку эфектыўных, папераджальных дзеянняў. Разам заўсёды больш лёгка, плённа і вынікова”, — сказаў беларускі лідар.
На яго думку, перад еўрапейскімі краінамі стаяць падобныя праблемы, якія патрабуюць асаблівай увагі. Гэта старэнне насельніцтва, зніжэнне нараджальнасці, пагаршэнне навакольнага асяроддзя, тэхнагенныя катастрофы, масавыя хваробы, тэрарызм і лакальныя войны, а таксама некаторыя сацыяльныя павевы. “Паасобку з гэтымі праблемамі справіцца вельмі цяжка”, — падкрэсліў прэзідэнт. Ва ўсім свеце неінфекцыйныя захворванні забіраюць жыцці актыўнага працаздольнага насельніцтва, аказваючы на грамадства такое негатыўнае ўздзеянне, як палітычныя і эканамічныя крызісы.
Прэзідэнт лічыць, што падагульняльны дакумент гэтай канферэнцыі — Мінская дэкларацыя — стане важным інструментам у рэалізацыі еўрапейскай палітыкі “Здароўе-2020”. “Вырашэнне трох яе задач — дзейнічаць раней, дзейнічаць своечасова і дзейнічаць разам — дасць магчымасць дабіцца станоўчага эфекту па павелічэнні працягласці і паляпшэнні якасці жыцця людзей”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Беларуская ахова здароўя ідзе па шляху мадэрнізацыі і тэхналагічных інавацый. Асноўным прынцыпам з’яўляецца гарантаванне якасці, эфектыўнасці і бяспекі медыцынскіх паслуг.
Прыярытэтам дзяржаўнай палітыкі Беларусі з’яўляецца ахова здароўя маці і дзіцяці. Прэзідэнт расказаў, што ў краіне ў гэтым напрамку прымаюцца дзейсныя меры, што дало магчымасць значна палепшыць медыка-дэмаграфічныя паказчыкі.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу і на актыўнае развіццё высокіх тэхналогій у сферы аховы здароўя. Ён адзначыў, што наяўнасць сеткі медыцынскіх цэнтраў, якія выкарыстоўваюць найноўшыя метады прафілактыкі, дыягностыкі, лячэння і рэабілітацыі, дае магчымасць праводзіць складаныя ўмяшанні на ўзроўні перадавой медыцынскай практыкі — ад кардыяхірургіі да трансплантацыі органаў і тканак.
Акрамя таго, у краіне мадэрнізуюцца фармацэўтычныя вытворчасці, асвойваецца выпуск новых лекавых сродкаў.
Сур’ёзная ўвага ўдзяляецца таксама паляпшэнню падрыхтоўкі медыцынскіх кадраў. Аляксандр Лукашэнка з задавальненнем заўважыў, што беларуская адукацыя, і не толькі медыцынская, карыстаецца попытам у замежных грамадзян.
Прэзідэнт падкрэсліў, што поспехаў у ахове здароўя Беларусь не змагла б дасягнуць без дапамогі вядучых краін — Расіі, ЗША, Германіі, Аўстрыі, іншых заходніх дзяржаў, спецыялісты з якіх прыязджалі і вучылі перадавому вопыту, дапамагалі асвоіць найноўшае абсталяванне. Аляксандр Лукашэнка падзякаваў за гэтую дапамогу.
Звяртаючыся да ўдзельнікаў канферэнцыі, кіраўнік дзяржавы выказаў надзею, што іх веды, вопыт і прафесіяналізм будуць запатрабаваны толькі ва ўмовах міру і стварэння. “Няхай гэтае мерапрыемства стане гарантам адкрытасці нашых краін, гатоўнасці дзяліцца вопытам, агульнай прыхільнасці да захавання і паляпшэння здароўя цяперашняга і будучых пакаленняў”, — сказаў беларускі лідар.