Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Каб не засталося плям на нашай цудоўнай прыгожай Беларусі”

- 10:51Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць, што правядзенне суботніка і, у прыватнасці, работы па азеляненні, высадцы дрэў паслужаць дадатковым сігналам, што трылогія пад знакам Года малой радзімы ў Беларусі прадаўжае рэалізоўвацца. Аб гэтым ён заявіў 20 красавіка, удзельнічаючы ў рэспубліканскім суботніку на тэрыторыі гісторыка-культурнага комплексу “Лінія Сталіна”.

“Некаторым гэта дадатковы сігнал аб тым, што трылогія “Малой радзімы” жыве. І што нам трэба будзе і ў гэтым годзе, і яшчэ ў наступным папраца­ваць так, каб не засталося плям на нашай цудоўнай прыгожай Беларусі”, — сказаў прэзідэнт.

Разам з гэтым кіраўнік дзяржавы выказаў меркаванне, што больш за ўсё Беларусь прыгожая прадстаўніцамі жаночага полу, якія жывуць у ёй.

Журналісты пацікавіліся ў Аляк­сандра Лукашэнкі, які куток Беларусі яму бліжэй за ўсё, што ён параіў бы наве­даць турыстам. Прэзідэнт адзначыў, што, вядома, яму блізкая яго малая радзіма, але ён любіць Беларусь у цэлым. “Мая радзіма — гэта не толькі ўсход Беларусі, дзе я вырас, скончыў школу”, — падкрэсліў беларускі лідар.

У сувязі з гэтым ён нагадаў, што праходзіў ваенную службу ў раёне Брэста, і гэта таксама частка яго жыцця. Тое ж тычыцца Гродна, адкуль кіраўнік дзяржавы фактычна пачынаў сваю першую перадвыбарную кампанію. Зразумела, яму блізкія і Магілёў, Горкі, дзе будучы прэзідэнт атрымліваў вышэйшую адукацыю…

Асаблівыя ўспаміны кіраўніка дзяржавы звязваюць з поўднем Беларусі — Палескім рэгіёнам у цэлым, Гомельскай вобласцю. Ён нагадаў, што пасля развалу Савецкага Саюза там разгарнуўся рух па ўтварэнні Палескай рэспублікі. Кіраўнік дзяржавы тады прыехаў у гэты рэгіён і сустракаўся з мясцовымі жыхарамі, цікавіўся іх праблемамі, стараўся вырашыць вострыя сацыяльныя пытанні. Успомніў прэзідэнт і аб сваім удзеле ў касьбе на Палессі, што ў тым ліку павысіла ўзровень даверу да яго сярод мясцовых жыхароў. “Мужыкі стаяць (і кажуць. — Заўв. БелТА.): “Гэна наш”, гэта зна­чыць яны мяне прынялі там. Пасля гэтага я не чуў ніякіх размоў аб Палескай народнай рэспубліцы”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён дадаў, што і цяпер рэгулярна бывае на Прыпяці ў розны час года. Акрамя таго, з паўднёвым усходам краіны прэзідэнта звязвае работа па пераадоленні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. “І да гэтага часу гамяльчане на прэзідэнцкіх выбарах галасуюць лепш, чым у мяне на радзіме, — заўважыў беларускі лідар. — Аддаюць тым самым мне належную за тое ўвагу, якую я ўдзяляў пераадоленню чарнобыльскай катастрофы”.

Аляксандр Лукашэнка ўпамянуў і пра поўнач Беларусі — Віцебскую вобласць. “Старажытны Полацк — наша святыня, а Віцебск — сучасная святыня, дзе пастаянна праходзіць “Славянскі базар”. Браслаўскія азёры — там дзяржаўны дом, куды я вызджаю часта, калі працую на поўначы. Цудоўны край. Мы на працягу некалькіх гадоў Віцебскі край прывядзём у парадак. Людзі будуць імкнуцца там адпачыць, пабываць там”, — сказаў прэзідэнт.

Што тычыцца Мінска, то і ў мінулыя гады з гэтым горадам кіраўніка дзяржавы звязвалі пэўныя ўспаміны. І цяпер ён фактычна жыве ў сталіцы як гарадскі жыхар, ён прызнаўся, што па сваёй сутнасці як быў вясковым, так і застанецца. “Не бачу ў гэтым нічога дрэннага. Кропкава я прайшоў па ўсёй краіне і там усюды дзесьці засталася частачка мяне, таму самі рабіце высновы, куды мне хочацца больш за ўсё прыехаць. ­Я куды ні прыеду, мне ўсюды добра”, — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

Кіраўнік дзяржавы асобна спыніўся на ролі ў выхаванні падрастаючага пакалення і захаванні памяці аб падзеях мінулага гісторыка-культурнага комплексу “Лінія Сталіна”.

Аляксандр Лукашэнка, у прыватнасці, адзначыў, што падзеі ваенных гадоў, якія развіваліся ў раёне “Лініі Сталіна”, вучаць заўсёды быць гатовымі да адбіцця агрэсіі.

“Гэта ўрок, гэта тая невядомая гісторыя нашай краіны, якую мы павінны ведаць. І гэты ўрок падштурхоўвае нас да таго, каб порах трымаць сухім і каб мы заўсёды былі гатовы з любога боку адбіць агрэсію супраць нас”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што, калі ствараўся гісторыка-культурны комплекс, было шмат праціўнікаў гэтага, якія абвінавачвалі ўладу ва ўвекавечанні памяці аб Сталіне.

“Ды я не імя Сталіна адраджаў, хоць і ён гэтага заслугоўвае. Я адраджаў гэты аб’ект, які сведчыць аб той частцы гісторыі, якая была ў нас, і якую, на жаль, на той час няправільна разумелі”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Нават, паводле яго слоў, былі спробы з боку некаторых чыноўнікаў спыніць будаўніцтва комплексу: “Хапала лю­дзей, якія працавалі ў дзяржаўных органах і спрабавалі некага нахіліць, процістаяць, каб гэта не было створана”.

Комплекс “Лінія Сталіна” ствараўся на аснове фартыфікацыйных збудаванняў Мінскага ўмацраёна, якія ў гады вайны былі размешчаны на працягу 2 тысяч км. Праўда, уздоўж гэтай лініі заставаліся і неабароненыя раёны.

“Калі б ён спрацаваў тут, як уяўлялася, немцам было б вельмі цяжка.
Я лічу, што фашысты яго наўрад ці пераадолелі б, — адзначыў прэзідэнт. — З-за галавацяпства — і гэта наш урок — мы страцілі Беларусь на працягу месяца-паўтара. Нічога не засталося ад Беларусі. Дзе змагаліся па-сапраўднаму — на 20—25 дзён затрымлівалі фашыстаў”.

Цяпер, звярнуў увагу Аляксандр ­Лукашэнка, у Беларусі рэгулярна ўдасканальваюць армію — у залежнасці ад развіцця міжнароднага становішча, з’яўлення новых спосабаў весці канфлікты і баявыя дзеянні. Акцэнт зроблены на мабільных войсках, паколькі танкавымі калонамі і фронт на фронт ужо ваяваць не будуць, заўважыў кіраўнік дзяржавы.

“Будуць тэрарыстычныя групы, будуць закідваць у тыл, таму з’явілася тэрытарыяльная абарона, каб людзі самі абаранілі сябе і свае сем’і ў глыбіні. А ў нас мабільныя сілы: нехта прарваўся — праскочылі туды, разбамбілі, верталёты дапамаглі, знішчылі і пайшлі”, — дадаў прэзідэнт.

Вяртаючыя да значэння комплексу “Лінія Сталіна”, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гэты гісторыка-культурны аб’ект запатрабаваны не толькі на постсавецкай прасторы. Сюды прыязджаюць турысты і з Заходняй Еўропы, каб паглядзець на тэхніку ваенных гадоў і сучаснае ўзбраенне.

“Мы будзем і далей расшыраць гэтую пляцоўку для таго, каб выхоў­ваць патрыётаў, здольных абараніць не толькі сябе, сваю сям’ю і дзяцей, але і нашу краіну”, — падагульніў Аляксандр Лукашэнка.