Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Каб павялічыць вытворчасць, нам патрэбны рынкі”

- 10:42Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка з рабочай паездкай наведаў Смалявіцкі раён Мінскай вобласці.

Кіраўніку дзяржавы далажылі аб ходзе веснавых палявых работ, умовах надвор’я. “Калі глеба падсушана, працаваць можна практычна ўсюды, трэба больш актыўна, трэба паскорыць. Не трэба чакаць”, — адзначыў ён.

Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Іван Крупко расказаў, што ў адпаведнасці са структурай пасяўных пло­шчаў яравую сяўбу плануецца правесці на плошчы 2,6 млн га, у тым ліку ў Мінскай вобласці — на больш як 533 тысячах га, з іх у Смалявіцкім раёне — на 23,5 тысячы га. Паводле яго слоў, пад яравую сяўбу бягучага года сельскагаспадарчыя арганізацыі краіны забяспечаны насеннем яравых збожжавых і зернебабовых культур у аб’ёме 324,5 тысячы т, або 128 працэнтаў да патрэбнасці.

Для веснавых палявых работ у сельгасарганізацыях краіны ёсць 38,8 тысячы трактароў, у тым ліку 6,5 тысячы энерганасычаных трактароў, 1,8 тысячы збожжавых сеялак, 2,8 тысячы камбінаваных глебаапрацоўчых агрэгатаў.

Іван Крупко адзначыў, што цяпер усе вобласці пачалі сяўбу ранніх яравых збожжавых культур, тэмпы работ добрыя. Міністр расказаў аб забяспечанасці мінеральнымі ўгнаеннямі, тэхнікай, палівам.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што веснавыя палявыя работы трэба правесці хутка. “Прынята рашэнне спрацаваць аператыўна”, — заўважыў прэзідэнт.

Старшыня Мінаблвыканкама Аляксандр Турчын праінфармаваў аб развіцці сельскагаспадарчай вытворчасці ў Мінскай вобласці. Рэгіён па тэмпах росту вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі займае 3-е месца сярод абласцей — 107,4 працэнта ў гаспадарках усіх катэгорый і 107,7 працэнта ў сельгасарганізацыях у студзені — лютым 2020 года. Тэмпы вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі склаліся вышэй за ўзровень аналагічнага перыяду папярэдняга года ў асноўным ва ўсіх раёнах вобласці. Павялічылася вытворчасць мясной і малочнай прадукцыі. Па сярэднім удоі малака сталічны рэгіён трэці ў краіне і ўступае Брэсцкай і Гродзенскай абласцям.

Аляксандр Турчын закрануў тэму далейшага ўзроўню загрузкі перапрацоўчых магутнасцей: “Куды рухацца далей — пашыраць вытворчасць або павышаць эфектыўнасць?”.

“Трэба вызначыцца па рынках, — сказаў прэзідэнт. — Дрэнна, калі аб’ёмы будзем стрымліваць. Каб павялічыць вытворчасць, нам патрэбны рынкі”.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што пытанне забяспечанасці прадуктамі харчавання вельмі актуальнае. У сувязі з гэтым неабходна арыентавацца на пашырэнне выпуску прадукцыі. У ліку вялікіх перспектыўных рынкаў кіраўнік дзяржавы назваў Кітай.

Тэма далейшага асваення кітайскага рынку прагучала і ў размове са старшынёй савета дырэктараў “Сервалюкса” Яўгенам Баскіным. Ён расказаў, што кампанія, якую ўзначальвае, кіруецца тэзісам “ад поля да прылаўка”. Гэта значыць прадукцыя не толькі вырошчваецца, але і перапрацоўваецца, прычым 65 працэнтаў яе ідзе на экспарт, у тым ліку ў Кітай.

У час паездкі Прэзідэнт Беларусі даручыў падрыхтаваць прапановы аб падтрымцы бізнесу на фоне каранавіруса. “Не хачу сказаць, што выратаванне тапельцаў — справа рук саміх тапельцаў. Але надышоў час скарбоначку развязаць, укласці ў бізнес тыя запасы, якія ёсць. Падтрымаем тых, хто хоча, каб яго падтрымалі, і другое — таго, хто ўложыцца сам. А калі ён склаў рукі, у яго недзе ў афшорах грошы, і думае, што мы яму забяспечым светлую будучыню, няхай нават не разлічвае. Трэба варушыцца ўсім. Але гэта твой бізнес, ты яго ратуй, а мы падставім плячо, калі ў нас будзе такая магчы­масць”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што даручыў ураду, КДК, Адміністрацыі прэзідэнта падрыхтаваць прапановы аб падтрымцы розных сектараў бізнесу, калі такая падтрымка будзе неабходна.

“Нехта хайпуе, нехта яшчэ нешта робіць у інтэрнэце. Наша справа — працаваць. Пройдзе крыху часу, і людзі ацэняць і зразумеюць, хто чаго варты, — заявіў прэзідэнт. — Мы ніякі бізнес не закрывалі”.

Ён у гэтым плане з дадатнага боку адзначыў кампанію “Сервалюкс”, арганізацыі якой наведаў у Смалявіцкім раёне. “Я прыехаў на гэтае прадпрыемства, кіраўнік Яўген Баскін не папрасіў ні аб якой падтрымцы. Таму што ён працуе, і на яго добрую прадукцыю ёсць попыт. Калі ласка, працуйце і зарабляйце”, — сказаў кіраўнік дзяр­жавы.

“Яшчэ раз падкрэсліваю: мы падтрымаем толькі тых, хто перш за ўсё сам сябе будзе старацца падтрымаць і захаваць свой бізнес. Калі ён са сваіх запасаў будзе інвесціраваць у свой бізнес, будзе ў гэтай сітуацыі старацца знайсці новыя шляхі для работы, будзе дыверсіфікавацца. Вось формула: думай перш за ўсё ты за свой бізнес, а потым прыходзь да дзяржавы. А падтрымку ўсім, каму трэба, па меры магчымасці, сумленна і справядліва мы акажам”, — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы таксама асобна адзначыў, што крытэрыі ацэнкі работы раённых кіраўнікоў павінны быць арыен­таваны не на колькасныя паказчыкі, а на эфектыўнасць вытворчасці.

“Нейкія пачалі крытэрыі мне прапаноўваць для ацэнкі кіраўнікоў у раёнах. Прыбаўленні ў вазе, удоі і інш. Я гавару: гэта ўжо ў савецкія часы праходзілі. Якія прыбаўленні ў вазе? Грошы!” — падкрэсліў беларускі лідар.

“Ёсць грошы ў бюджэце, павялічыўся бюджэт за год у старшыні райвыканкама, дай яму нейкі працэнт, няхай ён на ўсіх падзеліць. Якое прыбаўленне ў вазе, каму патрэбны гэтыя прыбаўленні? Можаш без прыбаўлення, абы грошы былі”, — растлумачыў кіраўнік дзяржавы.

У размове з журналістамі ў час рабочай паездкі ў Смалявіцкі раён Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка спыніўся і на некаторых пытаннях бараць­бы з каранавірусам.

“У нас сіл і сродкаў хапае. І ложкі ёсць у запасе, і каля трох тысяч апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх і наркозна-дыхальных — іх таксама можна ў крайнім выпадку выкарыстоўваць. Дай бог, прайсці гэты перыяд”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У той жа час прэзідэнт заўважыў, што ў баку ад гэтых падзей аказаліся ваенныя медыкі, а сярод іх таксама ёсць інфекцыяністы і вірусолагі. “У нас жа па рэспубліцы пяць-шэсць такіх бальніц. Трэба іх падключыць. Няхай яны паглядзяць, як працуюць грама­дзянскія медыкі. Калі трэба, і пракантралююць, і дапамогуць. І самае галоўнае — яны таксама будуць у гэтай тэме, навучацца”, — сказаў кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, ён ужо даў адпаведныя даручэнні кіраўніку Адміністрацыі прэзідэнта і дзяржсакратару Савета бяспекі.

Але цяпер беларускія ўрачы спраўляюцца з сітуацыяй, таму прыця­гваць студэнтаў-медыкаў да барацьбы з каранавірусам не плануецца, сказаў прэзідэнт. Толькі дадатковыя рэсурсы — валанцёры, прафсаюзы — кінуты на дапамогу пажылым людзям.

Прэзідэнт падкрэсліў таксама, што ў Беларусі масавыя мерапрыемствы не забараняюць, але і нікога туды не заганяюць.

“Нікога не заганяюць. Проста прапануем: калі хочаце, калі ласка, прыходзьце. Не, значыць, не”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён прывёў у прыклад аматарскі хакейны чэмпіянат, які цяпер праходзіць у Беларусі. У ім прымае ўдзел і каманда прэзідэнта. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, адну з апошніх гульняў захацелі наведаць курсанты ваенізаваных ВНУ. Забараняць ім не сталі: яны жывуць у казармах адзін ля аднаго, калі пасядзяць групай на трыбунах, наўрад ці гэта на нешта паўплывае. Але пасля гульні Аляксандр Лукашэнка даручыў прасачыць за станам маладых людзей. “Ні адной праблемы. Чаго мы будзем забараняць? Гэта наогул не наш падыход і не наша канцэпцыя”, — падкрэсліў ён.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што ўвядзенне жорсткага каранціну і каменданцкай гадзіны ў Беларусі не палепшыць сітуацыю ў краіне. “Вось нас заўтра пасадзілі ў кватэры і закрылі. Сям’я па пяць-сем чалавек, і нехта ад зін з іх хворы — мы яго закрылі ў кватэру з усімі. І што адбылося? Каранаві­рус распаўсюджваецца на працягу некалькіх гадзін сярод усіх. І калі ты быў адзін, хадзіў на паветры, дыхаў, на нагах пераносіў каранавірус, ты заўтра ў гэтай затхлай кватэры перадасі гэты вірус усёй сям’і”, — менавіта да такіх наступстваў прывядзе каранцін, перакананы кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэн­ка заклікаў беларусаў не панікаваць з-за каранавіруса. На думку прэзідэнта, галоўная небяспека інфекцыі — гэта паніка. “Каранавірусны псіхоз” прынясе шмат небяспечных наступстваў. “Ад псіхозу людзі пачынаюць вар’яцець. Кожны дзень на іх гэта ўсё абвальваецца, і яны перажываюць, каб самім нешта не падхапіць, за дзетак. Людзі пачалі страчваць розум. Я ўпэўнены, што ў свеце дабавілася суіцыдаў. Гэта будуць наступствы такога псіхозу. Я ўжо не гавару пра эканоміку”, — адзначыў ён.

У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэн­ка заклікаў людзей не паніка­ваць і падкрэсліў, што ў краіне прымаюцца ўсе неабходныя меры. “Што трэба рабіць, мы ведаем, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Тое, што мы робім цяпер, тое і будзем рабіць. Самае галоўнае (дарэчы, прадстаўнікі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя не адмаўляюць) — трэба не фронтам змагацца супраць усяго (забараніць усё і іншае), а ачагова. Як я некалі гаварыў, кропкава: выявілі чалавека — праверылі, каранавірус — лечым”.