Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Калі Гасподзь будзе з намі, то будзе ўсё ў парадку”

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў свята Вялікадня запаліў свечку ў храме Раства Хрыстова  ў аграгарадку Астрошыцы Лагойскага раёна.

Ля ўвахода ў царкву кіраўніка дзяржавы сустрэў яе настаяцель протаіерэй Аляксандр Зімніцкі. Прэзідэнт азнаёміўся з убраннем храма, запаліў свечку і павіншаваў вернікаў са святам Вялікадня.

На Вялікдзень у адрозненне ад калядных свят Аляксандр Лукашэнка па традыцыі наведвае невялікія цэрквы і, як правіла, за межамі сталіцы. “У гэта светлае, радаснае свята — Уваскрэсенне Хрыстова — я бываю ў маленькіх вёсачках. Ужо шмат храмаў у мяне за плячамі, стараюся дапамагчы, дзесьці падрамантаваць. Вельмі люблю гэтыя храмы, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — І не люблю пампезнасці”.

На думку прэзідэнта, пампезнасць гарманічна толькі ў месцах, якія нешта сімвалізу­юць. “Вось Палац Незалежнасці знешне здаецца шэрым, а ўнутры пампезны, таму што гэта незалежнасць нашай дзяржавы. Ён і быў створаны ў гонар незалежнасці”, — прывёў прыклад Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў прыгожае і ўтульнае ўбранне храма ў Астрошыцах, пажадаў прыхаджанам здароўя, радасці, добрага настрою і ўсяго найлепшага ўсім беларусам. “І не толькі беларусам: вы ведаеце, як цяпер пільна за намі назіраюць. І няхай назіраюць. Але калі Гасподзь будзе з намі, то будзе ўсё ў парадку”, — рэзюмаваў прэзідэнт.

У дар храму Аляксандр Лукашэнка перадаў абраз “Уваскрэсенне Гасподняе”, напісаны ў майстэрні Віктара Доўнара па старажытнай візантыйскай тэхналогіі, а прыхаджан пачаставаў шакаладам “Прэзідэнт”, які вырабляецца па спецыяльнай рэцэптуры.

Кіраўніку дзяржавы настаяцель царквы падарыў іверскі абраз Прасвятой Багародзіцы, на якім паказана Дзева Марыя з дзіцем. Арыгінал абраза знаходзіцца ў іверскім манастыры на гары Афон у Грэцыі.