Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Калі гэта выратуе жыццё хоць аднаго дзіцяці, я гатоў заязджаць хоць кожны дзень”

- 10:58Інфармацыйная гадзіна

Беларусь з адкрыццём Рэспубліканскага цэнтра пазітронна-эмісійнай тамаграфіі ўступае ў век індывідуальнай медыцыны. Аб гэтым ішла размова 7 кастрычніка на адкрыцці ПЭТ-цэнтра ў Рэспубліканскім цэнтры анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава з удзелам Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што рост анкалагічных захворванняў адзначаецца ва ўсіх еўрапейскіх краінах, у тым ліку і ў Беларусі. У сувязі з гэтым прэзідэнт пацікавіўся, наколькі цэнтр, які адкрыўся, дасць магчымасць вырашаць праблему на належным узроўні, ці дастаткова гэтага ПЭТ-цэнтра краіне. “На найбліжэйшыя 10 гадоў ПЭТ-цэнтр закрые праблему”, — сказаў дырэктар РНПЦ анкалогіі Алег Суконка, удакладніўшы, што размова ідзе не толькі пра Беларусь, але і пра прыгранічныя вобласці суседніх краін.
Абсталяванне цэнтра дае магчымасць праводзіць раннюю дыягностыку анкалагічных, неўралагічных і кардыялагічных захворванняў, назначаць дакладную схему лячэння, выбіраючы для кожнага пацыента лякарства, якое найлепш яму падыходзіць. Такім чынам, Беларусь у ліку першых уступае ў век індывідуальнай, персаніфікаванай медыцыны.
У час наведвання РНПЦ Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з аснашчэннем ПЭТ-цэнтра, пабываў у яго лабараторыях, а таксама ў Рэспубліканскай малекулярна-генетычнай лабараторыі канцэрагенезу, якая была ўведзена ў эксплуатацыю ў жніўні 2015 года. У яе структуру ўключана шэсць дыягнастычных аддзяленняў для выканання даследаванняў у галіне малекулярнай анкалогіі. У лабараторыі таксама вырабляюцца проціпухлінныя вакцыны, распрацоўваюцца новыя метады лячэння анкапацыентаў на аснове прымянення клетачных прадуктаў.
Акрамя таго, прэзідэнту было даложана аб стане РНПЦ анкалогіі, яго перспектывах, развіцці дыягностыкі, прафілактыкі і тэрапіі анкалагічных захворванняў, дасягненнях анкаслужбы і сістэмы аховы здароўя ў цэлым, вытворчасці айчынных проціпухлінных прэпаратаў.

Прэзідэнт даручыў прапрацаваць магчымасць стварэння ў Беларусі цэнтра па клетачных тэхналогіях. Аб неабходнасці стварэння такога цэнтра ішла размова ў час рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі “Новыя тэхналогіі ў медыцыне” ў РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава, з удзельнікамі якой сустрэўся Аляксандр Лукашэнка.
Як падкрэсліў прэзідэнт, выбар правільнага шляху далейшага развіцця медыцыны вельмі важны. На яго думку, трэба максімальна канцэнтраваць веды і вопыт, каб рухацца наперад. Што тычыцца перспектыў стварэння цэнтра па клетачных тэхналогіях, то, як лічыць Аляксандр Лукашэнка, неабходна вывучыць замежную практыку і з яе ўлікам вызначыць патрэбны напрамак.
Дырэктар РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі Вольга Алейнікава, якая выступіла ў час канферэнцыі, выказала меркаванне, што за клетачнымі тэхналогіямі і біятэхналогіямі будучыня. Яна таксама адзначыла, што за апошнія гады ў Беларусі вельмі шмат зроблена для развіцця аховы здароўя. Укладзеныя ў галіну вялікія сродкі ў выглядзе стварэння і мадэрнізацыі навукова-практычных цэнтраў, бальніц і клінік эфектыўна акупляюцца. Дзякуючы сучаснай медыцыне вылечваюцца многія захворванні і ратуюцца тысячы чалавечых жыццяў. На прыкладзе створаных цэнтра і лабараторыі ў РНПЦ анкалогіі відавочна, што адкрываюцца зусім новыя перспектывы ў дыягностыцы і лячэнні анказахворванняў.
У Беларусі ўдзяляецца вялікая ўвага дыягностыцы, прафілактыцы і тэрапіі анказахворванняў. Па дзяржаўнай комплекснай праграме прафілактыкі, дыягностыкі і лячэння анказахворванняў на 2011—2014 гады праведзены матэрыяльна-тэхнічнае перааснашчэнне і рэканструкцыя анкалагічных арганізацый у ахове здароўя краіны. Распрацавана і ўкаранёна больш за 80 новых метадаў дыягностыкі і лячэння анказахворванняў, якія адпавядаюць лепшым сусветным аналагам. РНПЦ анкалогіі вядзе сваю гісторыю з верасня 1960 года і з’яўляецца галаўным спецыялізаваным навуковым, лячэбна-прафілактычным і каардынуючым цэнтрам па аказанні анкалагічнай дапамогі жыхарам Беларусі, а таксама выконвае функцыю Мінскага абласнога анкалагічнага дыспансера.

Вырашэнне дэмаграфічнай праблемы застаецца прыярытэтным для Беларусі напрамкам, адзначыў на сустрэчы з удзельнікамі канферэнцыі Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
У беларускай медыцыне своечасова вызначылі асноўныя напрамкі работы і пачалі рабіць сур’ёзныя дзеянні для зніжэння анказахваральнасці, смяротнасці ад сардэчна-сасудзістых захворванняў. Як адзначыў прэзідэнт, галоўная задача — вырашыць дэмаграфічную праблему, каб узровень смяротнасці быў значна перакрыты за кошт нараджальнасці. Дынаміка ў гэтым напрамку вельмі добрая.
“Ахове здароўя мы ўдзяляем асаблівую ўвагу, так і будзе ў далейшым, таму што гэта жыцці людзей”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. У прыярытэце застаецца таксама адукацыя.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў высокую важнасць такіх канферэнцый, калі спецыялісты адкрыта выказваюцца аб існуючых праблемах. Аляксандр Лукашэнка дадаў, што, сустракаючыся з яе ўдзельнікамі, ставіў сабе на мэце пачуць іх ацэнкі стану сістэмы аховы здароўя, яе перспектыў. Прэзідэнт прапанаваў вызначыць, як перадаць вядучыя медыцынскія тэхналогіі рэгіёнам. Неабходная матэрыяльная база для гэтага ствараецца.
Кіраўнік дзяржавы патрабаваў эфектыўнай аддачы ад укладзеных у галіну грошай. Ён нагадаў, што на дзяржаўным узроўні былі прыняты сур’ёзныя меры для паляпшэння якасці работы медыцынскіх устаноў — ад сельскіх ФАПаў, участковых, раённых бальніц да рэспубліканскіх навукова-практычных цэнтраў. Створаны самыя сучасныя аперацыйныя і рэанімацыйныя аддзяленні ў бальніцах, усе неабходныя ўмовы для дзейнасці рэспубліканскіх НПЦ.
Аляксандр Лукашэнка таксама сказаў, што плануецца сур’ёзна праінспектаваць работу медыцынскіх устаноў, каб у цэлым праверыць узровень медыцынскай дапамогі, якая аказваецца. Гэта тычыцца як рэспубліканскіх цэнтраў, так і многіх раённых, участковых бальніц, ФАПаў.
У верасні прэзідэнт Беларусі з трыбуны Генасамблеі ААН гаварыў аб дасягненнях беларускіх медыкаў, у тым ліку адносна скарачэння дзіцячай і мацярынскай смяротнасці. Па многіх паказчыках беларуская ахова здароўя знаходзіцца на перадавых пазіцыях. Можна сказаць, што ахова здароўя мае і палітычны складнік, паколькі замежныя бізнесмены, бачачы дасягненні Беларусі, пачынаюць ісці сюды са сваімі інвестыцыямі і бізнесам.

У Беларусі трэба прадоўжыць укараненне прынцыпова новых падыходаў да дыягностыкі і лячэння захворванняў, адзначыў таксама Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
“Задача адна — не спыняцца на дасягнутым”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Ён высока ацаніў укаранёныя ў РНПЦ анкалогіі сучасныя тэхналогіі і адзначыў важнасць адкрыцця Рэспубліканскага цэнтра пазітронна-эмісійнай тамаграфіі і малекулярна-генетычнай лабараторыі канцэрагенезу. Такіх цэнтраў няма ў многіх суседніх краін.
Аляксандр Лукашэнка лічыць важным, што ў Беларусі своечасова звярнулі ўвагу на неабходнасць стварэння РНПЦ анкалогіі і пабудавалі яго, а цяпер пастаянна мадэрнізуюць і абнаўляюць. “Калі б мы не зрабілі гэта да сённяшняга дня, то ў найбліжэйшыя гады, у гэты крызісны час, ужо не змаглі б зрабіць такі цэнтр, — заўважыў прэзідэнт. — Таму трэба рабіць усё своечасова і хутка”.
Але, на яго думку, пабудаваць і аснасціць цэнтр — гэта паўсправы, галоўнае — гэта людзі. “Для мяне важна было паглядзець на тых, хто тут працуе. Не важна, хто гэта — спецыялісты саліднага ўзросту або моладзь, галоўнае, каб мазгі мелі і маглі працаваць. Я тут убачыў моладзь, у якой блішчаць вочы і якая ўжо ўмее працаваць. Гэта наша будучыня, і гэта значыць, што грошы ўкладзены не дарэмна”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
У час сустрэчы з удзельнікамі канферэнцыі гаварылі аб праблемах, а таксама аб перспектывах развіцця медыцыны, у прыватнасці, дыягностыкі і лячэння анказахворванняў. Кіраўнікі медыцынскіх цэнтраў узнялі пытанне аптымізацыі штатнага раскладу, і ў выніку было прынята рашэнне, што кіраўнікам медыцынскіх цэнтраў дадуць магчымасць самім перафарміроўваць штатны расклад з улікам асаблівасцей кожнай асобна ўзятай установы.
Медыкі запрасілі Аляксандра Лукашэнку часцей наведваць анкацэнтры. Кіраўнік дзяржавы адказаў: “Калі гэта выратуе жыццё хоць аднаго дзіцяці, я гатоў заязджаць хоць кожны дзень”.