Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Калі мы будзем разам, усё будзе добра”

- 10:40Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў цяперашняй эпідэміялагічнай сітуацыі не трэба закрываць людзям дарогу да храма. Такое меркаванне кіраўнік дзяржавы выказаў у час наведвання на Вялікдзень Свята-Благавешчанскага Лядзенскага храма ў Смалявіцкім раёне.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што, размаўляючы з прыхаджанамі ў цэрквах, ніколі і нічога не ўтойвае. Паводле яго слоў, у палітыцы гэта ў прынцыпе рабіць складана. “Павінен вам сказаць, што я не вітаю тых, хто закрыў людзям дарогу да храма. Я не вітаю такой палітыкі. Больш за тое, вы ведаеце маю пазіцыю: мы гэтыя вірусы перажываем кожны год”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт заўважыў, што мільёны лю­дзей моляцца Госпаду, многія з іх надзелены ўладай. “Я ведаю многіх такіх. Але, як толькі настаў гэты псіхоз (нават не хвароба), усе рванулі не ў храм, а ад храма. Нядобра. Але гэта мая пазіцыя, я яе нікому не навязваю. Гэта вам вырашаць, як будзеце жыць вы, як будуць жыць вашы дзеці. Я толькі зыходжу з таго, што заўсёды трэба дзейнічаць у адпаведнасці з сітуацыяй: калі трэба на­дзець маску — надзеньце, калі трэба іншым чынам паберагчыся — беражыце сябе. Але дзейнічайце згодна з тым, як складваецца сітуацыя”, — заклікаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што людзі прыходзяць у храм, каб папрасіць дапамогі ў Бога. Толькі не ўсе паводзяць сябе, як завешчана: не берагуць прыроду, адышлі ад прынцыпаў маралі, гатовы на ўсё дзеля грошай. “Гэта ненармальна. Так і думаю, што, напэўна, Ён нам па заслугах стукнуў па галаве. Каму больш, каму менш — вы мяркуйце самі, паглядзіце на свет, як развіваецца гэты псіхоз і хвароба. Больш за тое, пажывём — убачым, хто і як скарыстае гэтую сітуацыю ў сваіх мэтах. Я ўжо раней быў вымушаны канстатаваць, каб звярнуць увагу органаў улады і нашага народа, што каранавірус сёння ўжо стаў палітыкай. Людзі не думаюць аб хваробе — як дапамагчы адно аднаму, у лепшым выпадку — як закрыцца, адгарадзіцца. Гаворым, што разам лягчэй пераадолець, а дзейнічаем наадварот. Таму вы бачыце, што адбываецца і як выкарыстоўваюць асобныя дзяржавы ў сваіх інтарэсах гэтыя праблемы. Але ці тое яшчэ будзе”, — сказаў прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз агучыў сваю пазіцыю: каранавірус пройдзе, таму цяпер трэба падумаць, як пераадольваць яго наступствы. “Аднаму цяжка ў свеце, асабліва ісці супраць цячэння. Але я ўсё ж такі прыняў рашэнне, што мы не павінны закрывацца, мы павінны працаваць. А як можна закрыцца і не працаваць, калі ў вёсцы сяляне сеюць? І калі не пасеюць, есці не будзе чаго. І тыя, хто сёння закрыліся, магутныя, дэмакратычныя, пачалі працаваць, адкрываць свае заводы, фаб­рыкі, дзіцячыя дамы, школы. А ў гэты час у іх яшчэ гінуць да шасцісот чалавек у суткі. Навошта было спыняць жыццё?” — задаў пытанне Аляксандр Лукашэнка.

У Беларусі вырашылі не мяняць рэзка лад жыцця: калі ў вёсцы пачалі пасяўную — няхай сеюць, калі рабочыя ідуць на фабрыку — няхай працуюць. “Гэта значыць, стыль жыцця не трэба мяняць у гэтых умовах, — перакананы прэзідэнт. — Таму я не забараняў працаваць на зямлі, на заводах, фабрыках, не закрываў граніцы. Мы вызначылі калідоры — не без праблем, але тысячы аўтамабіляў возяць неабходныя грузы праз нас і нам, з Захаду на Усход”.

“Я цяпер не бачу, што мы ў нечым памыліліся. Пакуль. Усякае можа быць. Але нават вы, людзі, не настолькі ўцягнутыя ў гэты працэс, бачыце, што беларусы зрабілі правільна. Я зыходзіў з таго, што вы самі трымаеце сваё жыццё ў сваіх руках і лепш ім распара­дзіцеся, чым я або, магчыма, Гасподзь”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт упэўнены, што беларусы пройдуць гэты перыяд дастойна.

“Уваскрэсенне Хрыстова — гэта сведчанне перамогі дабра над злом, гэта прыклад самаахвяравання. І таму мы не павінны хавацца за сценамі храма і баяцца зайсці ў храм. Таму што Ён не баяўся, а ахвяраваў дзеля людзей. Чаму ж мы схаваліся? Гэтае пытанне жыццё перад некім з часам па­ставіць. І гэта трэба помніць”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што вырашыў адысці ад традыцыйных святочных слоў, паколькі многіх людзей хвалюе сітуацыя ў краіне. “Давайце гаварыць адкрыта: па нашай Канстытуцыі ўсё ж такі ад прэзідэнта ў нашай краіне многае залежыць. І я вам шчыра і сумленна гавару аб той палітыцы, якая будзе ў далейшым праводзіцца пры цяперашняй уладзе. А хто мае рацыю, хто вінаваты, стане зразумела літаральна праз чатыры-пяць месяцаў, калі вы будзеце вызначацца, хто будзе вамі кіраваць, якая будзе ў вас улада. І ніхто над вамі стаяць не будзе, гэта вы вырашыце самі. Але я вам гарантую, што чарговыя выбары ў нашай краіне пройдуць абсалютна сумленна. Мы сумленна і адкрыта будзем гаварыць вам аб будучыні, будзем расказваць аб тым, як развіваецца наша краіна і як будзе развівацца”, — заявіў беларускі лідар.

Ён звярнуў увагу, што пнеўманіі, пра якія сёння так шмат гавораць, — гэта толькі малая частка ад усіх існуючых не менш небяспечных хвароб. “У нас шмат людзей, у якіх сардэчна-сасудзістыя захворванні, якія пакутуюць на анкалогію, цукровы дыябет, атлусценне”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт заўважыў, што смяротнасць ад пнеўманіі, якая развіваецца на фоне каранавіруснай інфекцыі, зусім малая. Паміраюць людзі, здароўе якіх падкасілі многія іншыя хваробы. У сувязі з гэтым ён заклікаў пажылых людзей, асабліва з хранічнымі захворваннямі, звяртацца да медыкаў пры першых жа сімптомах інфекцыі і не чакаць да апошняга, займаючыся самалячэннем. “Паберажыце сябе, падумайце аб гэтым, — заклікаў кіраўнік дзяржавы. — Нашы ўрачы — малайцы ў гэтым плане: яны ўжо сарыентаваліся, выцягва­юць самых цяжкіх хворых”.

“Калі вы зробіце маленькі крок насустрач свайму здароўю, у нас з заўтрашняга дня будзе лепш. Усё залежыць ад нас з вамі. Я вам абяцаю, што наша ўлада — яна камусьці падабаецца, не падабаецца — зробіць усё для таго, каб вы былі абаронены. Толькі вы зрабіце маленькі крок насустрач свайму здароўю, таму, аб чым вы марыце. Калі мы будзем разам, усё будзе добра”, — сказаў на заканчэнне кіраўнік дзяржавы.


Перад прыбыццём у царкву кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка паспеў паразмаўляць з кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта Ігарам Сергяенкам і старшынёй Мінскага аблвыканкама Аляксандрам Турчыным. Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, як развіваецца сітуацыя з каранавірусам у цэлым па краіне і ў цэнтральным рэгіёне ў прыватнасці. Як далажылі прэзідэнту, сітуацыя стабільная, рэзкага ўсплёску захваральнасці не адзначаецца.

“Спадзяёмся, што тэндэнцыя будзе да зніжэння. У мяне літаральна за суткі працэнтаў на трыццаць менш тых, хто захварэў на пнеўманію”, — праінфармаваў губернатар. Паводле яго слоў, у абласныя ўстановы па­ступілі ўжо кітайскія медпрэпараты, якія пры лячэнні каранавіруса на ранніх стадыях даюць добры эфект.

“Будзем спадзявацца, што сітуацыя будзе развівацца вось так, як цяпер”, — ацаніў сітуацыю прэзідэнт.

У той жа час ён лічыць неабходным перавесці інфіцыраваных COVID-19 з раённых цэнтраў у абласныя — гэта дапаможа лепш кантраляваць сітуацыю і аказваць хворым больш кваліфікаваную дапамогу. Да таго ж з’явіцца магчымасць прывесці ў парадак раённыя бальніцы, зыходзячы з ужо існуючага вопыту.

“Людзей лепш трымаць у абласных цэнтрах, не ў раёне”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.