Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Калі не будзе ад зямлі аддачы — ад ферм, машынных двароў, збожжатакоў, калі там не будзе арганізацыі і аддачы, ніякія холдынгі не выратуюць”

- 11:03Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па развіцці АПК Віцебскай вобласці, дзе цяпер існуе шэраг істотных праблем. Прапаноўвалася стварыць у вобласці супербуйны холдынг, аднак кіраўнік дзяржавы запатрабаваў “ісці ад зямлі” і разумна развіваць ужо існуючыя інтэграцыйныя структуры.

Аляксандр Лукашэнка падрабязна цікавіўся вынікамі работы ўжо існуючых у вобласці холдынгаў у аграрнай сферы, аднак шмат у чым размова тычылася менавіта вырашэння даўгавой праблемы. Кіраўнік дзяржавы ў першую чаргу звязвае гэта з бязладным падыходам.

“Слухайце маё рашэнне: холдынгі, якія вы стварылі, будуць існаваць. Я не супраць, што будзеце пашыраць іх тэрытарыяльна за кошт гаспадарак. Гаспадаркі гэтыя захоўваюць сваю эканамічную плацежаздольнасць. Больш атрымаў — тваё, менш — нічога не будзе. Арганізацыйна, дысцыплінарна, хоць у турму іх саджай — тых, хто дрэнна працуе. Па даўгах вырашым пытанне. Вышэй за іх (існуючыя інтэграцыйныя структуры-холдынгі. — Заўвага БелТ­А.) ніякіх надбудоў не будзе. На гэтым этапе нічога не будзе”, — падкрэсліў прэзідэнт.

“Ніякіх надбудоў. Што тычыцца даўгоў і іншага, калі нават мы іх адтэрмінуем, кожны год кроўю і потам вы бу­дзеце зарабляць грошы і дакладваць пра які-небудзь прырост. Гэта тычыцца і Магілёўскай, і Гомельскай абласцей, і іншых. Дурасці, мужыкі, больш не будзе”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка прапанаваў разгледзець магчымасць прыватызацыі і продажу інвестарам тых гаспадарак, якія не могуць самастойна эфектыўна працаваць. “Трэба ўвесці прыватызацыю гэтых гаспарадак. Не хочуць працаваць у такой форме — трэба адкрыць прыватызацыю. Спіс складзіце і на сайце вывесіце. Можа, прыйдзе які-небудзь інвестар і дасць нейкую капейку”, — сказаў беларускі лідар.

“Але за ўсё адказныя перш за ўсё кіраўнікі гаспадарак і старшыні райвыканкамаў. Да новага года, Уладзімір Андрэевіч (віцэ-прэм’ер Уладзімір Дворнік. — Заўвага БелТ­А.), з губернатарам садзіцеся, і Анфімаў, памочнік (па Віцебскай вобласці. — Заўвага БелТА.), вырашыце ўсе кадравыя пытанні па гэтых інтэграцыйных структурах. Думаю, што нам трэба будзе сустрэцца ў Мінску і прыняць канчатковае рашэнне. Але да прыняцця рашэння вы мне дайце ўсю інфармацыю. Дзе трэба, пераправерце і пракантралюйце”, — даручыў прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы ўважліва і падрабязна азнаёміўся з тым, як працуюць створаныя раней у вобласці інтэграцыйныя холдынгі, іх праблемамі і эканамічнымі паказчыкамі. Дэталёва паспяховым вопытам работы холдынга падзялілася генеральны дырэктар ААТ “Віцебская бройлерная птушкафабрыка” Ганна Норкус. На думку кіраўніка дзяржавы, мадэль работы гэтага холдынга з’яўляецца эфектыўнай, яна можа стаць прыкладам для іншых. Асабліва правільным лічыць прэзідэнт рашэнне ставіць на чале холдынга перапрацоўчыя прадпрыемствы і пад іх патрэбы развіваць сыравінную базу, якая фарміруецца з розных гаспадарак.

“Добра, пайшлі вы гэтым шляхам, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Паставілі на чале перапрацоўку. І ідзі­це гэтак жа, фарміруйце групу спецыялістаў”.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка зрабіў акцэнт на неабходнасці развіваць вёску і ўлічваць інтарэсы людзей. “Мяне ўсё ж такі непакоіць, што будзе там, ці захаваецца вёска ў Віцебскай вобласці? Мяне як прэзідэнта гэта непакоіць. І людзі цікавяцца. Гэта галоўнае, гэта аснова”.

Адно з патрабаванняў кіраўніка дзяржавы тычылася стварэння спрыяльных умоў, каб прыцягваць на работу ў інтэграцыйныя структуры прафесіяналаў, якія могуць наладзіць эфектыўную работу. “Яны ж сілай не пой­дуць, — сказаў ён. — Вы з імі дамоўцеся. А дамовіцеся, калі ім добра заплаціце, за зарплату. Недзе, можа, і кватэру даць. Спецыялістам трэба плаціць. Спецыялісты ва ўсім свеце вельмі дорага каштуюць. Знайдзіце не сваякоў, не сыноў, не палюбоўніц, не палюбоўнікаў, а добрых спецыялістаў і накіруйце туды”.

Аляксандр Лукашэнка паставіў перад удзельнікамі нарады шэраг прынцыповых пытанняў. У прыватнасці, па якіх прычынах сельскагаспадарчая галіна вобласці апынулася ў нездавальняючым стане, ці выяўлены, а галоўнае — ці ліквідаваны ўсе першапрычыны, якія прывялі да існуючай сітуацыі. “Калі не будзе ад зямлі аддачы — ад ферм, машынных двароў, збожжатакоў, калі там не будзе арганізацыі і аддачы, ніякія холдынгі не выратуюць”, — папярэдзіў беларускі лідар.

“Ці дазваляюць меры, якія прапануюцца, канчаткова вырашыць праблемы ў Віцебскай вобласці або гэта проста замаскіраваная чарговы раз дзяржаўная падтрымка, каб закрыць вочы на парушэнні тэхналагічнай дысцыпліны і безгаспадарчасць? Калі мы не выкаранім гэтую безгаспадарчасць, ніякія інтэграцыйныя структуры вам не дапамогуць”, — падкрэсліў прэзідэнт.