Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Калі паўтарамільярдны кітайскі народ будзе помніць і шанаваць вынікі і праўду аб Другой сусветнай вайне — нікому не ўдасца яе сказіць”

Мэты і прынцыпы Статута ААН павінны заставацца непарушнымі, заявіў у эксклюзіўным інтэрв’ю кітайскай газеце “Жэньмінь жыбаа” Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка напярэдадні рабочага візіту ў КНР.

Кіраўнік дзяржавы асабліва закрануў тэму пасляваеннага сусветнага парадку на чале з ААН. “Давайце помніць, што ААН стваралася як палепшаны варыянт Лігі Нацый, і яна адыграла сваю станоўчую ролю, бо пасля 1945 года паміж вялікімі дзяржавамі не было “гарачых войнаў”, — выказаў меркаванне Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт заўважыў, што сёння складваецца іншая сітуацыя: “Ужо адышло ў гісторыю мінулае дзесяцігоддзе з яго “аднапалярным момантам”. І мы ўсур’ёз зноў гаворым аб пабудове шматпалярнага свету”.
У сувязі з гэтым, лічыць Прэзідэнт Беларусі, ідэі 70-гадовай даўніны аб цэнтральнай ролі ААН у свеце зноў запатрабаваны. Безумоўна, ААН павінна ісці ў нагу з часам і праводзіць неабходныя рэформы. Аляксандр Лукашэнка абсалютна ўпэўнены ў тым, што мэты і прынцыпы Статута ААН, а таксама кампетэнцыі яго асноўных органаў, прадпісаныя гэтым дакументам, павінны заставацца непарушнымі.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што кітайскі народ мае старажытныя і слаўныя гістарычныя традыцыі, якія ідуць углыб тысячагоддзяў. Усім вядома працавітасць кітайскага народа, дзякуючы якой пад мудрым кіраўніцтвам Кітай сёння ператварыўся ў сучасную дзяржаву, якая адыгрывае вядучую ролю ў сусветных працэсах, рухавік глабальнай эканомікі і ўзор для пераймання, на які арыентуюцца краіны свету, што сталі на шлях развіцця.
Прэзідэнт Беларусі пажадаў народу КНР мірнага неба над галавой і здзяйснення кітайскай мары аб пабудове яшчэ больш моцнай і квітнеючай дзяржавы на аснове якаснага росту эканомікі, асабістага поспеху і дабрабыту яе грамадзян.
У асобе беларусаў кітайскі народ мае самых надзейных і адданых сяброў і партнёраў у цэнтры Еўропы, запэўніў Аляксандр Лукашэнка. “Беларусь вельмі цэніць і ганарыцца адносінамі ўсебаковага стратэгічнага партнёрства з Вялікім Кітаем”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
У ходзе размовы з журналістамі Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што любыя спробы змяніць гісторыю асуджаны на правал.
“Другая сусветная вайна — адна з цэнтральных падзей ХХ стагоддзя, якая вызначыла ход гісторыі ва ўсім свеце на многія дзесяцігоддзі наперад, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Калі асноўную ношу ў вайне супраць Германіі вынес савецкі народ, то асноўны цяжар вайны з Японіяй, вядома ж, лёг на плечы кітайскага народа. Я ні ў якім разе не хачу прыніжаць ролю нашых саюзнікаў: безумоўна, яны таксама ўнеслі значны ўклад у нашу агульную перамогу — і ў Еўропе, і ў Азіі. Але з лічбамі ўсё ж не паспрачаешся: згодна з апошнімі даследаваннямі, савецкія страты за гады вайны склалі каля 27 млн чалавек, кітайскія — 35 млн чалавек. Ніякія іншыя краіны не панеслі такіх вялікіх ахвяр. Беларусь, якая была часткай СССР, пацярпела, бадай, больш за іншых — мы страцілі амаль трэць свайго насельніцтва.
Аляксандр Лукашэнка сказаў, што ў Беларусі з хваляваннем ставяцца да памятных мерапрыемстваў. У мінулым годзе краіна адсвяткавала 70-годдзе вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў, сёлета — 70-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Гэтыя падзеі сталі сапраўдным святам адзінства і з’яднання нашага народа.
“Неабходна сумленна прызнаць, што ў свеце існуюць сілы, зацікаўленыя ў пераглядзе вынікаў Другой сусветнай вайны. Для чаго яны гэта робяць? Каб, паставіўшы пад сумненне гістарычную праўду, аспрэчыць цяперашнія правы і інтарэсы краін, што вынеслі асноўны цяжар вайны ў Еўропе і Азіі”, — падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі. На яго думку, гэтага нельга дапускаць.
“Як гаворыцца ў адным вядомым выслоўі, тыя, хто не засвоіў гісторыю, абавязкова яе паўтораць. І ў гэтым кантэксце на Кітай ускладзена асаблівая, калі хочаце, гістарычная місія: калі паўтарамільярдны кітайскі народ будзе помніць і шанаваць вынікі і праўду аб Другой сусветнай вайне — нікому не ўдасца яе сказіць, аддаць забыццю”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.