Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Калі вы ў Прымор’і вызначыліся і бачыце там нашу ролю, будзьце ўпэўнены, што мы гатовы сваю ролю адыграць”

- 11:09Інфармацыйная гадзіна

Беларусь гатова адыграць сваю ролю ў развіцці Прыморскага краю Расіі. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з губернатарам Прыморскага краю Алегам Кажамякам.

“Вы павінны ведаць, што закрытых тэм ніколі не было з Расіяй, а з вамі — тым больш. Усё, што мы можам для вас зрабіць, нягледзячы на адлегласці (адлегласці не так важныя ў наш час, хоць я заўсёды думаю: бліжэй вы былі б да нас, мы больш маглі б зрабіць і для Расіі, і для Беларусі), — мы адгукнёмся на любую просьбу”, — сказаў беларускі лідар.

На яго думку, для кіраўніка рэгіёна важнай задачай з’яўляецца рэалізацыя на сваёй тэрыторыі якога-небудзь вялікага, знакавага праекта, які мог бы служыць прыкладам і ярка сведчыць аб эфектыўнасці работы губернатара. “Калі вы ў Прымор’і вызначыліся і бачыце там нашу ролю, будзьце ўпэўнены, што мы гатовы сваю ролю адыг­раць”, — запэўніў прэзідэнт.

Ён адзначыў гатоўнасць Беларусі пастаўляць у Прымор’е сельгастэхніку, прадукцыю машынабудавання, транспарт для пасажырскіх перавозак. “Мы гатовы адкрыта і сумленна ўдзельнічаць у любым конкурсе для паставак гэтай тэхнікі. Мы гатовы ствараць сумесныя прадпрыемствы, аказваць вам любую падтрымку і дапамогу, у тым ліку ў развіцці аграрнага комплексу, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Вы на нас можаце разлічваць. Мы будзем для вас надзейнымі сябрамі, партнёрамі”.

Прэзідэнт прызнаўся, што ўважліва сачыў за змяненнямі ў кар’еры Алега Кажамякі, яго дзейнасцю ў якасці губернатара Сахалінскай і Амурскай абласцей Расіі, а з 2018 года — кіраўніка Прыморскага краю. На працягу ўсяго часу яго кіраўніцтва расійскімі рэгіёнамі адносіны з Беларуссю развіваліся і складваліся плённа.

У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка выказаў надзею на прадаўжэнне канструктыўнага ўзаемадзеяння. “Прэзідэнту Расіі я сказаў: “Добра, забраў дык забраў нашага чалавека (маецца на ўвазе пераход Алега Кажамякі з пасады губернатара Сахалінскай вобласці ў Прыморскі край. — Заўв. БелТА.), але мы і там што-небудзь прыдумаем, у Прымор’і”. Ён адказаў: “Я буду рады”, — расказаў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, кіраўніцтва Расіі высока ацэньвае вынікі работы Алега Кажамякі ва ўсходніх рэгіёнах, Уладзімір Пуцін запрашаў Аляксандра Лукашэнку іх наведаць. “Ён мяне ўжо двойчы ў гэтым годзе запрашаў пабываць на ўсходзе Расіі і абавязкова ва Уладзівастоку, на востраве Рускі. Ён чамусьці вельмі ганарыцца гэтым востравам, і я ведаю чаму. Многае там было зроблена апошнім часам. Сапраўды, Уладзівасток атрымаў новае дыханне, ёсць перспектыва развіцця”, — растлумачыў ён.

Прэзідэнт яшчэ раз запэўніў расійскага губернатара ў гатоўнасці і далей падтрымліваць эфектыўнае супрацоўніцтва. “Ведайце, што ў Беларусі ў вас заўсёды надзейныя сябры, пры любых адносінах. Якія б адносіны ні складваліся паміж дзяржавамі, нашы асабістыя адносіны і вашы з Беларуссю — непарушныя, і мы ў любы момант гатовы падставіць вам плячо”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У сваю чаргу Алег Кажамяка падзякаваў за ацэнку сумеснай дзейнасці, якая на працягу многіх гадоў давала магчымасць развіваць далёкаўсходнія рэгіёны Расіі. “Мы рэалізавалі шмат карысных праектаў. І для далёкаўсходняй зямлі, і для прадпрыемстваў Беларусі. Стварылі добры і магутны фундамент даверу, узаемапавагі. Гэта тое, што цяпер паслу­жыць зыходным пунктам у развіцці нашых гандлёвых, сацыяльна-эканамічных адносін паміж Прымор’ем і Беларуссю”, — сказаў губернатар.

У Прымор’і многія жыхары сваімі каранямі звязаны з Беларуссю: “Для нас гэта сувязь непарыўная, яна ў нас у душы, сэрцы, таму мы будзем прадаўжаць рабіць так, каб гэта было на карысць нашым народам”, — адзначыў Алег Кажамяка.

Губернатар падкрэсліў, што Беларусь заўсёды прыходзіла на дапамогу ў цяжкую хвіліну, аказвала гуманітарную дапамогу, у тым ліку ў перыяд паводкі ў Амурскай вобласці. Акрамя таго, ёсць значныя дасягненні ў галіне развіцця ўсебаковага супрацоўніцтва, рэалізацыі сумесных праектаў у АПК. Ён выказаў упэўненасць, што яго першая паездка ў Беларусь ужо ў якасці кіраўніка Прымор’я дасць магчымасць напрацаваць дарожную карту і намеціць планы, якія будуць рэалізоўвацца ў далейшым.


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўзнагародзіў губернатара Прыморскага краю Расіі Алега Кажамяку ордэнам Пашаны. Кіраўнік дзяржавы асабіста ўручыў кіраўніку расійскага рэгіёна гэтую высокую ўзнагароду. Урачыстая цырымонія адбылася ў Палацы Незалежнасці ў прысутнасці членаў сям’і губернатара.

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Алегу Кажамяку за даверны і канструктыўны характар узаемадзеяння з Беларуссю і асабліва адзначыў яго заслугі ў развіцці эканамічных сувязей, значны асабісты ўклад ва ўмацаванне традыцый дружбы і супрацоўніцтва Беларусі і Расіі.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што да таго як узначаліць Прыморскі край, Алег Кажамяка быў губернатарам Сахалінскай і Амурскай абласцей Расіі. На ўсіх гэтых пасадах ён праявіў сябе дастойным, эфектыўным кіраўніком, якому ўдавалася вырашаць цяжкія задачы і ў палітычнай, і ў эканамічнай сферы. “Гэта той чалавек, якога гісторыя прызывае ў той момант, калі трэба і куды трэба для Айчыны”, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

У адказ Алег Кажамяка заявіў: “Шчыра ўдзячны за ацэнку нашай сумеснай дзейнасці, якая на працягу 11 гадоў давала магчымасць разві­ваць далёкаўсходнія рэгіёны. Мы рэалізавалі шмат карысных праектаў”.