Кітай заўсёды можа разлічваць на падтрымку беларускага боку ў любой сферы. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам.
“Сёння ў кантэксце абвастрэння гандлёвых супярэчнасцей і нежадання некаторых краін бачыць Кітай моцным асабліва бачна, хто з’яўляецца сапраўдным сябрам, як прынята гаварыць у Кітаі, усепагодным. У Беларусі ніколі не было і не будзе сумненняў у правільнасці выбраных вамі ініцыятыў. Кітай заўсёды можа разлічваць на нашу падтрымку ў любой сферы, як і мы заўсёды ўпэўнены ў падтрымцы з вашага боку”, — сказаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што рады сустрэчы з Сі Цзіньпінам і пажадаў паспяховага правядзення Другога форуму “Пояс і шлях”. “Дзякуючы вам гэты фармат стаў карыснай і вельмі неабходнай пляцоўкай для рэгулярных сустрэч аднадумцаў”, — сказаў Прэзідэнт Беларусі.
Ён таксама асабіста павіншаваў Старшыню КНР і ўвесь кітайскі народ з юбілейнымі датамі: 40-годдзем палітыкі рэформ і адкрытасці, якое адзначалася ў мінулым годзе, і маючым адбыцца ў гэтым годзе 70-годдзем стварэння Новага Кітая. “У гэтых палітычных і эканамічных поспехах відавочна ваша роля як гаранта стабільнага курсу партыі і развіцця КНР у сучасным непрадказальным свеце, які мяняецца літаральна на працягу сутак”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка даў вельмі высокую ацэнку вынікам сумеснай работы па развіцці двухбаковага супрацоўніцтва. У 2018 годзе абарот тавараў і паслуг паміж Беларуссю і Кітаем дасягнуў амаль $4,5 млрд. Дзякуючы допуску на кітайскі рынак, Шанхайскаму імпартнаму ЭКСПА, загрузцы чыгуначных маршрутаў, экспарт беларускай сельгаспрадукцыі і прадуктаў харчавання ў Кітай за год вырас у 4,5 разу, у тым ліку малочнай прадукцыі — у 9 разоў.
У сваю чаргу Сі Цзіньпін падкрэсліў, што за мінулыя 6 гадоў з моманту абвяшчэння ініцыятывы “Пояс і шлях” супрацоўніцтва па яе сумеснай рэалізацыі ўвянчалася поспехамі. “Індустрыяльны парк “Вялікі Камень” стаў адным з узорных праектаў нашага супрацоўніцтва”, — сказаў Старшыня КНР.
Ён адзначыў, што гатовы разам з беларускім бокам скарыстацца магчымасцямі супрацоўніцтва ў рамках “Пояса і шляху” для пашырэння і паглыблення двухбаковых адносін на карысць народаў Беларусі і Кітая.
Сі Цзіньпін таксама адзначыў вялікія поспехі Беларусі ў справе дзяржаўнага будаўніцтва і эканамічнага развіцця.
У прысутнасці кіраўнікоў дзяржаў пасля завяршэння сустрэчы былі падпісаны дакументы аб развіцці двухбаковага супрацоўніцтва. Падпісана міжурадавае пагадненне аб міжнародных аўтамабільных перавозках пасажыраў і грузаў. Бакі таксама паставілі подпісы пад канцэпцыяй правядзення Форуму па рэгіянальным супрацоўніцтве і развіцці ў рамках ініцыятывы “Пояс і шлях”.
Пасля цырымоніі падпісання двухбаковых дакументаў Сі Цзіньпін прадэманстраваў Аляксандру Лукашэнку макеты футбольнага стадыёна і басейна, якія кітайскі бок плануе падарыць Беларусі. Як паведамлялася БелТА, бязвыплатнае выдзяленне кітайскім бокам сродкаў на будаўніцтва Нацыянальнага футбольнага стадыёна і басейна міжнароднага стандарту было прадугледжана пагадненнем аб тэхніка-эканамічнай дапамозе.
Кіраўнікі дзяржаў таксама абмяняліся падарункамі. Сі Цзіньпін падарыў Аляксандру Лукашэнку па-майстэрску зробленую вазу з сіняга і белага фарфору.
Кіраўнік беларускай дзяржавы паднёс у дар свайму калегу некалькі кніжных выданняў: беларускія прыказкі і прымаўкі, якія перакладзены на кітайскую мову, а таксама 4 кнігі кітайскіх паэтаў, якія перакладзены на беларускую мову. Вельмі асабістым падарункам для Сі Цзіньпіна стала карціна, на якой паказана месца ў вёсцы, дзе будучы лідар Кітая пражыў некалькі гадоў, і дзе, па яго прызнанні, у многім прайшло яго станаўленне. “Гэта важнае месца для мяне, менавіта там я атрымаў вельмі добрую загартоўку. Вельмі добры падарунак!” — сказаў ён. Літаральна за сотню кіламетраў ад гэтых месцаў у іншай вёсцы ў свой час жыў і намеснік Старшыні КНР Ван Цішань, расказаў Сі Цзіньпін. Акрамя таго, па традыцыі яму падарылі кошык з беларускімі прадуктамі, ужо добра вядомымі як у Кітаі ў цэлым, так і асабіста Сі Цзіньпіну.
Пасля сустрэчы з Сі Цзіньпінам у Пекіне адбылася сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з намеснікам Старшыні КНР Ван Цішанем, які асабліва падкрэсліў, што паміж лідарамі Беларусі і Кітая і краінамі ў цэлым устанавілася жалезнае братэрства, якое ніколі не ржавее. Ён таксама выказаў цёплыя словы ў адрас кіраўніка беларускай дзяржавы і ўспомніў іх сустрэчу ў час яго візіту ў Беларусь.
Аляксандр Лукашэнка ў сваю чаргу падзякаваў Ван Цішаню за добрыя словы. “Я ўспамінаю нашу сустрэчу ў Беларусі і вельмі рады, што дзякуючы нашаму агульнаму сябру Сі Цзіньпіну нам удалося пазнаёміцца”, — сказаў беларускі лідар.
Прэзідэнт адзначыў, што яго сустрэча ў Пекіне з Сі Цзіньпінам у большай ступені мела пратакольны характар з-за вялікай колькасці сустрэч Старшыні КНР з замежнымі лідарамі, якія прыбылі ў сталіцу Кітая для ўдзелу ў Другім форуме міжнароднага супрацоўніцтва “Пояс і шлях”. Разам з тым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што бакам удалося не проста абазначыць галоўныя напрамкі двухбаковага супрацоўніцтва, але і падпісаць важныя міждзяржаўныя дакументы. “Усяго за час майго візіту, няхай нават на агульную канферэнцыю “Пояс і шлях”, мы падпішам звыш 20 сумесных дагавораў і пагадненняў”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.
“Вядома, мы не маглі многія пытанні абмеркаваць у час гэтай сустрэчы, але я яму (Сі Цзіньпіну. — Заўв. БелТА.) сказаў на заканчэнне, што сустракаюся з лепшым маім і яго сябрам (размова пра Ван Цішаня. —Заўв. БелТА.), і я яму ўсё раскажу аб беларуска-кітайскіх адносінах і не толькі”, — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.
У рамках візіту прэзідэнта быў заключаны шэраг пагадненняў і дамоўленасцей у розных сферах. У іх ліку міжурадавае пагадненне аб тэхніка-эканамічнай дапамозе, а таксама пагадненне паміж Дзяржаўным мытным камітэтам Беларусі і Галоўным мытным упраўленнем КНР аб узаемным прызнанні праграмы ўпаўнаважаных эканамічных аператараў Беларусі і праграмы Кітайскай Народнай Рэспублікі па кіраванні добрасумленнымі прадпрыемствамі і іншыя пагадненні і мемарандумы.