Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Клопат усіх галін улады ў Беларусі — захаваць дзяржаву, суверэнітэт і незалежнасць”

- 11:02Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на выбарчым участку 17 лістапада больш за гадзіну адказваў на пытанні журналістаў.

Шматлікія пытанні прадстаўнікоў дзяржаўных, недзяржаўных і замежных СМІ тычыліся як выбарнай тэматыкі, так і знешняй палітыкі — адносін з Расіяй, заходнімі краінамі, вынікаў года ў сельскай гаспадарцы і многага іншага.

Кіраўнік дзяржавы максімальна падрабязна адказаў на ўсе пытанні і прадоўжыў размову, нават калі здалося, што падыход да СМІ ўжо завершаны. У пэўны момант ён пачаў сам мадэрыраваць дыялог, прапануючы задаваць новыя пытанні. Пры гэтым працэс галасавання грамадзян не перапыняўся.

Адказваючы на пытанні журналістаў, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што перад парламентам і яго новым складам стаіць вельмі шмат праблем і задач. “Але я скажу пра галоўную задачу. Мы пабудавалі першую ў Беларусі суверэнную незалежную дзяржаву. І вы, і ўсе мы. Нехта будаваў, але няшмат было людзей, якія цягнулі назад, і цяпер цягнуць, перашкаджаючы развіццю гэтай дзяржавы. Дык вось, клопат усіх галін улады ў Беларусі — захаваць дзяржаву, суверэнітэт і незалежнасць. Для парламента важна тое, што гэта трэба ўвасобіць у законы. Гэта правілы жыцця ў грамадстве. Вось гэта галоўнае. Усё астатняе кожны будзе па-свойму вырашаць”, — лі­чыць Аляксандр Лукашэнка.

“Кожны ў краіне займаецца сваёй справай. Дэпутаты павінны займацца заканатворчасцю, кадыфікацыяй законаў, каб яны былі больш простымі, даступнымі, прымаць новыя законы. Таму што жыццё ідзе, мяняецца, і трэба не адстаць ад яго”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Раскрываючы некаторыя падрабязнасці свайго выбару, ён сказаў: “Вам і пытацца няма чаго. Калі вы пагледзіце на спіс, вы адразу зразумееце, за каго я галасаваў. Калі чалавека я некалі назначыў, а ён за гэты час нічога дрэннага не зрабіў (толькі добрае), то я за яго маю права прагаласаваць”.

Прэзідэнт Беларусі таксама пракаменціраваў намер балаціравацца на выбарах кіраўніка дзяржавы, якія маюць адбыцца ў 2020 і 2025 гадах. Пра гэта ён расказаў, адказваючы на пытанні журналістаў.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што не трымаецца за гэтую пасаду, але лічыць для сябе абавязковым прапанаваць сваю кандыдатуру, а людзі зробяць выбар.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што не раз адказваў на пытанні наконт свайго намеру балаціравацца на будучых прэзідэнцкіх выбарах. “Калі людзі мяне не падтрымаюць на якіх-небудзь выбарах, я на іх не пакрыўджуся. Я папрацаваў ужо вялікую колькасць гадоў, — сказаў ён. — Гэта вы думайце, вылучацца мне на гэтых выбарах ці не”.

Калі грамадзяне цэняць стабільнасць, спакойнае, упэўненае развіццё дзяржавы, яе суверэнітэт — гэта значыць тую палітыку, якая праводзіцца цяперашнім прэзідэнтам, то яны самі павінны ініцыіраваць яго вылучэнне. “Так, мы не багатыя. Не таму, што Лукашэнка дрэнны. Таму што мы дрэнна часам працуем і ў нас няма таго, што ёсць у Расіі і іншых краінах (маюцца на ўвазе запасы прыродных энергарэсурсаў. — Заўвага БелТА.). Мы сваё багацце з мазаля, як у нас у народзе кажуць, самі, сваімі рукамі ствараем. Разумеючы гэта, вы павінны мяне прасіць”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

“Я сваю кандыдатуру прапаную на гэтых выбарах. Але калі буду адчуваць, што вы катэгарычна супраць, вядома, буду перажываць, але, тым не менш, вы павінны маю кандыдатуру адхіліць на выбарах. І я паабяцаў, што сінімі пальцамі за крэсла трымацца не буду. Паверце, гэта не зусім мяккае крэсла”, — запэўніў ён.

“Не думайце, што ў нас прэзідэнцкая ўлада — гэта цараванне, як некаторыя на вуліцах крычаць: “Хопіць, пацараваў”. Яны, відаць, так і разумеюць гэтую пасаду”, — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Што тычыцца тэрмінаў правядзення выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, то, паводле закона, яны павінны прайсці не пазней за жнівень 2020 года. І пераносіць гэтыя тэрміны не плануецца. “Летам гэтыя выбары пройдуць. Тут нікуды не дзенешся. Зімой? Неразумна будзе, калі мы пасля гэтых выбараў (парламенцкіх. — Заўвага БелТА.) адразу назначым чарговыя выбары. І апазіцыя нас пачне дзяўбці, паколькі звычайна пасля выбараў ідзе спад, гэта заўсёды так. І апазіцыя будзе не гатова да гэтых выбараў. Скажа, што Лукашэнка вывеў нас са строю і праводзіць гэтыя выбары для сябе. Таму трэба гэты спад пераадолець”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, да вясны спад актыўнасці выбаршчыкаў пройдзе, у краіне лю­дзі будуць задзейнічаны ў падрыхтоўцы да святкавання такіх значных дат, як 75-годдзе Перамогі (9 мая 2020 года), Дзень Незалежнасці (3 ліпеня). Акрамя таго, неабходна арганізаваць і правесці пасяўную кампанію, каб забяспечыць харчовую бяспеку. “Вось гэта мы зробім па-гаспадарску, а потым у перыяд да ўборкі (я так думаю, калі шчыра, яшчэ не займаўся гэтым пытаннем, думаў пра гэтыя выбары) у якім-небудзь прамежку абазначым (дату прэзідэнцкіх выбараў. — Заўвага БелТА.)”, — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Журналісты таксама пацікавіліся, ці мае намер Аляксандр Лукашэнка прымаць уд зел у прэзідэнцкіх выбарах пасля 2020 года, напрыклад, у 2025 годзе. “Божа, я, можа, да 2025 года не дажыву, не дай бог, — з гумарам адказаў прэзідэнт. — Хочацца яшчэ пажыць, дзеці малыя, паглядзець, як у іх бу­дзе”.

Кіраўнік дзяржавы прызнаўся, што перажывае за тое, як успрымуць выбары за мяжой, але не празмерна.

“Але я наконт гэтага перажываць не прывык”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Ён адзначыў, што ў краіне праводзяць выбары перш за ўсё для свайго народа і па існуючых законах. “Я перажываю за тое, каб нашы выбары былі праведзены згодна з нашымі законамі, Канстытуцыяй. Мы выбары право­дзім для сваёй краіны, для свайго народа, каб было лепш у нас. І праводзім так, як мы гэта разумеем”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

“Калі грамадству не падабаецца, як гэта прэзідэнт арганізоўвае, яны перавыберуць яго праз паўгода. Будзьце ўпэўнены… Таму мы праводзім выбары для сябе. Так, перажываем, каб нас нармальна ўспрынялі ў свеце”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт заўважыў, што ні адна краіна не звяртае асаблівай увагі на рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ, а ў Беларусі, наадварот, вельмі сур’ёзна ставяцца да іх рэкамендацый.

Што тычыцца тых ці іншых змяненняў у заканадаўства па выбарах, то гэта робіцца паступова. Напрыклад, гучаць прапановы ўвесці прапарцыянальную сістэму на выбарах у парламент. “Я ўпэўнены, што мажарытарная сістэма сябе не зжыла. Многія, памацаўшы прапарцыянальную, ужо вярнуліся да змяшанай, а заўтра — да мажарытарнай. І калі паставіць перад народам гэтае пытанне, ён падтрымае гэты пункт гледжання. Трэба пакінуць выбары такімі, як яны ёсць, калі гэта выбары. Гэта ж дэмакратычна — увесь народ выбірае, а не па спісах”, — адзначыў беларускі лідар.

Прэзідэнт таксама супраць стварэння фэйкавых партый, у тым ліку праўладных. Ён лічыць, што партыі павінны фарміравацца самастойна, не на грошы розных заходніх фондаў. “Тут няхай фарміруюць партыі. Няхай заслугоўваюць давер свайго народа. З гэтага мы будзем зыходзіць. І, думаю, гэта дэмакратычна. Я катэгарычна су­праць усялякай штучнасці”, — заявіў Аляксандр Лукашэн­ка.

Адказваючы на ўдакладняльнае пытанне, як ён прарэагуе, калі на Захадзе чарговы раз не прызнаюць парламенцкія выбары, прэзідэнт сказаў: “Гэта іх права. Я буду вельмі расчараваны ў іх ангажыраванасці”.

“Шчыра скажу: да гэтых выбараў (у хо­дзе папярэдніх электаральных кампаній. — Заўвага БелТА.) я ведаў, якое бу­дзе іх рашэнне. Цяпер не ведаю. Яны яго выпрацоўваюць, глядзяць на гэтыя выбары. Гэта ўжо прагрэс, што яны не прыехалі з падрыхтаванай загатоўкай, што выбары дрэнныя, мы іх не прызнаём. Цяпер іншая сітуацыя. Яны зразумелі, што Беларусь — гэта цэнтр Еўропы, нікуды не дзенешся. І што трэба, каб яна была мірнай, не стварала нікому праблем і гэтак далей”, — заявіў беларускі лідар. “Справа абсалютна не ў міратворчасці. Гэта была падстава проста, каб выйсці з гэтай дурасці. Ім трэба было выйсці, патрэбна была падстава. Дзякуй, мы гатовы супрацоўнічаць”, — дадаў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэн­ка заявіў, што не бу­дзе падпісваць ні адзін з дакументаў аб паглыбленні інтэграцыі з Расіяй, калі ён будзе супярэ­чыць беларускай Канстытуцыі.

“Ні адзін дакумент мной не будзе зацверджаны і падпісаны, калі ён будзе супярэчыць Канстытуцыі і фундаментальным прынцыпам жыцця нашага грамадства. А самыя галоўныя прынцыпы — гэта суверэнітэт, незалежнасць нашай дзяржавы, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Таму не трэба ніякай канспіралогіі, тут вядзецца ўсё адкрыта. Прэм’ер-міністр ужо сказаў (гэта выпрацаваная пазіцыя): калі не будуць вырашаны нашы прынцыповыя пытанні (па пастаўках вуглевадародаў, адкрыцці як належыць рынкаў для нашых тавараў, зняцці бар’ераў і інш.), ніякія дарожныя карты не могуць быць падпісаны”.

Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь не нахлебніца і не хоча ёй быць. Ён прывёў у прыклад ЗША, якія пачалі гандлёвую вайну з Кітаем “з-за дэфіцыту ў гандлёвым балансе на сотні мільярдаў долараў”. “А вы ведаеце, які дэфіцыт у гандлі ў нас з Расіяй? Пад дзевяць мільярдаў долараў штогод. Дзе мне ўзяць гэтыя дзевяць мільярдаў, каб заплаціць Расіі за тыя тавары, якія мы купляем? Гэтыя грошы трэба зарабіць на расійскім рынку. А нам выбудавалі бар’еры і не пускаюць туды па асобных відах тавараў. Гэта правільна? Не. Вядома, мы з Расіяй ваяваць не будзем, як Амерыка з Кітаем. Але гэта няправільна”, — перакананы кіраўнік дзяржавы.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, калі краіны ўступаюць у аб’яднанні, яны разлічваюць паступова палепшыць сваю эканоміку. “Што адбываецца ў нас? Нам кожны год падсоўваюць новыя ўмовы. І ў выніку мы ў эканоміцы пастаянна нешта страчваем і страчваем. Каму патрэбны такі саюз? — спытаў ён. — Вось наша пазіцыя. Пра гэта ведае Прэзідэнт Расіі. Мы з ім сябры, я яму адкрыта магу гэта сказаць. Ён мне можа сказаць”.

Калі б гандаль з Расіяй быў больш-менш роўны, Беларусь магла б падцягнуць іншыя рынкі і стаць багацейшай, адзначыў кіраўнік дзяржавы. “Што гэта за саюз, калі мы кожны год страчваем і ўмовы пагаршаюцца? Гэта ненармальна. Таму, калі гаварыць пра эканоміку, мы ні на што не прэтэндуем і нічога не просім. Мы патрабуем, як некалі мы дамаўляліся, роўных умоў для суб’ектаў гаспадарання, проста людзей. Вось гэта будзе саюз. І тады вы ніколі камень не кінеце ў бок Расіі, ды і мы заўсёды будзем вітаць такі саюз. Таму не перажывайце: я не меншы патрыёт, чым вы”, — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

На развітанне Аляксандр Лукашэнка сказаў: “Дзякуй! Поспехаў вам, дабра і сур’ёзнага стаўлення да праблем, якімі вы займаецеся. Цяпер надышоў такі час, што ад вашага слова залежыць вельмі многае. Не толькі ад майго, але і ад вашага”.

Адказаўшы на пытанні журналістаў, кіраўнік дзяржавы пагаварыў з палітыкам Таццянай Караткевіч, якая прысутнічала на выбарчым участку. Ён таксама падарыў каробку цукерак адной пажылой выбаршчыцы, якая дабралася да ўчастка пры дапамозе інвалідных хадункоў.

Напрыканцы прэзідэнт яшчэ раз звярнуўся да членаў участковай выбарчай камісіі і папрасіў у іх прабачэння за нязручнасці, якія, магчыма, былі дастаўлены.