Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Краіна ад вас чакае добрых прапаноў па ўдасканаленні нашай Канстытуцыі і ўсяго масіву нашага заканадаўства”

- 10:32Інфармацыйная гадзіна

Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка прывёў да прысягі суддзю Канстытуцыйнага Суда Беларусі Алу Бодак.

Ва ўрачыстай атмасферы Ала Бодак прамовіла тэкст прысягі, узяўшы на сябе абавязацельства добрасумленна і бесстаронна абара­няць канстытуцыйны лад і вяршэнства Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Пасля прынясення суддзёй прысягі прэзідэнт уручыў ёй пасведчанне суддзі Канстытуцыйнага Суда і падарачны экзэмпляр Канстытуцыі Беларусі. На цырымоніі таксама прысутнічалі старшыні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, Вярхоўнага і Канстытуцыйнага Судоў.

Аляксандр Лукашэнка пажадаў прафесійных поспехаў Але Бодак, адзначыўшы, што яе сённяшні подпіс у акце аб прынясенні прысягі з’яўляецца найважнейшым у жыцці. “Не кожнаму даецца такое права і такая магчымасць — быць членам самага вышэйшага суда ў нашай краіне — Канстытуцыйнага Суда”, — падкрэсліў прэзідэнт. Ён пазітыўна ацаніў вялікі вопыт работы Алы Бодак, у тым ліку ў статусе намесніка міністра юстыцыі, дзейнасць у якасці кіраўніка парламенцкай камісіі.

Кіраўнік дзяржавы назваў Канстытуцыйны Суд “творчай лабараторыяй вядучых юрыстаў” і адзначыў, што менавіта ад высакакласных юрыстаў гэтага суда чакае канкрэтных прапаноў па ўдасканаленні Канстытуцыі. “Прашу вас быць і творчымі людзьмі. Не толькі даваць заключэнні, весці спрэчкі і дыялогі, не толькі, як гэта ў юрыстаў прынята апошнім часам, спрачацца, хто важнейшы (я, дарэчы, задаволены, што ідзе такая спрэчка, гэта добра, калі ідуць дыскусіі), але запомніце, вы людзі творчыя, і краіна ад вас чакае добрых прапаноў па ўдасканаленні нашай Канстытуцыі і ўсяго масіву нашага заканадаўства”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Як адзначыла ў размове з журналістамі пасля прыняцця прысягі Ала Бодак, у рабоце над карэкціроўкай Канстытуцыі трэба ставіць у аснову інтарэсы простага чалавека.

На яе думку, абавязкова трэба кіравацца пэўнымі крытэрыямі і падыходамі. “У першую чаргу гэта ўмацаванне беларускага суверэнітэту і дзяржаўнасці. Размова ідзе пра стварэнне для ўсіх трох галін улады неабходных умоў для далейшага ўдасканалення і вырашэння задач па паступовым устойлівым развіцці краіны”, — сказала яна.

Ала Бодак падкрэсліла бясспрэчна велізарнае значэнне Канстытуцыі для развіцця дзяржавы. “Яна з’яўляецца прававым фундаментам, арыенцірам умацавання суверэннай беларускай дзяржаўнасці. Менавіта ў Канстытуцыі абвешчаны прынцып прыярытэту правоў і свабод грамадзян — асноўны, фундаментальны прынцып, згодна з якім чалавек, яго правы і свабоды з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю, мэтай грамадства і дзяржавы. Канстытуцыйны Суд прызначаны ахоўваць гэтае і іншыя канстытуцыйныя палажэнні ў нашай краіне”, — канстатавала суддзя.

Яна разлічвае, што эфектыўна працаваць у новым статусе ёй дапаможа вялікі вопыт работы. Да назначэння суддзёй Канстытуцыйнага Суда Ала Бодак працавала на розных пасадах у Міністэрстве юстыцыі, дайшоўшы да пасады намесніка міністра, а затым узначальвала камісію Савета Рэспублікі. “Работа кіраўніком камісіі парламента ўзбагаціла мой вопыт, дала магчымасць больш маштабна глядзець на рэчы, з пункту гледжання менавіта дзяржаўнасці, яе ўмацавання, стварэння неабходных асноў для ўстойлівага развіцця грамадства. Увесь гэты вопыт мне спатрэбіцца на новай паса­дзе”, — упэўнена суддзя.