Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Крытэрый ацэнкі дзейнасці павінен быць адзін — абарона парушаных правоў і інтарэсаў кожнага чалавека, грамадства і дзяржавы!”

- 10:48Інфармацыйная гадзіна

Следчы камітэт ствараўся не для паказчыкаў, а дзеля дапамогі чалавеку. На гэты факт звярнуў увагу Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на пашыраным пасяджэнні калегіі Следчага камітэта.

“Крымінальных спраў павінна быць столькі, колькі ўчынена злачынстваў, а не колькі камусьці там лепш для станоўчай ацэнкі. Не з гэтага трэба зыходзіць”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што ўсе салідарныя з тым, што рашэнне аб стварэнні Следчага камітэта было правільным і абгрунтаваным. Палепшыліся паказчыкі следчай работы. “Але мы гэта рабілі не для паказчыкаў. Гэта было зроблена дзеля людзей”, — падкрэсліў прэзідэнт.
“Галоўнае — гэта чалавек, ні ў якім выпадку ад яго адмахвацца нельга”, — лічыць кіраўнік дзяржавы. — Вы павінны пастарацца зрабіць максімум, каб падтрымаць добрасумленнага чалавека”.
Прэзідэнт арыентаваў следчых на тое, што іх задача — разгледзець ва ўстаноўлены тэрмін кожную заяву, пры наяўнасці складу злачынства неадкладна ўзбудзіць крымінальную справу, а затым яе расследаваць, збіраць доказы і шукаць вінаватых. “І не трэба следчым таксама чакаць ад аператыўнікаў нейкай гатовай крымінальнай справы, каб яе прыгожа падпісаць, падшыць або адправіць пракурору, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Помніце, што за вашай работай стаяць простыя людзі, якія хочуць, каб іх правы былі абаронены, а вінаватыя — пакараны! І не толькі простыя людзі”.
Пры гэтым прэзідэнт перасцярог і ад іншай крайнасці: органы дазнання не павінны спрабаваць перадаць следству для прыняцця працэсуальных рашэнняў не да канца правераныя матэрыялы. “Следства — гэта не сметнік, куды можна прынесці розныя дакументы, матэрыялы, недапрацаваныя, слабыя, і скінуць, маўляў, вось я табе прынёс, ты тут разбірайся. Не для гэтага мы яго стваралі”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што за апошнія гады нагрузка на следчых істотна знізілася. На яго думку, гэта павінна быць выкарыстана для павышэння якасці і скарачэння тэрмінаў расследавання, а таксама для правядзення непасрэдна следчымі большай колькасці праверак па заявах аб злачынствах.
“Крытэрый ацэнкі дзейнасці павінен быць адзін — абарона парушаных правоў і інтарэсаў кожнага чалавека, грамадства і дзяржавы!” — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што статыстыка адлюстроўвае вынік дзейнасці праваахоўнікаў і можа служыць для аналізу яе эфектыўнасці. Але галоўнае — гэта рэакцыя насельніцтва, перакананы прэзідэнт. “Нам не патрэбна паказуха”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён заклікаў праваахоўнікаў проста быць народнымі людзьмі.
Пры гэтым кіраўнік дзяржавы паўтарыў сваё патрабаванне да міліцыі і іншых сілавых структур рабіць усё неабходнае для павышэння свайго іміджу ў насельніцтва, каб падабацца людзям, хоць гэта і няпроста.
Прэзідэнт запатрабаваў, прымяняючы ўсе формы і метады, даказваць, што праваахоўнікі носяць пагоны, каб абараніць людзей.
Аляксандр Лукашэнка перакананы: самае страшнае — калі чалавек, які змагаецца з карупцыяй, сам уграз у такіх злачынствах. “Гэта здрадніцтва, — падкрэсліў прэзідэнт. — Самая дрэнная якасць чалавека”.
У сувязі з гэтым ён паставіў перад Следчым камітэтам задачу выкараняць у сваіх радах элементы карупцыі, а таксама ўдзяляць больш увагі маральнаму клімату ў калектыве. Гэта дазволіць быць адзінай, зладжанай і эфектыўна дзеючай структурай, перакананы прэзідэнт. Адначасова адным з асноўных патрабаванняў застаецца нарошчванне кваліфікаванага кадравага патэнцыялу.
Закранаючы задачы і функцыі Следчага камітэта, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што да практычнага следства асаблівых прэтэнзій няма, аднак арганізацыя астатняй работы вымушае жадаць лепшага. Прэзідэнт звярнуў увагу, што перш за ўсё не відаць аналітычнай работы, кіраўніцкіх, заканадаўчых ініцыятыў. У той жа час Следчы камітэт мае дастатковы кадравы патэнцыял для гэтага, а таксама вялікі масіў інфармацыі па многіх напрамках жыццядзейнасці грамадства.
Аляксандр Лукашэнка лічыць таксама, што Следчы камітэт, нягледзячы на тое, што фармальна ён не ўваходзіць у лік суб’ектаў прафілактыкі правапарушэнняў, не павінен пакідаць без увагі гэтыя пытанні. Тым больш што ў следчага ёсць такі моцны рычаг, як унясенне прадстаўлення аб устараненні прычын і ўмоў, якія садзейнічалі ўчыненню злачынства. Аднак толькі ўнясеннем прадстаўлення абмяжоўвацца не трэба, следчы павінен пракантраляваць, каб яно было выканана, адзначыў прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы на пасяджэнні калегіі таксама адзначыў, што праваахоўныя структуры не павінны быць перашкодай для эфектыўнай работы прадпрыемстваў і паляпшэння інвестыцыйнага клімату.
“Залішняй стараннасцю мы тут не толькі не дапаможам — можам зрабіць горш, — лічыць кіраўнік дзяржавы. — Галоўнае — гэта эканоміка. Мы не павінны дзеля нейкіх паказчыкаў і нават гучных спраў “удушыць” прадпрымальнікаў, маю на ўвазе і дзяржаўнай, і прыватнай форм уласнасці, якія кормяць краіну”.
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ён супраць прыпынення праверак. “Апошнім часам мяне часта схіляюць да таго, што трэба ледзь не ўказ выдаць аб прыпыненні праверак, — адзначыў ён. — Я гавару: правяралі і будзем правяраць!” На думку прэзідэнта, такое рашэнне створыць няроўныя ўмовы для функцыянавання розных суб’ектаў гаспадарання. “Мы прынялі ўжо ўсе меры для таго, каб інспектар, ідучы па вуліцы, не меў права зайсці ў ларок і па сваёй волі там пачаць яго правяраць, вытрасаць усё навыварат. Гэта недапушчальна, немагчыма, пакуль начальнік не дасць прадпісання. Няма прадпісання — не пускай яго наогул на парог. Калі начальнік даў прадпісанні — ён за яго адкажа, гэта правяраецца. Калі ёсць аператыўная інфармацыя — ідзі, няма яе — не хадзі”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт акцэнтаваў увагу, што сёння асноўныя намаганні трэба сканцэнтраваць на выяўленні і спыненні злачынстваў, якія падрываюць асновы функцыянавання беларускай эканомікі, максімальным пакрыцці нанесенай шкоды.
Прэзідэнт асобна спыніўся на мерах стрымання па справах аб эканамічных злачынствах. На яго думку, у праваахоўнікаў дастаткова такіх мер, як залог, дамашні арышт, паручыцельства. “Не магу вам тут рэкамендаваць, але старайцеся менш хапаць і саджаць, калі гэта магчыма, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Але пры гэтым трэба мець на ўвазе, што ў нас часта бывае: сёння пад дамашні арышт або падпіску аб нявыездзе — заўтра мы шукаем яго па ўсім свеце”.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што па-ранейшаму асаблівая ўвага павінна ўдзяляцца барацьбе з карупцыяй. На яго думку, пры расследаванні такіх крымінальных спраў неабходны самы прынцыповы падыход не толькі ў пытаннях выкрыцця злачынцаў, але і выяўлення і ўстаранення перадумоў гэтага зла. “Пры гэтым трэба дакладна разумець: якімі б празрыстымі ні былі ўмовы дзейнасці чыноўнікаў, якія б маральныя патрабаванні да іх ні прад’яўляліся, але меры прафілактыкі таксама маюць пэўнае значэнне, — падкрэсліў прэзідэнт. — Самая лепшая прафілактыка — непазбежнасць пакарання карупцыянераў, асабліва сярод чыноўніцтва, вашага брата ў пагонах. Гэта самая дзейсная мера. Наручнікі — і на некалькі гадоў туды, потым ён будзе разумець”.