Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Лён — палітычная культура… Таму загубіць гэтую вытворчасць мы не можам”

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў да 1 кастрычніка завяршыць у Беларусі сяўбу азімых. Пра гэта ён заявіў у ходзе рабочай паездкі ў Карэліцкі раён Гродзенскай вобласці.

Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу на тэмпах пасяўной на поўначы Беларусі — Віцебскай вобласці, каб з улікам умоў надвор’я завяршыць пасяўную ў аптымальныя тэрміны. “Найважнейшае пытанне сёння — пасеяць, таму да 1 кастрычніка трэба ўсё завяршыць”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы таксама асабліва акцэнтаваў увагу на ўборцы кукурузы і стратэгіі ў гэтым плане: што нарыхтаваць на зерне, а што — на сілас, у залежнасці ад умоў і патрэб на месцах. “Трэба мець на ўвазе, што тут гібка трэба рабіць. Кукуруза ў гэтым годзе вельмі добрая. Няхай на месцы разбіраюцца губернатар, старшыня райвыканкама і кіраўнік гаспадаркі. Але самае галоўнае цяпер убраць палі, якія могуць быць падтоплены пасля дажджу, каб не страціць кукурузу”, — сказаў ён.

Прэзідэнту ў цэлым далажылі аб хо­дзе ўборачнай кампаніі і асенніх палявых работ, забяспечанасці ўгнаеннямі, нарыхтоўцы кармоў.

Асобна размова ішла аб уборцы бульбы. Як далажыў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Анатоль Хацько, бульба ўбрана больш як на 40 працэнтах плошчаў. Ураджайнасць вышэйшая, чым у мінулым годзе, — каля 325—330 ц/га. Ідзе закладка ў стабфонды.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што трэба імкнуцца да большай ура­джайнасці па гэтай культуры, і ў краіне ёсць паспяховыя прыклады работы ў гэ­тым напрамку. “На маім фермерскім эксперы­ментальным участку палавіну ўбралі — амаль 600 ц/га. І ў доб­рых фермераў такая ўраджайнасць. А 300—320 ц/га ўжо мінулы этап. Трэба мець хаця б 400—450 ц/га, правільна, тэхналагічна сеяць. Я пераканаўся на сваім полі”, — расказаў кіраўнік дзяржавы.

Кіраўніку дзяржавы таксама далажылі аб выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця Гродзенскай вобласці, сітуацыі ў сельскай гаспадарцы. Ён акцэнтаваў увагу на неабходнасці дакладнага выканання намечаных планаў: “Трэба ўсё выконваць. Шукайце дадатковыя рэзервы і рабіце. Але не на паперы”.

Аляксандру Лукашэнку прадэманстравалі ў параўнанні як айчынную, так і замежную сельгастэхніку для ўборкі і драбнення зялёнай масы кукурузы. Было адзначана, што якасць айчыннай тэхнікі ў цэлым адпавядае патрэбам аграрыяў. Аднак канструктары прадаўжаюць работу па ўдасканаленні асобных тэхналагічных працэсаў.

У час наведвання ААТ “Карэлічы-Лён” Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падрабязна азнаёміўся з эфектыўнасцю работы прадпрыемства і прадукцыяй, якую яно вырабляе. Кіраўнік дзяржавы пазітыўна ацаніў дзейнасць ільнозавода, тэхналогіі перапрацоўкі лёну, якія тут выкарыстоўваюцца, і даручыў перанесці гэты вопыт на іншыя прадпрыемствы льняной галіны краіны.

Прэзідэнту прадэманстравалі гатовую прадукцыю ААТ “Карэлічы-Лён”. Кіраўнік дзяржавы прадэгуставаў ільняны алей і пазітыўна ацаніў яго якасць, звярнуўшы асаблівую ўвагу на карысныя ўласцівасці гэтага прадукту.

Таксама былі прадстаўлены пелеты з ільняной кастрыцы. “Гэта суперпаліва!” — заўважыў прэзідэнт, падкрэсліўшы экалагічнасць гэтага віду прадукцыі.

Асабліва было адзначана, што на прадпрыемстве наладжана безадходная вытворчасць. “Перапрацоўваць трэба ўсё так, як робіце вы: атрымліваць пелеты з кастрыцы, шпагат, вяроўкі, ільняны алей. Усё гэта трэба адрадзіць, як некалі было”, — перакананы кіраўнік дзяржавы.

“Як у Карэлічах, так павінна быць на ўсіх ільнозаводах па ўсёй краіне. Лепш не трэба. Вось гэта зрабіце і ўсё”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт паабяцаў пры неабходнасці аказаць падтрымку льнозаводам у пераабсталяванні, у тым ліку фінансавую. “Мы скапіруем гэтую сістэму, калі патрэбна, у іншых абласцях”, — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Размаўляючы з калектывам прадпрыемства, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, наведваючы ААТ “Карэлічы-Лён”, звярнуў увагу на правільнасць прынятага раней рашэння захаваць і развіваць ільняную галіну ў краіне.

“Калі раней я думаў пра тое, што вось мы ўвязаліся ў гэтую вайну па выратаванні льнаводчай галіны, а, можа, на рынку будзе непрыдатная гэтая прадукцыя, я перажываў за гэта, таму што грошай уклалі нямала. Але сёння мы перакананы ў тым, што зрабілі правільна. У Беларусі лёну быць”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, краіна заўсёды вырабляла дастатковую колькасць ільну і яго было больш, чым цяпер. “Каб перапрацаваць і загрузіць ільнокамбінат у Оршы, нам трэба 50—52 тысячы т валакна. Мы яго ў гэтым годзе атрымаем. І нядрэннай якасці. Вось тая планка, ніжэй за якую мы ў будучыні апусціцца не павінны”, — арыентаваў прэзідэнт.

“Лён — палітычная культура. Не я ж яго выносіў на герб краіны. Таму загубіць гэтую вытворчасць мы не можам. Мы можам толькі больш сур’ёзна займацца гэтым і ўжо не ісці шырокім фронтам (павялічваючы пасяўныя плошчы пад лён. — Заўв. БелТА.), а інтэнсіфіка­ваць працэс вырошчвання і перапрацоўкі лёну, — падкрэсліў прэзідэнт. — Мэта адна: у гэтым годзе расставіць усе акцэнты і паставіць кропку ў перапрацоўцы і вырошчванні лёну, каб далей вы самі маглі жыць і развівацца”.

Аляксандр Лукашэнка папракнуў спецыялістаў у недастаткова актыўным продажы льняных тканін на экспарт. Лён вырошчваюць не так шмат дзяржаў — Францыя, Бельгія, Германія, Польшча, Расія. “Больш на поўдзень ніхто не робіць тканіны з лёну. Можа, і робяць, але купляюць сыравіну ў нас, таму што мы ў свой час неразумна гэтым займаліся. Усё трэба перапрацоўваць у сябе, рабіць тканіны добрыя”, — падкрэсліў ён.

На Аршанскім ільнокамбінаце, напрыклад, робяць вельмі прэзентабельныя падарункавыя наборы з ільняной тканіны. Прэзідэнт іх часта дорыць высокім замежным гасцям. “Яны ахка­юць і войкаюць і пытаюцца, дзе гэта можна купіць. Гэта сведчыць пра тое, што мы не ўмеем прадаваць свой тавар. Давя­дзецца вучыць тых, хто павінен гэ­тым займацца”, — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

У час размовы прэзідэнт адзначыў, што бачыць добрыя перспектывы для развіцця Гродзенскай вобласці.

“Гродзенская вобласць была лепшай у Савецкім Саюзе. Яна і сёння не горшая, калі ўзяць усю постсавецкую прастору”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што бачыць добрыя перспектывы па розных напрамках. Напрыклад, у сельскай гаспадарцы рэгіён можа значна прыбавіць у зборы збожжавых: “Я губернатару сказаў, што 1,2 млн т збожжавых — гэта больш, чым у мінулым годзе, але гэта не ўзровень Гродзенскай вобласці. 1,5—1,7 млн т збожжавых каласавых можна мець і 300 тысяч т кукурузы — 2 млн т, калі па зерні”.

Акрамя таго, як у Беларусі ў цэлым, так і ў вобласці захавалі шматгаліновыя гаспадаркі. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што, напрыклад, у Расіі ёсць гаспадаркі, дзе атрымліваюць выдатную пшаніцу, ёсць, у асноўным прыватныя, кампаніі, якія вырабляюць добрую мясную прадукцыю або вырошчваюць нядрэнныя яблыкі. “Ёсць асобныя. Але каб у комплексе — малако, мяса, лён, кукуруза, сад, як у “Прагрэс-Верцялішкі” (сельгаспрадпрыемства ў Гродзенскай вобласці. — Заўв. БелТА.) — гэта адна шматгаліновая гаспадарка вырабляе ўсё. Гэтага ўжо ў Расіі, ва Украіне і іншых (краінах. — Заўв. БелТА.) няма, усё знішчана. Але ж гэта было некалі. Толькі беларусы выратавалі і захавалі шматгаліновыя гаспадаркі. У Гродзенскай вобласці яны практычна ўсе такія”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Разам з тым ён лічыць, што неабходна інтэнсіфікавацца і значна прыбаўляц­ь. “Павінны быць лепшыя тэхналогіі. Як у лепшых фермераў у Польшчы, Германіі, Францыі. Мы праехалі па ўсім свеце і навучыліся гэта рабіць. Усё Гродзенская вобласць умее рабіць. Толькі трэба сёння дабаўляць. Калі так задачы ставіць перад гродзенцамі, то ў будучым годзе 15—20 працэнтаў калі дабавіце, героямі будзеце”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

У якасці прыкладу добрай арганізацыі работы і стварэння цэлай сістэмы на ўзроўні рэгіёна прэзідэнт прывёў ААТ “ГроднаАблсельгастэхніка”. У час наведвання льнозавода яму прадэманстравалі тэхніку, што вырабляецца і адноўлена на базе арганізацый кампаніі. “Малайцы! Зрабілі холдынг. Старыя рамзаводы падцягнулі, сельгастэхніку паднімаеце, якія я запатрабаваў аднавіць. “Сельгастэхніка” — гэта цэнтр, дзе павінны дапамагаць людзям і гаспадаркам. Толькі па цэнах трэба глядзець, каб не адштурхнуць, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Расія сёння рухавікі прывозіць — па імпарце панакуплялі тэхнікі, а працаваць ніхто ўжо не ўмее. Яны рухавікі “мерседэсаўскія” прывезлі ў Беларусь рамантаваць”.

“Гэта значыць, вы ствараеце сістэмы. І гэта характэрная рыса вашага губернатара (Уладзіміра Краўцова. — Заўв. БелТА.). Я даўно яго ведаю. Малайчына. Трэба заўсёды сістэмы ствараць. І ў Гродзенскай вобласці гэта ўсё ўмеюць рабіць”, — дадаў прэзідэнт.

Прэзідэнт Беларусі закрануў у час размовы з работнікамі льнозавода ў Карэлічах і ход выбарчай кампаніі.

Адна з работніц выказала меркаванне, што цяперашняя выбарчая кампанія нечым пачынае нагадваць ток-шоу, і пацікавілася, як прэзідэнт ставіцца да так званых праўладных патэнцыяльных кандыдатаў.

“Мы выбарчую кампанію правядзём, як заўсёды, спакойна, ціха. Нягледзячы на жаданне некаторых надаць афарбоўку шоу”, — заявіў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, некаторыя лічаць, у тым ліку на Захадзе, што калі выбарчая кампанія праходзіць шумна, то гэта дэмакратычна. “А я лічу, што краіну расхістваць нельга”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што, напрыклад, Расія можа дазволіць расхістаць сябе на пэўны перыяд. “Пахісталіся крыху, але ж труба працуе ў гэты час. І прыродны газ пампуюць на экспарт, і нафту, і золата (здабываюць. — Заўв. БелТА.). У нас гэтага няма. Таму нам не трэба расхіствацца, хістаць саміх сябе і іншых. Нам трэба справай займацца. Таму што калі мы будзем хістацца год, то наступныя два-тры будуць страчаны”, — падкрэсліў беларускі лідар. Ён дадаў, што не хоча зрабіць дрэнна для краіны, таму беражэ яе ад расхіствання.

Што датычыцца так званых праўладных кандыдатур, прэзідэнт адзначыў, што ніколі не ўтойваў наяўнасць людзей, якіх улада падтрымлівае, у тым ліку зыходзячы з неабходнасці фарміравання складу парламента, які прадстаўляў бы ўвесь зрэз грамадства як з пункту гле­джання ўзросту, так і прафесійнай кампетэнцыі.

“Парламент прымае законы, і гэтыя людзі павінны разумець, што мы прымаем. Уявіце: прыйшлі гэтыя крыкуны, якія нічога ў жыцці не разумеюць… Якія будуц­ь законы? Вядома, прэзідэнт падпісвае закон, і я ніколі не прапушчу той закон, які на шкоду людзям. А ўсім жа хочацца ўсё падзяліць, нешта перабудаваць і гэтак далей, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта ўжо было, калі саюз разваліўся, усю краіну падзялілі. І я помню, колькі сіл мне патрэбна было для таго, каб выратаваць і захаваць гэтую краіну. Каб яе алігархі і чыноўнікі, якія з’яўляюцца, не падзялілі па частках і сваім дзецям не раздалі. Таму я гавару: без мяне будзеце дзяліць”.

Разам з гэтым кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што хоць улада на месцах падтрымлівае і прапануе пэўных кандыдатаў, але выбіраць іх будуць людзі, і нельга ў гэтым плане аказваць націск. “Не трэба так рабіць: праўладны кандыдат, прынеслі ведамасці — падпісвайцеся за яго тут. Не трэба гэтага рабіць! Людзей трэба папрасіць. Калі не хоча — і не трэба. Дэпутату патрэбна 1 тысяча подпісаў, каб вылучыцца. Або партыя, працоўны калектыў яго вылучаць. Але нельга націскаць ні ў якім разе, бо лю­дзі на злосць зробяць наадварот”, — сказаў прэзідэнт.

“Усё павінна быць прыгожа і дастойна. Нам патрэбны працаздольны парламент, а не крыкуны”, — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама адзначыў, што выступае за захаванне ў краіне мажарытарнай сістэмы выбараў у парламент.

“Мне падсоўваюць ужо прапановы парламент выбіраць па партыйных спісах. Вы будзеце ведаць у лепшым выпадку пяць партый і іх кіраўнікоў. Людзі звычайна галасуюць за лідара. А там па спісе ўжо ніхто не ведае. Яны самі паставяць там дзяцей, унукаў, палюбоўніц, палюбоўнікаў. Усіх туды прапішуць. Я сказаў “не”. Мы пакуль не зжылі мажарытарную сістэму”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Ён лічыць, што дэпутат павінен прадстаўляць сваю акругу і весці дыялог са сваімі выбаршчыкамі. “Ад народа. У працоўныя калектывы ідзіце, агітуйце, прасіце, каб за вас прагаласавалі”, —  сказаў прэзідэнт.

Паводле яго слоў, пакуль мажарытарная сістэма працуе. “Дэпутат павінен быць прывязаны да свайго выбаршчыка, сваёй акругі. У гэтым напрамку мы і будзем дзейнічаць”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Што датычыцца бягучай выбарчай кампаніі, ён сказаў: “Мы правядзём гэтую перадвыбарную кампанію спакойна. Гэта рэпетыцыя заўтрашняй кампаніі — прэзідэнцкай. Вось там нам падкінуць перцу. А мы павінны мазгі ў рукі ўзяць і спакойна, як заўсёды беларусы гэта рабілі, зрабіць так, як патрэбна нам, а не камусьці на захадзе, усходзе, поўдні або поўначы. Мы для сваёй краіны павінны рабіць усё, каб яна захавалася і вы больш-менш нармальна жылі. І не толькі вы. Дзеці каб ведалі, што кавалак зямлі ў іх ёсць і ніхто іх бізуном хвастаць больш не будзе”.