Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка бачыць магчымасць хуткага аднаўлення нацыянальнай эканомікі пасля спаду, выкліканага закрыццём краін і сусветных рынкаў ва ўмовах пандэміі. Пра гэта ён заявіў на нарадзе па актуальных сацыяльна-эканамічных і палітычных пытаннях. На нараду былі запрошаны кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Сергяенка, старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталля Качанава, кіраўнік спраў Прэзідэнта Беларусі Віктар Шэйман і старшыня ФПБ Міхаіл Орда.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што апошнім часам асаблівая ўвага ўдзялялася эканоміцы і лячэнню людзей у сувязі з пандэміяй. “У сувязі з той істэрыяй, якая разгарнулася ў СМІ, налажыла моцны адбітак на людзей і праз людзей на эканоміку, кіраўнікамі дзяржаў усёй планеты былі прыняты сур’ёзныя рашэнні аб закрыцці краін (чытай — закрыцці эканомікі)”, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.
Адпаведная абстаноўка, у тым ліку ў асноўных партнёраў Беларусі, не магла не паўплываць і на эканамічнае развіццё яе самой. “Эканоміка ў нас экспартна арыентаваная. Таму адбыўся пэўны спад эканомікі, хаця прымальны для нас спад. Цярпіма, — заявіў беларускі лідар. — Гэта сведчыць пра тое, што калі адкрыццё краін будзе больш інтэнсіўным, чым цяпер (а працэс пачаўся ўжо, яго ўжо ніхто не спыніць, таму што людзі абурыліся, яны не хочуць сядзець у ізаляцыі), то мы зможам хутка аднавіць сваю эканоміку”.
Больш за тое, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што нават у цяперашняй сітуацыі многія галіны, такія як сельская гаспадарка, будаўніцтва, ІТ-сектар і шэраг іншых, даюць добры прырост. “Пытанне будзе з прамысловасцю. Таму што не маглі купіць камплектуючыя (усё, што было, мы зрасходавалі). І, зразумела, прадаць не маглі сваю прадукцыю. Але нарыхтавана нямала гатовай прадукцыі, якая пачала ўжо распрадавацца. Гэта добры сігнал на будучыню”, — лічыць Аляксандр Лукашэнка.
“Таму мы не маглі забыць пра эканоміку. Але, зразумела, мы перажывалі за тое, як будуць складвацца справы з лячэннем розных захворванняў, звязаных з каранавірусам”, — дадаў прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў паступовае паляпшэнне эпідсітуацыі ў Беларусі, але заклікаў не расслабляцца. “Калі, я часта гавару гэта апошні месяц, і далей так пойдзе, то будзем лічыць, што мы справіліся з божай дапамогай з гэтым захворваннем. Пачалося гэта з Віцебска. Віцебск ужо канстатуе факт, што яны ўнізе па захваральнасці. Сведчаннем з’яўляецца тое, што мы бальніцы пачалі зачышчаць, вымываць — тыя, якія рыхтавалі як рэзерв для каранавіруса”, — заявіў беларускі лідар.
Паводле яго слоў, аналагічная сітуацыя назіраецца і ў Мінску. “На плато ўжо знаходзімся, паводле заяў урачоў. Я, праўда, не такі аптымістычны з прычыны сваёй прымхлівасці”, — сказаў кіраўнік дзяржавы. Тым не менш, грунтуючыся на развіцці сітуацыі, ужо і ў Мінску плануюць у найбліжэйшы час вяртаць да звычайнай работы шэраг лячэбных устаноў, у тым ліку анкалагічнага і гінекалагічнага профілю, бальніцу хуткай меддапамогі. Аляксандр Лукашэнка адзначыў стабілізацыю захваральнасці і нават некаторае яе зніжэнне ў Мінскай вобласці. Нядрэнная абстаноўка і ў Магілёўскай вобласці. “Калі так, то ў нас застануцца толькі дзве вобласці — Брэсцкая і Гомельская, — якія мы павінны кантраляваць. Яны пазней за ўсіх увайшлі ў гэты працэс, і спецыялісты кажуць пра тое, што яны пазней за ўсіх і выйдуць, на тыдзень недзе”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Ён падкрэсліў, што ў штодзённым рэжыме, раніцай і вечарам, цікавіцца адпаведнымі пытаннямі і праблемамі. “Цяжкіх менш стала. Відаць, вірус усё ж такі аслабеў ужо, вірулентнасць яго ўжо не тая. Дай бог, каб не тая. Але пры гэтым мы павінны трымаць у галаве другую хвалю. Ніхто не даказаў, што яна будзе, але мы павінны да гэтага рыхтавацца. І ніхто не ведае, калі яна прыйдзе. Калі зімой і восенню, то дай бог, каб мы сур’ёзна змаглі падрыхтавацца да гэтага. А, можа, гэтая бяда нас міне. Тым не менш расслабляцца нельга”, — падкрэсліў беларускі лідар.
Прэзідэнт таксама на прыкладзе Мінска адзначыў добрую арганізацыю кантролю за развіццём сітуацыі ва ўмовах пандэміі. Аляксандр Лукашэнка папрасіў старшыню Савета Рэспублікі Наталлю Качанаву, якая курыруе сталіцу, расказаць аб адпаведных падыходах. “Не як лечым людзей (я гэта ведаю), а як вы арганізавалі кантроль зверху. Напэўна, будзе чаму павучыцца ў вас па Мінску. Таму што няпростая сітуацыя — два з лішнім мільёны чалавек, і няпроста было тут арганізаваць справу. Але ні ў якім разе нельга расслабляцца”, — рэзюмаваў прэзідэнт.
На нарадзе кіраўнік дзяржавы даручыў прааналізаваць пытанні, з якімі звярталіся грамадзяне ў працэсе збору подпісаў.
“Прызнаюся сумленна, што, нягледзячы на тое, што я ўвогуле кантралюю сітуацыю ў краіне (мне дакладваюць і аб тым, як ідзе гэты палітычны перадвыбарны працэс), але неяк адышоў я ад перадвыбарнай кампаніі, таму што не да гэтага было. Вы ўсе бачылі, што было мноства праблем, якія мы павінны былі вырашаць. Іх будзе нямала. І цяжка будзе мне ўключыцца ў гэты перадвыбарны працэс. Хаця я думаю пра тое, што любая наша работа — гэта і ёсць перадвыбарны працэс”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Звяртаючыся да кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Ігара Сергяенкі і старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталлі Качанавай, прэзідэнт папрасіў давесці да ўсіх службовых асоб наступны пасыл, аб чым раней ужо гаварылася: “Мы здаём экзамен. Экзамен народу. І не толькі я. Але ўсе мы, уся дзяржаўная сістэма ўлады. І мы павінны паказаць сваю здольнасць кіраваць дзяржавай. Людзі павінны зрабіць адпаведныя высновы”.
“На фінішы заўсёды трэба бегчы хутчэй. Таму трэба дастойна правесці гэты фінішны этап пяцігодкі. Так, каб людзі разумелі, з кім яны маюць справу, і маглі параўнаць нашы прапановы з прапановамі нашых альтэрнатыўных кандыдатаў”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, што ў працэсе збору подпісаў ёсць магчымасць лепш даведацца аб праблемах, якія існуюць у грамадстве. “Таму што калі прыходзіш да чалавека і просіш, каб ён падпісаў гэты ліст за дзеючага прэзідэнта, мы з ім гаворым”, — адзначыў ён.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ставіць подпіс або не — гэта права кожнага чалавека. І ў гэтым плане недапушчальны які-небудзь націск на людзей. “Ні ў якім разе, паколькі гэта будзе на шкоду. Але чалавек скажа і аб праблемах, і іншае. Гэта трэба прааналізаваць. Наталля Іванаўна (Качанава. — Заўвага БелТА.), я вас прасіў, каб вы з Міхаілам Сяргеевічам (Орда. — Заўвага БелТА.) гэта зрабілі і далажылі мне”, — заявіў беларускі лідар.
“Так, ёсць недзе пытанні сельскага савета — агароджу адрамантаваць, дах паправіць слабому чалавеку. Ёсць пытанні раённага, абласнога ўзроўню. А ёсць пытанні і нашага ўзроўню. І здаючы гэты палітычны экзамен, мы павінны вырашыць гэтыя пытанні, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Галоўны мой экзамен — гэта кіраваць краінай, і каб людзі бачылі, што ёсць прэзідэнт у краіне. Нельга нам адцягваць сваю ўвагу на мітынгі і розныя заявы — гвалт нейкі. У нас няма часу на гэта”.
Маючыя адбыцца прэзідэнцкія выбары неабходна арганізаваць дастойна, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
“Мы павінны арганізаваць гэтыя выбары дастойна. Не таму, што я хачу такім пушыстым выглядаць. Справа ў тым, што нам не трэба дрэнна арганізоўваць выбары. Людзі нас бачаць пастаянна. Мы не выскачылі з-пад плінтуса нечакана, як многія. Недзе былі — бах, цяпер павылазілі ўсе і абяцаюць з верталёта па Беларусі раскідваць грошы”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
“Мы гэта праходзілі. Грошы трэба ў Беларусі зарабляць цяжкай працай, іншага не дадзена. Больш будзеш працаваць — больш заробіш. З верталёта ніхто не скіне”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
“Мы заўсёды пасля рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты дзеючага прэзідэнта аб’яўлялі новы склад урада. Да выбараў. Гэта было прынцыповае пытанне, каб людзі бачылі, з кім мы будзем працаваць. А не тое, што выбары прайшлі, за цябе прагаласавалі, а там сваякоў і іншых панапіхаў у гэты ўрад. Таму нам трэба падрыхтаваць новы склад урада, вырашыць пытанне па форме, як будзе фарміравацца новы ўрад да выбараў — або сам у адстаўку падае, або прэзідэнт адпраўляе ў адстаўку. Трэба пра гэта падумаць, але каб людзі разумелі, што мы ад гэтага прынцыпу не адыходзім. Да прэзідэнцкіх выбараў будзе сфарміраваны практычна канчатковы склад урада”, — заявіў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што да адпаведных кадравых пытанняў падступаліся яшчэ некаторы час назад, калі Адміністрацыю прэзідэнта ўзначальвала Наталля Качанава. “Пра гэта гаварылі, і вельмі многіх міністраў мы назначылі паўгода назад і ўбачылі іх у справе. І сёння можам зрабіць выснову, могуць яны працаваць у новым урадзе ці не могуць. Таму надышоў час, каб яшчэ раз глянуць на ўрад, вышэйшых службовых асоб, якія ў нас ёсць, і па іх таксама прымаць рашэнні. Або мы з імі працуем, або перамяшчаем на новую работу”, — адзначыў прэзідэнт.
“Але павінен сказаць, што, па вялікім рахунку, я не маю прэтэнзій ні да аднаго з гэтых людзей. Але, зразумела, жыццё ідзе, і перамены гэтыя павінны быць. Таму гэтае пытанне, Ігар Пятровіч (Сергяенка. — Заўвага БелТА.), ваша. Вазьміце ўсю інфармацыю ў Наталлі Іванаўны Качанавай. Паўгода назад мы да кожнага чалавека дайшлі і прапрацавалі гэтыя пытанні. Недзе адбылася замена, а недзе мы адклалі вось на гэты перыяд”, — даручыў кіраўнік дзяржавы.
“Ніхто з членаў урада не павінен ні крыўдзіцца, ні напружвацца. Я ўпэўнены, што пераважная большасць дзеючых членаў урада застануцца на сваіх пасадах. Цяпер трэба проста экзамен здаваць. Калі ўсе здадуць — калі ласка. Таму трэба варушыцца, але не мітусіцца”, — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.