Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Любы шлях дэбюракратызацыі — шлях правільны”

- 10:53Інфармацыйная гадзіна

Такі пункт гледжання выказаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, заслухоўваючы даклад па пытанні ўдасканалення парадку ліцэнзавання асобных відаў дзейнасці і ўзмацнення кантролю ў гэтай сферы.

“Любы шлях дэбюракратызацыі — шлях правільны, але ўсюды ёсць межы, якія мы ні ў якім разе ў цяперашняй сітуацыі, на цяперашнім этапе развіцця не павінны перайсці”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Пры гэтым ён адзначыў, што ні ў якім выпадку нельга дапусціць паўтарэння сітуацыі, што адбылася ў холдынгавай кампаніі “Пінскдрэў”, калі былі парушаны прынцыпы бяспекі. “Тут спрашчацца і практыкавацца нельга”, — сказаў кіраўнік дзяржавы. На яго думку, пытанням бяспекі людзей на вытворчасці павінна ўдзяляцца асаблівая ўвага.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што апошнім часам гаворыцца аб стварэнні спрыяльнага клімату для бізнесу і аб забеспячэнні нармальных празрыстых умоў яго вядзення. У час даклада абмяркоўваюцца змяненні, якія прапаноўваюцца ва ўказы прэзідэнта, што датычацца пытанняў ліцэнзавання.
У прыватнасці, прапаноўваецца, каб дзеянне ліцэнзій замест цяперашніх 5—10 гадоў мела бестэрміновы характар. Пры гэтым прапаноўваецца істотна скараціць колькасць дакументаў, неабходных для іх атрымання. Заяўкі ў ліцэнзуючы орган можна будзе накіроўваць па пошце або ў электронным выглядзе. Прапаноўваецца таксама, каб паўнамоцтвы па ануляванні дазвольных дакументаў перадаваліся толькі ў кампетэнцыю суда.
Аляксандр Лукашэнка задаў рэзоннае пытанне: “Наколькі эфектыўныя прапанаваныя метады?” “Калі сапраўды дэбюракратызуецца сістэма і будуць ліквідаваны лішнія адміністрацыйныя бар’еры, якія перашкаджаюць, — гэта нармальна, і гэтым шляхам пойдзем”, — сказаў прэзідэнт. Пры гэтым ён запатрабаваў, каб “якасць і бяспека паслуг і тавараў былі захаваны, і гэта бар’ер у выглядзе ліцэнзавання”.
Міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі далажыў прэзідэнту аб змяненнях і дапаўненнях, якія прапаноўваецца ўнесці ва Указ № 450 “Аб ліцэнзаванні асобных відаў дзейнасці” і Указ № 510 “Аб удасканаленні кантрольна-нагляднай дзейнасці”.
Кіраўнік дзяржавы дэталёва спыніўся на кожнай з норм, што прапаноўваюцца, патрабуючы абгрунтаваць іх эфектыўнасць і мэтазгоднасць. Пры гэтым прэзідэнт адобрыў прапанову ўстанавіць больш строгія патрабаванні і ўмовы для ажыццяўлення судова-экспертнай дзейнасці, а таксама ў галіне атамнай энергетыкі і рыэлтарскіх паслуг. Праект указа быў накіраваны на дапрацоўку, у тым ліку каб зняць некаторыя спрэчныя моманты юрыдычнай тэрміналогіі, зрабіўшы яго больш даступным для разумення бізнесу.