Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Людзі не ўхваляць, калі мы, спалохаўшыся, разыдземся па норах”

- 12:06Інфармацыйная гадзіна

Мерапрыемствы да Дня Перамогі і эпідсітуацыю абмеркавалі 3 мая на нарадзе ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

“Як мы з вамі і дамаўляліся раней, сённяшнюю нашу невялікую нараду прысвецім двум пытанням. Першае — абмяркуем мерапрыемствы да Дня Перамогі, якія мы раней запланавалі правесці. Паспрабуем абмеркаваць тыя праблемы, якія існуюць у сувязі з гэтым. І пасля гэтага будзе прынята адпаведнае рашэнне. Другое — гэта здароўе людзей: якая ў нас сітуацыя на сённяшні дзень”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

“На сённяшні дзень атрымліваецца стрымліваць захворванне ў цэлым. Што тычыцца інфекцыйных захворванняў, то мы ідзём выразна ў тым прагнозе, які быў два месяцы назад даложаны мне Міністэрствам аховы здароўя і спецыялістамі, якія займаюцца непасрэдна інфекцыйнымі хваробамі”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка вобразна адзначыў, што армія 41-га года і армія 45-га — гэта дзве розныя арміі, падкрэсліўшы, што сістэма аховы здароўя, дактары ў Беларусі ўжо атрымалі неабходны вопыт лячэння тых, хто захварэў, і навучыліся правільна дзейнічаць у цяперашніх умовах.

Кіраўнік дзяржавы ў якасці станоўчага моманту адзначыў, што ў краіне навучыліся лячыць людзей амбулаторна — дома і ў санаторыях. “Для гэтага задзейнічалі паліклінічную сістэму. Не толькі бальніцы, але і паліклінікі працуюць на лячэнне гэтых людзей. Разам з МУС усіх, каго адправілі на амбулаторнае лячэнне, кантралююць, — сказаў ён. — Гэта значыць, выпрацавана дакладная сістэма. Малайцы”.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што пасля пандэміі ўжо можна будзе, з улікам атрыманага вопыту, пагаварыць з народам асобна, як трэба жыць, якія ўрокі і высновы зрабіць. “Абсалютна падтрымліваю меркаванне спецыялістаў, што з гэтымі бедамі, рознымі вірусамі нам прыйдзецца жыць. Іх будзе ў будучыні не менш. Таму што мы нахабна ставімся да навакольнага асяроддзя, да прыроды і нават адно да аднаго. І гэтая бяда і нават вось гэты псіхоз, які разгарнуўся, інфадэмія, як мы называем, збольшага пой­дзе на карысць людзям у тым плане, што прымусіць нас падумаць, як жыць далей”, — упэўнены кіраўнік дзяржавы.

У цэлым ён падкрэсліў, што ніякай катастрофы няма, але пакуль нельга расслабляцца. “Нам трэба напружана вытрымаць да пачатку лета. Думаю, што з Божай дапамогай мы неяк справімся, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Губернатары на гэта нацэлены. У іх пасяўная кампанія ўжо праблема нумар два. Галоўная праблема — дапамагчы ўрачам, Міністэрству аховы здароўя ў гэтай рабоце”.

“Аналізуючы ўсю сітуацыю, нам асаблівую ўвагу, што мы сёння і робім, трэба звярнуць на пнеўманіі. У нас назіраецца (няхай на 40—50 чалавек за 4 месяцы) прырост пнеўманій да ўзроўню мінулага года. Так, гэта проста мізар пры нашай сістэме аховы здароўя, але пнеўманіі ледзь-ледзь падраслі. Думаю, па годзе гэтая сітуацыя выраўнуецца і гэтак далей. І мы бачым, што галоўнае для нас сёння — гэта лячэнне людзей — пнеўманіі. Прашу гэта мець на ўвазе. Для мяне гэта пытанне нумар адзін. І я вельмі сур’ёзна кантралюю гэтыя працэсы”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

“Я гляджу кожныя суткі інфармацыю. Сёння атрымаў. Таксама 9% у нас ад тэсціраваных (выяўлена выпадкаў захворвання на COVID-19 ад колькасці зробленых тэстаў. — Заўв. БелТА.). Па пнеўманіі, што я вельмі кантралюю, заняты ўсяго 10% ад наяўнасці апаратаў. У нас сёння на ШВЛ крыху больш за 200 чалавек.

А апаратаў ШВЛ — 2,5 тысячы плюс паўтары тысячы наркозна-дыхальных, калі гэта трэба будзе”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама заявіў, што ад агульнай колькасці пнеўманій толькі ў 30% пацыентаў дыя­гнаставаны COVID-19. “Гэта таксама вельмі добры паказчык. Таму я сёння прэтэнзій ні да Міністэрства аховы здароўя, ні да галоўных урачоў бальніц не прад’яўляю. Мы дакладна выпрацавалі сістэмы лячэння інфіцыраваных людзей”, — адзначыў беларускі лідар.

Прэзідэнт расказаў, што яму напярэдадні перадалі статыстычныя даныя з падрабязным аналізам. “За 4 месяцы агульная смярот­насць у краіне паменшылася на 1,5%. Калі кожны квартал будзем утрымліваць 1,5—2%, то мы на 7—8% памяншаем смяротнасць. Гэта вельмі добры паказчык на фоне таго, што ў некаторых дзяржаў смяротнасць пастаянна расце. У нас дынаміка ўніз ужо некалькі гадоў”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Як было адзначана на нарадзе, па стане на 2 мая зафіксавана 97 смерцяў пацыентаў з COVID-19. Пры гэтым за мінулы перыяд года ад хвароб сістэмы кровазвароту памерлі амаль 25 тысяч чалавек, ад анкалогіі — прыкладна 6,4 тысячы.

“Але што мяне ўразіла — ад атручэння алкаголем памерлі 482 чалавекі. Самагубстваў — 470. Ужо амаль 1 тысяча чалавек загінула ад алкаголю і самагубстваў. На пажарах загінулі 218 чалавек. На дарогах за 4 месяцы ў аварыях загінулі 163 чалавекі. Патанулі 89 чалавек — амаль столькі, колькі ад рознага роду хвароб, абцяжараных COVID-19”, — прывёў статыстыку Аляксандр Лука­шэнка. “Але самае галоўнае, што колькасць загінуўшых зніжаецца квартал да квартала мінулага года, красавік да красавіка мінулага года і гэтак далей”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што план мерапрыемстваў да Дня Перамогі быў прадстаўлены даўно. “Мы пакуль ідзём у гэтым плане. Больш за тое, больш шырока разглядалі мерапрыемствы ў сувязі з вучэннямі НАТА каля нашых меж. Мы, па-мойму, ні на міліметр не адступілі ад таго плана, які з вамі намецілі ў плане рэагавання на тыя мерапрыемствы, якія Паўночнаатлантычны блок планаваў ля нашых меж. Праўда, трохі адкарэкціравалі пасля таго, калі было заяўлена, што НАТА не плануе маштабных мерапрыемстваў, як гэта было раней. Адпаведна, і мы больш стрымана рэагавалі на гэта”, — заявіў прэзідэнт.

“Павінен сказаць, што мы не можам адмяніць парад. Проста не можам. Я доўга над гэтым думаў. Вядома, гэта эмацыянальная, глыбока ідэалагічная рэч. Трэба памятаць, што тыя лю­дзі ­(удзельнікі вайны. — Заўв. БелТА.) паміралі, можа быць, і ад вірусаў, іншых хвароб. Але яны гэтага не адчувалі часам і пра гэта не думалі.

І паміралі яны дзеля нас, як бы гэта пафасна ні гучала. І падумайце, што скажуць людзі. Можа, не адразу, праз дзень, праз два пасля гэтага — скажуць, што спужаліся”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў арганізатараў, што калі будзе прынята гэтая прапанова, то “нікога цягнуць на гэтае мерапрыемства не трэба”. “Не хочуць людзі, баяцца, берагуць здароўе — мы гэта зразумеем. Дастаткова сёння жадаючых: тысячы і тысячы людзей хочуць, каб гэтае мерапрыемства прайшло”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што сярод жадаючых наведаць парад ёсць і ветэраны Узброеных Сіл. “Удзельнікаў вайны засталося зусім няшмат. Яны разумеюць, і мы павінны іх зберагчы. Хоць яны і першымі запатрабавалі, каб іх прывезлі на гэтае мерапрыемства. Зразумела, што ім ужо за 90. Падумаем, як з імі быць. Я прытрымліваюся сваёй тактыкі: старых трэба паберагчы. Мы ўсе бачым, што ўсе гэтыя інфекцыі перш за ўсё чапляюцца за старых, хоць хварэюць і маладыя. Таму нікога на гэтае масавае мерапрыемства цягнуць не трэба”, — сказаў прэзідэнт.

“Мяне вельмі хвалюе, што людзі не ўхва­ляць, калі мы, спалохаўшыся, разыдземся па норах. І наогул, Беларусь — гэта жывы помнік той вайны. І я думаю, што ў гэты дзень тут маглі б прысутнічаць прадстаўнікі ўсіх дзяржаў”, — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ні ў мінулыя, ні ў наступныя святы і выхадныя дні абмежаванняў у краіне не ўводзілася, і людзі самі вырашалі, дзе ім быць. “І трэба адзначыць, мы гэта заўважылі: людзі вельмі акуратна ставяцца да свайго здароўя. Неяк разгрупаваліся. Не было гэтага навалу”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.