Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Людзі павінны жадаць і мець магчымасць жыць усюды ў Беларусі”

- 10:49Інфармацыйная гадзіна

Баранавічы адыгрываюць важную ролю ў транспартнай інфраструктуры Беларусі. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з актывам горада і раёна.

“Баранавічы — горад асаблівы. Трэба мець на ўвазе, што ён знахо­дзіцца на скрыжаванні ўсіх дарог і шляхоў, у тым ліку галоўнай нашай магістралі, якая ідзе з Кітая на захад Еўропы. Сёння ўжо так трэба гаварыць. І гэты напрамак — па чыгунцы, паветраным транспартам і аўтамабільным — будзе толькі ўзмацняцца”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што Баранавіцкі раён — адзін з найбуйнейшых у Брэсцкай вобласці, таму да яго асаблівая ўвага. У мінулым годзе тут выраслі аб’ёмы прамысловай вытворчасці, экспарт тавараў і паслуг, прамыя замежныя інвестыцыі. Пры гэтым узро­вень беспрацоўя захоўваецца адносна нізкім.

У бягучым годзе, звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы, у раёне трэба будзе мабіліза­ваць усе рэсурсы, каб дасягнуць новага ўзроўню развіцця эканомікі і сацыяльнай сферы. Для гэтага, на яго думку, усё ёсць. “Трэба значна павялічыць вытвор­часць сельскагаспадарчай прадукцыі, палепшыць фінансавыя паказчыкі прадпрыем­стваў (гэта самае галоўнае) і вельмі важна стварыць новыя рабочыя месцы”, — заявіў Аляксандр Лукашэн­ка.

Прэзідэнт спытаў, што неабходна зрабіць для ўстойлівага росту эканомікі горада і раёна, якія ёсць рэзервы для істотнага павышэння сацыяльных стандартаў жыцця ў раённым цэнтры і сельскай мясцовасці. “Калі ёсць праблемы, то патрэбны прадуманыя, канкрэтныя прапановы па іх вырашэнні. Людзі чакаюць ад нас своечасовага вырашэння надзённых пытанняў, прынцыповасці, адкрытасці, шчырасці і асабліва справядлівасці”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт Беларусі адзначыў неабходнасць актыўнага развіцця рэгіёнаў і выраўноўвання сацыяльна-эканамічных умоў у параўнанні з буйнымі рэгіянальнымі цэнтрамі і сталіцай.

“Людзі павінны жадаць і мець магчымасць жыць усюды ў Беларусі, у тым ліку ў Баранавічах”, — падкрэсліў беларускі лідар. Паводле яго слоў, перш за ўсё стаіць задача развіць эканоміку рэгіёнаў і на гэтай аснове вырашаць сацыяльныя пытанні, скараціўшы да мінімуму разрыў ва ўзроўні жыцця насельніцтва, сацыяльна-эканамічнага развіцця тэрыторый.

“Што да эканомікі рэгіёнаў, работа тут будзе весціся паэтапна. Акцэнт будзе зроблены на гэтых 11 гарадах Беларусі, дзе ў найбліжэйшыя два гады павінна быць забяспечана паскоранае сацыяльна-эканамічнае развіццё. У гэтым пераліку і Баранавічы, і Баранавіцкі рэгіён — найбуйнейшы ў Брэсцкай вобласці”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

“Таму для таго, каб тут вашы дзеці і ўнукі жылі, трэба стварыць умовы. Умовы не горшыя, чым у лепшых месцах нашай Беларусі. І перад намі стаіць задача перш за ўсё развіць эканоміку рэгіёнаў, каб былі працоўныя месцы і была зарплата для людзей”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Cвет глядзіць сёння на Беларусь, і многія краіны разлічваюць на яе падтрымку, заявіў на сустрэчы Прэзідэнт Беларусі.

“Варта сказаць слова — і адразу пай­шла хваля, пачынаючы з Мінска, на Усход, на Захад. Усе разглядаюць нас і так і сяк. Гэта зразумела, таму што Беларусь стала эпіцэнтрам нашага рэгіёна па прычыне таго, што мы з вамі, сціснуўшы зубы, вы­трымалі ўсе нападкі, выцерпелі, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Увесь свет сёння глядзіць на Беларусь, пачынаючы з тых краін, якія знаходзяцца ў нашым рэгіёне, — Нарвегія, Швецыя, Фінляндыя, заканчваючы далёкай дугой, афрыканскай”.

Многія з краін, заўважыў кіраўнік дзяржавы, разлічваюць на падтрымку Беларусі. “Усе ведаюць пра Беларусь, і многія разлічваюць на тое, што Беларусь і тэхналагічна, і “мазгамі” зможа аказаць ім адпаведную падтрымку. Мы не супраць, але гэта каштуе грошай, за гэта трэба плаціць. На гэтым мы павінны зарабляць. Але за­ра­бляць мы можам, толькі з’яднаўшыся ўсе разам і дзейнічаючы ў вызначаным напрамку. Пры гэтым не трэба зацягваць паясы, ужо назацягваліся, хопіць. Не трэба людзей палохаць, трэба проста праца­ваць, забяспечваючы сябе і сваю сям’ю, свой рэгіён і сваю дзяржаву, у якой нам з вамі жыць”, — звярнуў увагу прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што, калі Беларусь набыла незалежнасць, у яе не было вялікіх рэсурсаў, сфарміраваных органаў улады. “Мы атрымалі незалежнасць, нам было няпроста. Нас сёння папракаць няма ў чым. Мы тады вымушаны былі, не абапіраючыся ні на каго, ствараць сваю незалежную, суверэнную дзяржаву. Мы гэта з вамі зрабілі. Нашаму пакаленню ёсць што сказаць тым, хто ідзе на змену нам”, — падкрэсліў ён.

“Адзіная небяспека нашаму развіццю — ніякая не ідэалогія, ніякія не сродкі масавай інфармацыі, ні “перадавыя”, ні традыцыйныя, ні інтэрнэт, самая вялікая небяспека — у нас саміх. Калі мы будзем на належным узроўні падтрымліваць наша эканамічнае развіццё, калі мы кожны год, кожную пяцігодку хаця б пакрыху будзем рухацца наперад і прыбаўляць, наша краіна заўсёды будзе стабільнай і ніхто нас нікуды не паверне — не зможа. Таму галоўнае — эканоміка”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што яго прыезд у Баранавічы — гэта прадаўжэнне работы па развіцці рэгіёнаў, якая пачалася ў Аршанскім раёне. “Вельмі важна было ўсе гэтыя ідэі, якія я прапаноўваў, адпрацаваць на той зямлі, якую добра ведаеш, а потым гэты вопыт перакласці на такія гарады”, — растлумачыў прэзідэнт.

“У Оршы быў цяжкі вопыт. Там мы страцілі практычна палову ўрада. Не хацелася б, каб гэта здарылася і ў Брэсцкай вобласці. Выбачайце, што я вымушаны аб гэтым гаварыць, але мяне ведаеце: калі я прыехаў да вас, мы з вамі дамовіліся, мною прынята рашэнне — вы павінны яго выконваць. Я ўбаку стаяць не буду”, — папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт арыентаваў вертыкаль улады на эфектыўную работу ў перадвыбарныя гады.

“Трэба старацца заваёўваць давер лю­дзей. Тым больш у гэтыя два гады, калі мы будзем здаваць экзамен. Людзей крыў­дзіць ні ў якім разе нельга, але і ўводзіць у зман іх таксама нельга. Трэба зрабіць тое, што застанецца назаўсёды”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Ніхто не ўтойвае той факт, што ў наступныя два гады — напярэдадні прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў — будзе весціся напружаная работа, дадаў Аляксандр Лукашэн­ка. “Але будзем працаваць так, каб гэта засталося і пасля перадвыбарнай кампаніі, каб нас людзі не папракнулі ў тым, што мы напярэдадні нейкіх палітычных па­дзей, перш за ўсё выбараў, нешта такое зрабілі, каб падсаладзіць людзям жыццё, а потым пра іх забудзем. Гэтага ніколі не было і не будзе! У нас іншая палітыка”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт дадаў, што такія сустрэчы з актывамі рэгіёнаў у далейшым ста­нуць традыцыйнымі. “Мы будзем удзяляць сур’ёзную ўвагу развіццю раёнаў, малых і сярэдніх гарадоў. І перш за ўсё гэта будзе звязана з неабходнасцю забяспечыць раўнамернае размеркаванне прадукцыйных сіл у краіне”, — сказаў ён.