Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Людзі — вось галоўная каштоўнасць”

- 12:10Інфармацыйная гадзіна

Найважнейшым прынцыпам пабудовы дзяржавы ў Беларусі з’яўляецца якасць жыцця людзей. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на перагаворах з Прэзідэнтам Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедавым у пашыраным фармаце.
Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз звярнуў увагу на тое, што знаходзіцца ў Ашхабадзе напярэдадні знамянальнай для Туркменістана даты — 20-годдзя набыцця статусу пастаяннага нейтралітэту. “Калісьці здавалася немагчымым гэта рэалізаваць. І заслуга цяперашняга прэзідэнта ў тым, што ён на практыцы ажыццявіў гэтую вялікую ідэю туркменскага народа. Гэта адзіна магчымая палітыка была рэалізавана і дала рэальны плён”, — сказаў беларускі лідар.
Ён падзякаваў за запрашэнне прыняць уд зел у канферэнцыі, якая збярэ тут 12 снежня лідараў дзяржаў рэгіёна, важных сусветных палітычных дзеячаў. На думку Прэзідэнта Беларусі, узровень дэлегацый на форуме наглядна дэманструе аўтарытэт Туркменістана на міжнароднай арэне.
“З задавальненнем адзначу агульнасць нашых падыходаў да пабудовы дзяржавы. Паводле ўзаемнага меркавання, яна павінна быць сацыяльна арыентаваная. Яе найважнейшым прынцыпам з’яўляецца якасць жыцця людзей. Людзі — вось галоўная каштоўнасць у Беларусі, у Туркменістана”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
“Туркменістан — наш стратэгічны партнёр у Цэнтральнай Азіі. Гэта пацвярджаецца канструктыўным узаемадзеяннем як на двухбаковай аснове, так і ў рамках міжнародных арганізацый”, — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што прэзідэнты сам-насам абмеркавалі многія пытанні міжнароднага парадку дня, а таксама праблемы, якія існуюць у двухбаковых адносінах.
“Нашы краіны за кароткі час дасягнулі сапраўды прыкметных поспехаў у супрацоўніцтве, і гэтую планку нельга апускаць”,— падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.
У той жа час бакі хвалюе падзенне тавараабароту. “Мы прызнаём, што тавараабарот знізіўся. Як і ва ўсім свеце, проста адбыўся абвал цэн і на сыравіну, і на гатовую прадукцыю, — адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы. — У фізічным аб’ёме тавараабарот у Беларусі захаваўся практычна з усімі краінамі і нават вырас, а ў вартасным выражэнні — упаў. Але ў нас дастаткова патэнцыялу, каб і ў вартасным выражэнні дасягнуць і перасягнуць самы высокі ўзровень тавараабароту, які ў нас быў”.
Беларусь гатова значна пашырыць лінейку прадукцыі, якая пастаўляецца ў Туркменістан, адзначыў Прэзідэнт Беларусі.
Цяпер у Туркменістане праходзяць выпрабаванні беларускія аўтобусы, розныя віды камбайнаў, іншых сельгасмашын. Гэта дае магчымасць адаптаваць іх да кліматычных і эксплуатацыйных умоў.
Прэзідэнт Туркменістана адзначыў патрэбнасць яго краіны ў грузавых вагонах, пуцявым абсталяванні, ліфтах. На думку Аляксандра Лукашэнкі, нават для будучага горна-абагачальнага камбіната патрэбны сотні, а можа, і некалькі тысяч вагонаў для перавозкі калійных угнаенняў. “Нам трэба сёння прапаноўваць гэтыя варыянты Туркменістану”, — падкрэсліў ён. Ураду Беларусі пастаўлена задача прапрацаваць гэтыя і іншыя варыянты супрацоўніцтва.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што шырокі спектр супрацоўніцтва краін ёсць у галіне аграпрамысловага комплексу, беларускаму боку трэба звярнуць увагу не толькі на пастаўкі трактароў і сельскагаспадарчай тэхнікі, але і на тэхналогіі. “Можа, у Туркменістане нешта спатрэбіцца з вопыту Беларусі, а можа, недзе падвучыцца і нам трэба ў Туркменістана”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік беларускай дзяржавы падкрэсліў, што найважнейшым участкам сумеснай работы застаецца будаўніцтва калійнага гіганта ў пасёлку Гарлыку. Ён дадаў, што засталося крыху больш за год да ўводу ў строй горна-абагачальнага камбіната. Ужо пройдзены самыя цяжкія часы: навадненне ў шахтах, іх замарозка. “У найбліжэйшы час мы здабудзем такі патрэбны ў гэтым рэгіёне і самому Туркменістану калій і будзем рады ўвядзенню ў строй гэтага камбіната”, — сказаў беларускі лідар.
Гурбангулы Бердымухамедаў прапанаваў беларускаму боку разгледзець магчымасць уд зелу ў маштабных праектах мадэрнізацыі эканомікі Туркменістана. “Калі вы знойдзеце сваё месца ў праектах, я буду гэта толькі вітаць”, — сказаў ён. Аляксандр Лукашэнка даручыў беларускай частцы міжурадавай камісіі вывучыць гэты напрамак супрацоўніцтва.
Беларусь гатова дапамагаць у рабоце па індустрыялізацыі краіны шляхам паставак сучаснай сельскагаспадарчай, аўтамабільнай, дарожна-будаўнічай, камунальнай і пасажырскай тэхнікі, адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Туркменістан мае патрэбу ў ліфтавым і пуцявым абсталяванні, прадукцыі вагонабудавання. Гурбангулы Бердымухамедаў прапанаваў Беларусі пастаўляць гэтую прадукцыю не толькі на рынак Туркменістана, але і на суседнія. “Думаю, мы паглядзім і на суседні Іран, — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы. — У нас ёсць такія магчымасці. Проста трэба варушыцца, каб актывізаваць супрацоўніцтва”.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што перагаворы мелі прадметны характар. Бакі асабліва адзначылі пазітыўны і плённы характар беларуска-туркменскіх кантактаў, якія, без сумнення, будуць прадоўжаны.