Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Менавіта супрацоўніцтва рэгіёнаў з Беларуссю выратавала Саюз Беларусі і Расіі”

- 10:57Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з губернатарам Свярдлоўскай вобласці Яўгенам Куйвашавым прапанаваў пашырыць вытворчую кааперацыю ў машынабудаўнічай галіне.

Кіраўнік дзяржавы цёпла вітаў расійскага губернатара на беларускай зямлі. “Я заў­сёды гавару: гэта і ваша зямля. Беларусь неаддзельная ад славянскіх народаў. Так ужо здарылася апошнім часам, што Беларусь стала самай славянскай краінай, уносячы прыкметны ўклад у збліжэнне нашых народаў. Мы разглядаем развіццё супрацоўніцт­ва з вамі, з усімі расійскімі рэгіёнамі ў якасці аднаго з ключавых напрамкаў. Я часта таксама гавару пра тое, што ў свой час, калі паміж Расіяй і Беларуссю былі не лепшыя часы (бывалі і такія), менавіта супрацоўніцтва рэгіёнаў з Беларуссю выратавала саюз Беларусі і Расіі”, — сказаў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што раней і сам бываў у Екацярынбургу. “Мне вельмі спадабаўся гэты моцны рабочы горад. Менавіта моцны. Я паехаў тады з такім уражаннем, — падкрэсліў ён. — Было шмат снегу. Мне спадабаўся Екацярын­бург, я параўнаў з Беларуссю, і ў нас такое надвор’е бывае. Там жывуць па-сапраўднаму моцныя людзі”.

Свярдлоўская вобласць, нягледзячы на геаграфічную аддаленасць, традыцыйна з’яўляецца надзейным партнёрам для Беларусі. “Ва Уральскім рэгіёне мы пра­цуем даўно і паспяхова”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Жыхары вобласці добра знаёмы з беларускімі прадуктамі харчавання, абуткам, тэкстылем, бытавой тэхнікай, мэбляй.

“Значную долю ў аб’ёмах узаемнага ганд­лю займаюць сумесныя праекты ў галіне энергетыкі. На Урале выраблена 60 працэнтаў турбін, якія мы выкарыстоўваем у Беларусі, — адзначыў прэзідэнт. — Вялікі патэнцыял для пашырэння вытворчай кааперацыі ёсць у машынабудаўнічай галіне. Напрыклад, прадпрыемства “Белкамунмаш” можа арганізаваць у вас усю лінейку мадэрнізацыі трамваяў, прытым цэны будуць ніжэй­шыя ў параўнанні з расійскімі кампаніямі”.

Інтарэс для Беларусі ўяўляе арганізацыя зборкі дызельных рухавікоў для самазвалаў БелАЗ разам з кампаніяй “Сінара — Транспартныя машыны”.

“Для абнаўлення рухомага саставу горада Екацярынбурга і вобласці можам прапанаваць шырокі спектр пасажырскай тэхнікі, уключаючы такі інавацыйны і экалагічны транспарт, як электробусы, — сказаў беларускі лідар. — У нас таксама ёсць напрацоўкі па стварэнні сістэмы дыспетчарызацыі рэгулярных гарадскіх транспарт­ных зносін”.

Беларусь гатова прыняць удзел у забеспячэнні рэгіёна сельскагаспадарчай, аўтамабільнай, дарожна-будаўнічай, камунальнай тэхнікай. “Вы ведаеце, што Беларусь — гэта машынабудаўнічая краіна. І ў любым сегменце мы маем добрыя не прос­та напрацоўкі, але і тавары. У нас ёсць магчымасці для развіцця новых напрамкаў су­працоўніцтва, у тым ліку ў навуцы, сельскай гаспадарцы. У мэтах паспяховай рэалізацыі сумесных праек­таў у гэтых перспектыўных сферах неабходна задзейнічаць увесь навукова-тэхналагічны і кадравы патэнцыял”, — прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён прапанаваў інжынірынгавыя паслугі беларускіх спецыялістаў пры будаўніцтве сацыяльных аб’ектаў, аўтадарог, мастоў, смеццеперапрацоўчых комплексаў. “Я ведаю, вы шмат будуеце, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Вы адзін з вядучых рэгіёнаў па будаўніцтве. Калі вам патрэбна бу­дзе наша падтрымка і дапамога будаўнікамі — калі ласка, пад ключ, калі трэба. Асабліва гэта актуальна пры падрыхтоўцы да Сусветнай летняй універсіяды, якая адбу­дзецца ў 2023 годзе. У нас ёсць пэўны ў гэтым плане вопыт, таму што мы ў бягучым годзе правялі маштабныя Еўрапейскія гульні і матч “Еўропа — ЗША”.

“Адным з напрамкаў супрацоўніцтва, зразумела, важным для Свярдлоўскай вобласці, нягледзячы на тое, што гэта паўночны край, з’яўляецца сельская гаспадарка. Мы маем пэўны вопыт у гэтым плане”, — падкрэсліў прэзідэнт. У якасці прыкладу ён прывёў рэалізаваны беларускімі спецыялістамі маштабны праект на Сахаліне.

Шырокае поле для супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Свярдлоўскай вобласцю ёсць у гуманітарнай сферы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь адкрыта для дыялогу па любых пытаннях, якія цікавяць. “Мы настроены максімальна хутка выйсці на канкрэтныя дамоўленасці. Ведайце, калі мы аб нечым дамовімся, па выкананні ніколі не будзе ніякіх затрымак”, — дадаў ён.

“Думаю, што ў найбліжэйшы час зможам перасягнуць той рэкордны тавара­абарот у памеры прыкладна $600 млн, які быў у 2012 годзе”, — сказаў прэзідэнт, выказаўшы ўпэўненасць у тым, што прыезд губернатара будзе садзейнічаць развіццю не толькі тавараабароту, але і ўмацаванню дружалюбных сувязей паміж Беларуссю і Свярдлоўскай вобласцю.

Яўген Куйвашаў у сваю чаргу таксама абазначыў зацікаўленасць у развіцці вытворчай кааперацыі ў машынабудаванні. Паводле яго слоў, гэта асаблівы напрамак для Свярдлоўскай вобласці, паколькі яна з’яўляецца прамысловым рэгіёнам. “Мы актыўна развіваем нашы кампетэнцыі ў прамысловасці, энергетыцы. Для нас Беларусь — стратэгічны партнёр, — падкрэсліў расійскі губернатар. — Упэўнены, што сённяшняя сустрэча адкрые перад намі новыя гарызонты супрацоўніцтва”.