Аляксандр Лукашэнка: “Моцная і незалежная Беларусь нязменна павінна заставацца дзяржавай, у якой найважнейшай каштоўнасцю выступаюць людзі — добрасумленныя, мудрыя і паспяховыя”

- 10:59Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка чакае ад Канстытуцыйнага Суда прапаноў па павышэнні эфектыўнасці ўсёй судовай сістэмы. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў на сустрэчы з суддзямі Канстытуцыйнага Суда.

“Чакаю ад вас і Адміністрацыі прэзідэнта канкрэтных прапаноў па павышэнні эфектыўнасці ўсёй судовай сістэмы”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

“Лічу, што Канстытуцыйны Суд скрозь прызму зваротаў, што паступаюць да яго, і напрацовак здольны незалежна, адкрыта і прадметна паглядзець на работу судоў агульнай юрысдыкцыі”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка даручыў кіраўніцтву Адміністрацыі прэзідэнта пры падрыхтоўцы адпаведнай нарады скарыстацца вопытам і ведамі суддзяў Канстытуцыйнага Суда.

“Надышоў час абмеркаваць і некаторыя вынікі функцыянавання Канстытуцыйнага Суда, яго перспектывы і ўдасканаленне, вядома ж, работы Канстытуцыйнага Суда”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што дата нарады выбрана невыпадкова — яна праходзіць у Дзень Канстытуцыі. Прэзідэнт павіншаваў судзейскі корпус і ўсіх прысутных з гэтым вялікім святам. “Для нас гэты дзень асаблівы. Устанавілася пэўная традыцыя ў святкаванні гэтага дня, і паводзін нашага грамадства ў гэты дзень”, — адзначыў ён.

На суддзяў ускладзена асаблівая роля па забеспячэнні вяршэнства Асноўнага Закона рэспублікі і канстытуцыйнага кантролю заканадаўства. “Без справядлівых законаў, дакладных і лагічных правіл нельга развіваць дзяржаву, у якой на першым месцы знаходзяцца дабрабыт, прававая і сацыяльная абароненасць нашых грамадзян”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Эфектыўнасць дзейнасці судзейскага корпуса ў апошнія гады значна павысілася, заўважыў кіраўнік дзяржавы. “Вы не проста праводзіце аналіз прававых норм, але і ажыццяўляеце папярэдні кантроль законаў да іх унясення на подпіс прэзідэнта, а таксама, зыходзячы з літары Асноўнага Закона, выпрацоўваеце рэкамендацыі для правапрымяняльнікаў. Гэта вельмі важна для нашай заканадаўчай галіны ўлады”, — дадаў ён.

У час нарады абмяркоўваліся задачы, якія сёння актуальныя для суддзяў Канстытуцыйнага Суда, з тым, каб іх веды былі максімальна задзейнічаны ў інтарэсах дзяржавы. Разглядаліся перспектывы работы суда, а таксама іншыя пытанні, звязаныя з развіццём судовай сферы і ўдасканаленнем заканадаўства.

У час нарады прэзідэнт адзначыў, што з часам у Беларусі прыйдуць да абмеркавання пытання аб унясенні змяненняў у Асноўны Закон краіны.

“Я ўжо гаварыў на сустрэчах з парламентарыямі і судзейскім корпусам, што з часам мы прыйдзем да абмеркавання пытання аб унясенні змяненняў у Асноўны Закон, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Усё вельмі проста, не трэба ў гэтым шукаць нейкія навіны, аж да фэйкавых. Трэба разумець, што заканатворчасць — жывы працэс, як і ўсе законы, падзаконныя акты, гэта жывы арганізм, які павінен удасканальвацца, каб не адстаць ад таго жыцця, якое пульсуе наогул у свеце”.

“Жыццё ідзе, і вы бачыце, наколькі ўжо вось за наша пакаленне мы рушылі наперад. Калі мы пачыналі на заранку нашай незалежнасці, не маглі ўявіць, якія праблемы будуць стаяць перад намі, і што эканоміка пойдзе ў ІТ-сферу, і ўжо там усе народы будуць шукаць сваё шчасце — менш будуць гаварыць аб вуглевадародах, а на парадак дня выйдзе інавацыя”, — адзначыў прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь сочыць за тэндэнцыямі і ў краіне стараюцца своечасова прымаць рашэнні, накіраваныя на развіццё дзяржавы. “Жыццё не стаіць на месцы, яно вельмі бурна развіваецца, і, зразумела, мы павінны паспяваць мяняцца самі, падладжвацца пад гэтае жыццё. Усё гэта трэба рабіць на законным узроўні, зыходзячы з патрабаванняў нашага жыцця, — упэўнены ён. — Таму што і грамадства мяняецца, і мы з вамі мяняемся. Зразумела, Канстытуцыя павінна быць на крок-два наперадзе змяненняў нашага грамадства. Адсюль і праблема, якая перад намі, як я ўжо сказаў, калі не паўстала, то паўстане, аб карэкціроўцы, змяненні норм Канстытуцыі”.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што трэба вельмі дакладна і правільна выбраць момант для ўнясення змяненняў у галоўны закон краіны. “Таму што самі размовы аб змяненні Канстытуцыі выклікаюць у лепшым выпадку нейкі броўнаўскі рух у нашым грамадстве. А некаторыя вельмі палітызаваныя і зацікаўленыя колы пачынаюць ужо вельмі развіваць бурную дзейнасць на гэтай аснове. Таму важна выбраць час, калі мы будзем падбірацца да карэкціроўкі гэтага закона, і вызначыць асноўныя напрамкі, па якіх будзем працаваць”, — растлумачыў беларускі лідар.

Прэзідэнт нагадаў, што ў апошнія гады прыняты рашучыя меры па развіцці высокіх тэхналогій, удасканаленні эканамічных адносін, аптымізацыі сістэмы дзяржаўнага апарату, надзяленні шырокімі паўнамоцтвамі мясцовых органаў улады. “Таму ў гэтым напрамку трэба паглядзець на Канстытуцыю”, — лічыць кіраўнік дзяржавы.

“Моцная і незалежная Беларусь нязменна павінна заставацца дзяржавай, у якой найважнейшай каштоўнасцю выступаюць людзі — добрасумленныя, мудрыя і паспяховыя. Таму інтарэсы беларускага народа і нашай краіны павінны быць галоўнымі ў пытаннях удасканалення нашай Канстытуцыі”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

На яго думку, суддзі Канстытуцыйнага Суда з улікам іх высокага статусу і ведаў павінны аб’ектыўна і комплексна прааналізаваць нормы Асноўнага Закона. “Неабходна ацаніць іх актуальнасць, адпаведнасць сучаснаму развіццю грамадства і міжнародным падыходам. Калі ўжо мы і пойдзем на змяненне Канстытуцыі, то нас ніхто не павінен папракнуць. А для гэтага трэба вывучыць сусветны вопыт. У прынцыпе, вы яго ведаеце. Вы ведаеце самыя перадавыя краіны і іх канстытуцыі. Таму трэба ўзяць лепшае з сусветнага вопыту, але ні ў якім разе, як гэта было на заранку нашай незалежнасці, не бегчы следам за нейкімі нормамі нейкай канстытуцыі, каб камусьці дагадзіць. Мы павінны ствараць свае законы, і перш за ўсё Асноўны Закон для нашай краіны і народа”, — перакананы прэзідэнт.

Выпрацоўваючы прапановы па ўдасканаленні Канстытуцыі, няма неабходнасці збіраць асобныя нарады і ствараць рабочыя групы, звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. “Каб мы не стваралі ніякія канстытуцыйныя камісіі і яшчэ нешта, а, паглядзеўшы на будучыню нашай краіны, прапанавалі пэўныя змяненні або карэкціроўкі Канстытуцыі. У мяне ў гэтай частцы да вас вялікая просьба. Тым больш вы можаце прапанаваць адразу фармулёўкі, і іх ужо не трэба будзе дапрацоўваць і падшліфоўваць, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Канстытуцыйны Суд павінен аб сабе гучна заявіць. І, напэўна, гэта будзе самая гучная заява за ўсё існаванне Канстытуцыйнага Суда ў нашай суверэннай і незалежнай краіне”.

Гаворачы аб магчымасці ў будучыні абмеркавання тых ці іншых змяненняў у Канстытуцыю, прэзідэнт прывёў у якасці прыкладу вострыя дэбаты па пытанні стварэння ў краіне паўнацэннай шматпартыйнай сістэмы. У прыватнасці, агучваюцца прапановы стварыць вялікую партыю на базе “Белай Русі”, каб яна была выразнікам інтарэсаў. “Я катэгарычна супраць, каб гэта была праўладная партыя, каб там усе начальнікі сядзелі, — заўважыў беларускі лідар. — Ідзе гэтая размова. Нехта гаворыць — час, трэба штосьці зняць з улады, перадаць у партыі, трэба кадравыя пытанні вырашаць і інш. Усё гэта правільна. Нехта гаворыць, што не час”.

“Я лічу, што не з гэтага трэба пачынаць. Трэба наперадзе паставіць “каня”. Трэба Канстытуцыяй замацаваць, калі мы да гэтага гатовы. Калі мы гатовы сёння да гэтых бесперапынных дэбатаў. Калі мы гатовы стварыць сапраўдную шматпартыйную сістэму, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Нам трэба пачынаць з Канстытуцыі і там прапісваць строга гэтую шматпартыйную сістэму, якая роля партый. Бо ў грамадстве выклічам гэтую бойку. Таму трэба вельмі аккуратна”.

Кіраўнік дзяржавы таксама канстатаваў, што колькасны склад многіх партый цяпер вельмі нізкі.

Звяртаючыся да суддзяў Канстытуцыйнага Суда, ён падкрэсліў высокую ступень адказнасці пры распрацоўцы тых ці іншых прапаноў па змяненні Канстытуцыі. “Там нічога асабістага не павінна быць. Там усё павінна быць нацэлена на тое, што заўтра нас не будзе, а застануцца нашы дзеці і ўнукі, і якое мы грамадства, на падставе якой Канстытуцыі прапануем сфарміраваць. Боль ваш павінен быць звернуты да дзяцей і ўнукаў. І ніякай там не павінна быць “групаўшчыны”. Мы ад гэтага ўсяго павінны адысці і глядзець наперад”, — сказаў прэзідэнт.

На нарадзе з суддзямі таксама абмяркоўвалася фарміраванне канстытуцыйна арыентаванай правасвядомасці ў сучасных умовах. Кіраўнік дзяржавы згадзіўся з тым, што “зярняты” гэтага працэсу павінны закладвацца чалавеку яшчэ ў школе. Аднак асаблівы акцэнт прэзідэнт зрабіў менавіта на рабоце ў ВНУ. “Хацелася б, каб вы хаця б у нашых асноўных ВНУ выкладалі і назіралі за тым, што там адбываецца. Вы класныя спецыялісты, аўтарытэтныя. Вас студэнты будуць слухаць. Заадно вы адчуеце, на якім жа ўзроўні і што ў рэшце рэшт мы выкладаем будучым юрыстам. У нас вельмі шмат праблем, і я асабіста з імі сутыкаюся часта, разглядаючы тыя ці іншыя пытанні, кантралюючы іх. У нас вельмі шмат праблем сярод практыкуючых юрыстаў”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы прывёў у якасці прыкладу працэс рэфармавання ў Акадэміі кіравання. “Вось у гэтай частцы, а гэта вялікая сфера дзейнасці дзяржаўных служачых, проста хочам “пералапаціць” акадэмію, рыхтаваць там тых, хто заўтра патрэбны дзяржаве, хто ўмее кіраваць. Адабраць гэтых людзей. А па-другое, вучыць іх таму, што ім патрэбна, пачынаючы ад замежнай мовы, каб свабодна мог размаўляць (заўтра нехта з іх міністр, віцэ-прэм’ер, прэм’ер), і заканчваючы ў тым ліку нават не ведамі, а правасвядомасцю. І лепш за іх (суддзяў Канстытуцыйнага Суда. — Заўв. БелТА.) гэты сегмент ніхто не выбудуе”, — звярнуў увагу прэзідэнт.

Ён адзначыў, што пытанне ўдасканалення адукацыйнага працэсу важна для ўсіх ВНУ, у прыватнасці, у пытаннях праграм, дапаможнікаў, падрыхтоўкі, падбору выкладчыкаў. “Таму што сёння гавораць: вось, зарплата выкладчыкам… А з іншага боку, за што плаціць? Жывога ж нічога няма. Вось з айцішнікамі сутыкнуліся, я гавару: паглядзіце на ВНУ. Прыходзяць, за галаву бяруцца, кажуць: мы гатовы грошы плаціць і нават падбіраць будзем выкладчыкаў, каб яны нам рыхтавалі спецыялістаў, таму што тое, што ёсць у ВНУ, — учарашні дзень. Вось і плаці зарплату. Але і мы ў гэтай частцы вінаватыя. Мы павінны гэты працэс штурхнуць”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

“Мы некалі за школу ўчапіліся, нешта там робім. Быццам і нешта зрабілі. Я бачу гэта па тым, як я “вучуся” цяпер у гэтай школе, праходжу нанова яе (размова пра ўвагу да вучобы малодшага сына. — Заўв. БелТА.). Але да ВНУ мы не падышлі. Трэба рыхтаваць новых спецыялістаў. А што тычыцца юрыспрудэнцыі, у гэтай частцы хацелася б таксама, каб члены Канстытуцыйнага Суда гэтую работу вялі. Калі для гэтага трэба нейкае нарматыўна-прававое рэгуляванне, калі ласка, уносьце прапановы, фармалізуем”, — рэзюмаваў прэзідэнт.