Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Мы адкрыты не толькі для дыялогу, але і для сумеснай работы”

- 11:32Інфармацыйная гадзіна

Новасібірская вобласць для Беларусі з’яўляецца адным з найбольш перспектыўных эканамічных партнёраў у Сібіры. Аб гэтым на сустрэчы з губернатарам гэтага расійскага рэгіёна Андрэем Траўнікавым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Размова пачалася з абмеркавання надвор’я. “Беларусы адразу адчулі, што да нас прыехалі не чужыя нам лю­дзі з Сібіры. Надвор’е нармалізавалася. Стала бліжэйшае да сібірскага. Гэта для нас вялікая карысць”, — адзначыў прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў аснове двухбаковага ўзаемадзеяння ляжаць даўнія дружалюбныя і роднасныя адносіны паміж людзьмі, а таксама высокі ўзровень плённага супрацоўніцтва. У Новасібірскай вобласці пражываюць больш за 5 тысяч беларусаў, і многія з іх з’яўляюцца нашчадкамі тых, хто некалі асвойваў Сібір. “У рэгіёне вядуць паспяховы бізнес беларускія прадпрымальнікі. У вас рэгулярна праводзяцца кірмашы тавараў з нашай краіны. Вялікім попытам карыстаюцца нашы прадукты харчавання, абутак, тэкстыль, мэбля”, — сказаў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Новасібірск вядомы як навуковая сталіца Расіі. Апошнія гады гэта адзі­н з ключавых пастаўшчыкоў абсталявання для Беларускай АЭС. “Супрацоўніцтва па запуску электрастанцыі ўзаемавыгаднае. Дзякуючы гэтаму праекту сфарміраваны новыя тэхналагічныя ланцужкі паміж прадпрыемствамі нашай краіны і вашага рэгіёна, — канстатаваў беларускі лідар. — Больш за тое, мы вельмі ўдзячныя расіянам перш за ўсё за тое, што яны нас навучылі будаваць такія аб’екты. Думаю, што нашы будаўнікі і спецыялісты на ключавых напрамках будаўніцтва будуць вам карысныя ва ўсім свеце. Расіяне добра адзываюцца аб рабоце нашых спецыялістаў на АЭС”.

Узаемадзеянне ў навуковай сферы прэзідэнт назваў вялікай перспектывай, і ў найбліжэйшы час будзе вывучана пытанне аб тым, як НАН Беларусі супрацоўнічае з Сібірскім аддзяленнем Расійскай акадэміі навук.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэн­кі, ёсць гатоўнасць пайсці на стварэнне сумесных вытворчасцей, падзяліцца ўжо апрабаванымі тэхналогіямі і выпускаць прадукцыю, запа­трабаваную на рынках не толькі Беларусі і Расіі, але і трэціх краін. Беларусь валодае дастатковымі рэсурсамі, каб забяспечыць патрэбнасці Новасібірскай вобласці ў сучаснай грузавой, пасажырскай, сельскагаспадарчай, дарожна-будаўнічай і камунальнай тэхніцы, таварах лёгкай і харчовай прамысловасці.

У ліку перспектыўных напрамкаў далейшага супрацоўніцтва кіраўнік дзяржавы згадаў сумеснае прадпрыемства па мадэрнізацыі трамваяў “БКМ-Сібір”, створанае пры ўдзеле “Белкамунмаша”, дзе магчыма арганізацыя зборкі тралейбусаў.

“Ёсць перспектывы работы і ў авіяцыйнай сферы. Вы ведаеце, што мы ў сувязі з будаўніцтвам новага авіязавода вынеслі яго з Мінска. Гэта новае прадпрыемства. Мы гатовы яго пашыраць, калі ў вас будзе інтарэс, для тэхнічнага абслугоўвання і рамонту сучасных тыпаў самалётаў”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Беларусь гатова сур’ёзна падключыцца і да праграмы развіцця сельскай гаспадаркі ў Новасібірскай вобласці, як гэта было зроблена з удзелам беларускага боку нават на Сахаліне. У тым ліку прапанавана рэалізаваць па беларускіх праектах будаўніцтва аграгарадкоў і аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры ў сельскай мясцовасці. “Расіі нікуды не дзецца ад гэтага варыянта развіцця сельскай гаспадаркі. Вы цудоўна разумееце і бачыце лепш, чым я, што Расія там, дзе раней вырабляўся хлеб, апусцела. Гэтак жа было б і ў нас, калі б мы не схапіліся за гэтае пытанне”, — заявіў прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў рэгіёне вядзецца будаўніцтва Усхо­дняга абходу Новасібірска і Паўднёва-Заходняга транзіту. “Мы гатовы падключыцца да гэтых праектаў, калі вам будзе выгадна. Вы будуеце і да мала­дзёжнага чэмпіянату свету па хакеі лядовыя пляцоўкі. Калі патрэбны наш вопыт — калі ласка, паглядзіце нашы аб’екты”, — сказаў Аляксандр Лукашэн­ка.

Акрамя таго, прапанавана выкарыстоўваць ліфтавае абсталяванне “Магілёўліфтмаша” пры будаўніцтве і рамонце шматпавярховых жылых дамоў у рэгіёне.

“Словам, мы адкрыты не толькі для дыялогу, але і для сумеснай работы. І гатовы выйсці на пэўныя дамоўленасці, калі гэта будзе патрэбна сібіракам. Беларусь як была вашым родным домам, так яна і застанецца. Мы поўныя рашучасці з нашымі старэйшымі братамі супрацоўнічаць. Але я заўсёды толькі папярэджваю: па-чалавечы. І заўсёды вы знойдзеце водгук у нашай душы. Калі вам патрэбна дзесьці пляцоўка для работы на захадзе з вашымі таварамі, лічыце, што гэта ваша зямля: прыязджайце і будуйце, развівайце свой інтарэс. Мы заўсёды вам дапаможам”, — запэўніў беларускі лідар.

“Помніце, нам наканавана быць разам. Гэта будзе доўгі шлях, калі мы разарвём нашы адносіны. Мы ўсё роўна будзем разам. Гэтак жа і Украіна, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Мы славяне, і мы павінны жыць разам. І будзем жыць. Мы нікому нідзе не па­трэбны. Аб гэтым гаворыць уся наша гісторыя”.

Аказваючы падтрымку Беларусі, Расія перш за ўсё падтрымлівае сябе і свае вытворчасці, адзначыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з губернатарам Новасібірскай вобласці Андрэем Траўнікавым.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што часам гаворыцца аб тым, што Расія ў значнай ступені падтрымлівае або нават корміць Беларусь. Аднак ён нагадаў, што яшчэ з часоў СССР Беларусь выконвала ролю фінішнай вытворчасці, своеасаблівага зборачнага цэха, закупляючы ў Расіі сыравіну і камплектуючыя. “Падтрымліваючы, калі такое ёсць, Беларусь, Расія падтрымлівае перш за ўсё сябе, — заўважыў Аляксандр Лукашэн­ка. — Таму што, вызначаючы больш як 20 гадоў назад курс Беларусі, па якім напрамку нам рухацца, мы ўсё ж такі адназначна вырашылі, што Расія — не проста партнёр, не проста дружалюбная нам дзяржава”.

“Рэсурсы мы ў асноўным закупляем у вас пры ўсіх выгадных і нявыгадных сітуацыях, камплектуючыя купляем у вас”, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што Беларусь — гэта не толькі вядомы трактарны завод і яго прадукцыя, але і нафтахімічныя, нафтаперапрацоўчыя галіны, машынабудаванне. “Гэта фінішная вытворчасць велізарнага комплексу расійскай эканомікі. Калі б Расія нават падтрымлівала Беларусь, падтрымліваючы фінішную вытворчасць, значыць, падтрымлівае ў сябе тых, хто вырабляе сыравіну, матэрыялы, камплектуючыя”, — сказаў прэзідэнт.

Ён прывёў прыклад, што за кошт пастаўкі розных камплектуючых і сыравіны прадукцыя МТЗ прыкладна на 60 працэнтаў расійская, таксама як і па іншых напрамках. Яшчэ адзін прыклад — вытворчасць БелАЗаў, якая ў свой час якраз стваралася для патрэб Расіі і рынку былога Савецкага Саюза.

“Калі палічыць, вы ўбачыце, хто каго падтрымлівае”, — дадаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гавораць аб прагматычнай пазіцыі Расіі: разважанні аб братэрстве і дружбе ўступаюць месца партнёрскім адносінам. “Партнёры дык партнёры. Ніколькі не пярэчу. Мы гатовы да супрацоўніцтва з нашай брацкай Расіяй настолькі, наколькі сёння кіраўніцтва Расіі да гэтага гатова. Толькі мы супраць усялякіх фэйкаў, укідаў, раскручвання розных тэм у СМІ. А апошнім часам мне давялося рэагаваць на тое, што нібыта беларусы б’юць у Мінску рускіх”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён растлумачыў, што калі пачалі разбірацца, то высветлілася, што ў тым выпадку быў канфлікт паміж двума беларусамі. “А з інтэрнэту ўзялі і выкацілі на цэнтральныя сродкі масавай інфармацыі, што нібыта нехта пабіў рускага чалавека. Той чалавек наогул далёка ад рускіх стаіць. Значыць, ёсць попыт на гэтыя тэмы. І ваш прыезд якраз сведчыць аб тым, што разважлівасць заўсёды пераможа, і рускіх з беларусамі сутыкнуць не ўдасца. Ніколі не ўдасца. Прынамсі, пакуль я прэзідэнт”, — рэзюмаваў беларускі лідар.

У сваю чаргу Андрэй Траўнікаў расказаў, што візіт дэлегацыі Новасібірскай вобласці планаваўся яшчэ ў 2017 годзе, аднак па розных прычынах яго тэрміны пераносіліся. Паездка ў Беларусь, паводле яго слоў, аказалася вельмі насычанай і плённай. Дэлегацыя наведала не толькі Мінск, але і іншыя гарады, пабываўшы там на буйных прадпрыемствах, сацыяльных і культурных аб’ектах і азнаёміўшыся з мясцовымі славутасцямі. Так, кіраўніцтва Расійскага рэгіёна наведала Віцебск, Гомель, Магілёў, Бабруйск. Заехалі і на радзіму беларускага прэзідэнта.

У Мінску адбылося IV пасяджэнне Савета дзелавога супрацоўніцтва Беларусі і Новасібірскай вобласці, пасля якога бакі падпісалі некалькі пагадненняў і дагавораў аб развіцці супрацоўніцтва ў сферах прамысловасці, транспарту, навукі і адукацыі.

“Мы тут адчулі не толькі роднае надвор’е, але і гасцінны прыём, жаданне працягваць работу, — заявіў губернатар. — Вы абсалютна правільна сказалі, што мы не лічым, хто адзін аднаму дапамагае. На жаль, сучасны свет такі, што ёсць попыт на фэйкі. Але самае галоўнае, што сібіракі і беларусы не генерыруюць тэмы і не задавальняюць гэты негатыўны попыт. Мы проста разам працуем”.

Паводле даных статыстыкі, у сту­дзені — лістападзе 2018 года тавараабарот Беларусі з Новасібірскай вобласцю склаў $264,3 млн і ў параўнанні з аналагічным перыядам 2017 года павялічыўся на 51 працэнт. Экспарт — $123,3 млн, імпарт — $141 млн. Аснову экспарту склалі пастаўкі трактароў і седлавых цягачоў, грузавых аўтамабіляў, цукру, металаканструкцый з чорных металаў, пруткоў і профіляў алюмініевых, электрычных трансфарматараў, агародніны, панчошна-шкарпэтачных вырабаў. З Новасібірскай вобласці ў Беларусь пастаўляліся нафтапрадукты, абсталяванне для будаўніцтва БелАЭС, рухавікі і генератары электрычныя, пуцявое і сігнальнае абсталяванне, лямпы і трубкі электронныя, насенне рапсу.