Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Мы дакладна ведаем, што будучыня Беларусі — у з’яднанасці народа і нацыянальным адзінстве”

Вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў стала кропкай адліку новай гісторыі краіны. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на ўрачыстым сходзе, прысвечаным Дню Незалежнасці.

Віншуючы ўдзельнікаў урачыстага сходу з Днём Незалежнасці і 75-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэты дзень “стаў кропкай адліку новай гісторыі краіны — мірнай і стваральнай”. Паводле яго слоў, нават пасля доўгіх шчаслівых гадоў пад чыстым небам гэтае свята нязменна вяртае ў адзін з самых цяжкіх і гераічных перыядаў жыцця беларускага народа.

“Больш як тры гады гарэла Беларусь у пекле Вялікай Айчыннай. У першых бязлітасных баях нашы дзяды і прадзеды вучыліся ваяваць, а ў тыле ворага — выжываць і змагацца. Але, бачачы смерць таварышаў, сутыкаючыся з нечалавечай лютасцю, страчваючы родных і блізкіх, захавалі веру ў сябе, веру ў сваё права на жыццё і ў непазбежную перамогу над ворагам. Мы ніколі не забу­дзем, якой цаной дасталася нам гэтая перамога”, — заявіў прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што вайна магла паставіць кропку ў гісторыі краіны і спыніць існаванне беларускага народа, але ў страшных выпрабаваннях праявіўся непахісны беларускі характар і нацыянальная ментальнасць, якія ніколі не паддаваліся рацыянальнаму разуменню тых, хто і раней прыходзіў з мячом на гэтыя землі.

“Мы моцныя ў цяжкасцях. Менавіта ў выпрабаваннях найбольш ярка праяўляецца духоўная сіла беларусаў — сплаў мужнасці, смеласці, імкнення да справядлівасці і гатоўнасці аддаць жыццё, але не стаць на калені, не пакарыцца”, — заявіў беларускі лідар.

“У імя гістарычнай справядлівасці мы не ідэалізуем гісторыю роднай зямлі (не трэба гэтага рабіць ніколі, як мы не рабілі ў навейшай гісторыі), не ўзвышаем яе, але ніколі і нікому не дазволім перапісаць слаўныя старонкі гэтай гісторыі”, — заявіў таксама прэзідэнт.

Ён адзначыў, што сёння вядзец­ца шмат дыскусій на тэму пралікаў, дапушчаных у пачатку Вялікай Айчын­най вайны, і менавіта на гэтай цяжкай для краіны тэме спекулююць розныя дэструктыўныя сілы ўнутры дзяржавы, але часцей звонку. “Гэта праўда, пралікаў было нямала. Раней не прынята было пра іх гава­рыць, і нават у апошнія гады Савецкага Саюза. Гэтыя пралікі ў цяжкія, складаныя перыяды развіцця той ці іншай дзяржавы непазбежныя. Былі гэтыя пралікі і ў нас у 40-х. У адваротным выпадку так хутка немцы не падышлі б да Масквы”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў Беларусі не дазволяць зру­шыць акцэнты той эпохі і перакласці адказнасць за ваенныя страты на людзей, якія да апошняга верылі ў сумленнасць дасягнутых напярэдадні вайны палітычных дамоўленасцей і абяцанняў. “Не дазволім адвесці ўвагу ад сапраўдных віноўнікаў катастрофы XX стагоддзя — гэта сёння мэта тых, хто бамбіць гісторыю Вялікай Айчыннай вайны. Мы не будзем судзіць мінулае, але будзем атрымліваць з яго ўрокі, няхай нават жорсткія, непрыемныя”, — заўважыў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што за мір трэба змагацца ў мірны час. “Бачачы, як у сучаснай гісторыі дэвальвуецца існуючая сістэма міжнародных адносін, зноў абясцэньваецца чалавечае жыццё, мы павінны абавязкова трымацца разам. Разам абараняць наш суверэнітэт, змагацца супраць войнаў і канфліктаў сваёй актыўнай пазіцыяй. Не адмоўчвацца, а заклікаць краіны свету да прыняцця адказных рашэнняў, каб пагасіць усе гарачыя кропкі на нашай планеце. Калі бу­дзем маўчаць па прынцыпе “наша хата з краю” — заўтра гэта ўсё прыйдзе ў наш дом. А яно ўжо недалёка”, — падкрэсліў ён.

“Гісторыя навучыла нас берагчы мір і незалежнасць, пакідаючы рознагалоссі і супярэчнасці ў мінулым. Мы дакладна ведаем, што будучыня Беларусі — у з’яднанасці народа і нацыянальным адзінстве. Гэта самае вялікае дасягненне нашай дзяржавы і самая лепшая спадчына, якую мы пакінем нашым дзецям і ўнукам”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў прэзідэнта, лёс беларускага народа — гэта шлях да стварэння суверэннай дзяржавы даўжынёй у некалькі эпох. На гэтым шляху было ўсё: і ўздымы, і заняпады. “Мы здабывалі дзяржаўнасць і былі самымі цывілізаванымі на гэтай тэрыторыі. Сёння, углядваючыся ў па­дзеі мінулых стагоддзяў, мы бачым, як у цэнтры віру гістарычных падзей і лёсаў складана, але ўпэўнена фарміраваўся беларускі народ, мы з вамі фарміраваліся. А ў свядомасці лю­дзей умацоўвалася думка аб стварэнні ўласнай дзяржавы па праве сваёй нацыянальнай унікальнасці і наяўнасці гістарычнай тэрыторыі. Але так склалася, што менавіта нам выпаў шанс спраўдзіць гэтую мару. Мы здабылі суверэнітэт і разумеем вялікі гістарычны маштаб гэтай падзеі”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што на планеце жывуць дзве тысячы вялікіх і малых народаў, але толькі дзясятая частка з іх змагла стварыць уласную дзяржаву і зрабіць так, каб яна адбылася. “І тое, што за чвэрць стагоддзя сваёй незалежнасці ва ўмовах моцнага палітычнага, інфармацыйнага і эканамічнага націску (вы памятаеце, гэта зусім нядаўна было) нам удалося абараніць суверэнітэт, захаваць мір і парадак у краіне, — гэта стала нашай з вамі агульнай перамогай у навейшай гісторыі Беларусі. Перамогай без вайны, што вельмі важна”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што Беларусь, памятаючы ўрокі мінулага, вядзе міжнародны дыялог на прынцыпах добрасуседства і ўзаемнай павагі, у краіне захоўваюць і падтрымліваюць міжканфесійную і ўнутрынацыянальную згоду, імкнуцца да справядлівага і гарманічнага развіцця грамадства.

“Усё, што зроблена сёння ў Беларусі, нязменна асацыіруецца са знакам самай высокай якасці. І гэта дзякуючы вам, усім, хто любіць сваю краіну, працуе сумленна ў імя нашай агульнай мэты — зрабіць яе сучасную гісторыю слаўнай і яшчэ прыгажэйшай. Мы ведаем, што ўсё дасягальна, але толькі калі будзем верыць ва ўласныя сілы, захаваем мір і зробім усё магчымае ў імя гэтага жыцця на зямлі”, — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.