Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Мы гатовы разам працаваць, толькі так, каб і вы былі зацікаўлены ў гэтым”

- 10:51Інфармацыйная гадзіна

Беларусь і Валагодская вобласць могуць распрацаваць новыя сумесныя вытворчасці ў інтарэсах усёй Расіі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з губернатарам гэтага расійскага рэгіёна Алегам Куўшыннікавым.

“Мы гатовы разам працаваць, толькі так, каб і вы былі зацікаўлены ў гэтым. Думаю, у нас добры вопыт. Мы можам стварыць не толькі сумесныя прадпрыемствы, але і з нуля распрацаваць вытворчасці, якія патрэбны будуць не толькі на Валагодчыне, але і ва ўсёй Расіі, у Беларусі. Таму вельмі добра, што вы прыехалі ў гэты час у Беларусь”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў прэзідэнта, Беларусь і Валагодская вобласць могуць рэалізаваць паспяховыя праекты як па вытворчасці тэхнікі, так і ў сельскай гаспадарцы. “Я інфармаваны аб зацікаўленасці Валагодчыны супрацоўнічаць з Беларуссю. Мне здаецца, што мы можам “склеіць” нешта добрае, асабліва на базе металургічнага завода, дзе мы ўжо сумесна вырабляем пэўную тэхніку. Ведаю аб вашых праектах, імкненні і жаданні выйсці на больш высокія рубяжы ў забеспячэнні прадуктамі харчавання”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Алег Куўшыннікаў расказаў, што яго рэгіён мае пакет прапаноў, якія абмяркоўваюцца з найбуйнейшымі беларускімі прадпрыемствамі. “Ідуць перагаворы. Мы рушылі наперад вельмі далёка па стварэнні праекта “Саюзны трактар”. На сённяшні дзень у Валагодскай вобласці выпушчана больш як 6,5 тысячы сумесна вырабленых трактароў. Цяпер у Расіі кожны трэці колавы трактар вырабляецца менавіта ў Чарапаўцы, гэта сумеснае прадпрыемства”, — звярнуў увагу губернатар.

Дэлегацыя Валагодскай вобласці наведала Беларусь 4—6 чэрвеня. Напярэдадні адбылося пасяджэнне сумеснай камісіі па развіцці супрацоўніцтва, прадстаўнікі Расійскага рэгіёна азнаёміліся з работай Мінскага трактарнага завода і лінейкай выпускаемай тэхнікі, правялі шэраг дзелавых сустрэч.

У Валагодскай вобласці створана зборачная вытворчасць беларускіх трактароў на базе Чарапавецкага ліцейна-механічнага завода, ёсць суб’ект тавараправоднай сеткі МТЗ, арганізавана шырокая дылерская сетка беларускіх машынабудаўнічых прадпрыемстваў.

Як паведаміў пасля сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам губернатар Валагодскай вобласці Расіі Алег Куўшыннікаў, Чарапавецкі ліцейна-механічны завод падвоіць аб’ёмы вытворчасці беларускіх трактароў і павялічыць лакалізацыю вытворчасці.

“Галоўны наш праект — гэта стварэнне “саюзнага” трактара, які збіраецца на чарапавецкай прамысловай пляцоўцы і ўжо стаў вельмі папулярным у Расійскай Федэрацыі. Галоўнае, аб чым мы дамовіліся, — гэта аб лакалізацыі вытворчасці трактарнай тэхнікі менавіта ў Валагодскай вобласці, у Чарапаўцы, павелічэнні аб’ёмаў вытворчасці ў два разы — да 3,5 тысячы адзінак, аб’яднанні гандлёвых дамоў для рэалізацыі трактарнай тэхнікі не толькі ў Расіі, але і краінах СНД”, — расказаў Алег Куўшыннікаў.

Прадпрыемства ў Чарапаўцы пасля павелічэння лакалізацыі разлічвае атрымаць ільготы ад расійскага ўрада для развіцця вытворчасці беларускай тэхнікі. “Мы запрасілі Прэзідэнта Беларусі ў Валагодскую вобласць для таго, каб перарэзаць стужку на выпуск першага “саюзнага” трактара, які атрымае ўсе неабходныя прэферэнцыі ад урада Расіі і стане абсалютна канкурэнтаздольным на ўсіх рынках”, — дадаў губернатар.