Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Мы хочам быць суверэннымі і незалежнымі, і ў гэтых адносінах мы аднолькава набліжаны да ўсіх цэнтраў сілы нашай планеты”

- 10:42Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка разлічвае на паступовае паляпшэнне адносін паміж Беларуссю і Злучанымі Штатамі Амерыкі. Аб гэтым ён заявіў на сустрэчы з памочнікам дзяржаўнага сакратара ЗША па еўрапейскіх і еўразійскіх справах Ааранам Уэсам Мітчэлам.

“Ужо сам факт вашага знаходжання ў сталіцы Беларусі сведчыць пра многае. Асабіста я вельмі разлічваю, што гэта будзе сапраўды гістарычны візіт, з якога пачнецца, няхай паступовы і павольны, выхад з таго стану, у якім знаходзяцца беларуска-амерыканскія адносіны”, — сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што апошнім часам адбыліся сур’ёзныя зрухі ў двухбаковых адносінах. “Але я іх не назваў бы кардынальнымі змяненнямі, якіх патрабуе час у гэтым рэгіёне”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў прыхільнасць да суверэнітэту і незалежнасці Беларусі і адзначыў гатоўнасць краіны развіваць адносіны з партнёрамі ў розных рэгіёнах свету. “Мы і праводзім такую палітыку: суверэнная і незалежная Беларусь, нягледзячы на тое, Еўрасаюз гэта, Кітайская Народная Рэспубліка, Злучаныя Штаты або Расія (адносіны з гэтымі краінамі. — Заўвага БелТА.). Мы хочам быць суверэннымі і незалежнымі, і ў гэтых адносінах мы аднолькава набліжаны да ўсіх цэнтраў сілы нашай планеты. Нават у самы складаны час нашых адносін я не пераставаў гаварыць аб тым, што мы вельмі зацікаўлены ў добрых адносінах з вашай краінай”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

“Мы хочам быць не проста адкрытымі для ўсяго свету, праводзіць адкрытую палітыку, — мы хочам быць прадказальнымі. Мы ніколі не здраджвалі гэтым прынцыпам. Таму да нас нармальна ставяцца многія краіны свету. Так, напэўна, у ЗША ацанілі нашу шчырасць у гэтай палітыцы, — дадаў кіраўнік дзяржавы. — Калі мы з вамі рушым наперад у нашых адносінах, я вам абяцаю, што беларусы ў вас будуць самымі надзейнымі, сумленнымі і шчырымі партнёрамі. Прынамсі, калі мы дамовімся і ў Беларусі нешта вам паабяцаем, нават на шкоду сабе мы гэта выканаем”.

У сваю чаргу памочнік дзяржсакратара ЗША падзякаваў за гасціннасць і падкрэсліў значэнне, якое ЗША ўдзяляюць пытанню незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі. “Мы цудоўна разумеем глыбокія і блізкія ўзаемаадносіны вашай краіны і Расійскай Федэрацыі, якія склаліся гістарычна. І мы цудоўна разумеем той поспех, якога вы дабіліся ў справе забеспячэння стабільнасці, тэрытарыяльнай цэласнасці. У першую чаргу палітычнай стабільнасці ў Беларусі”, — сказаў ён.

Ааран Уэс Мітчэл таксама запэўніў, што ЗША бачаць вялікі патэнцыял у развіцці як дыпламатычных, так і эканамічных сувязей з Беларуссю.

Беларусь і ЗША супрацоўнічаюць у галінах супадаючых інтарэсаў і па пытаннях гарантавання глабальнай і рэгіянальнай бяспекі, у тым ліку ў сферы барацьбы з міжнароднай арганізаванай злачыннасцю і міжнародным тэрарызмам, прадухілення незаконнага транзіту ядзерных і радыеактыўных матэрыялаў.

ЗША падтрымліваюць працэс далучэння Беларусі да СГА. Паміж краінамі дзейнічаюць міжурадавыя пагадненні ў галіне эканамічнага супрацоўніцтва, садзейнічання банкаўскай дзейнасці, па пытаннях скарачэння стратэгічных узбраенняў і нераспаўсюджвання зброі масавага знішчэння і ў іншых сферах.
З ЗША за 2017 год паступіла інвестыцый на суму $66,7 млн, у тым ліку $55,1 млн прамых інвестыцый.