Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Мы хочам, каб прыватызацыя не была нейкай сферай напружання ў грамадстве”

- 10:50Інфармацыйная гадзіна

Беларускія ўлады не супраць прыватызацыі, але яна не павінна быць абвальнай або шокавай. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з віцэ-прэзідэнтам Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця Аланам Пію.

“Вы ведаеце нашы падыходы да прыватызацыі дзяржаўнай уласнасці, аб’ектаў. Я не думаю, што мае погляды на прыватызацыю маюць нейкі асаблівы характар і вельмі ўжо адрозніваюцца ад тых падыходаў, якія прапаведуе Еўрапейскі банк. Мы абсалютна не супраць працэсаў прыватызацыі, гэта цалкам натуральная норма. Але мы зыходзім з таго, як, напэўна, і ўсе разважлівыя людзі, што, калі дзяржава не можа кіраваць нейкімі актывамі, калі дзяржаве не да гэтых актываў, трэба аддаць іх эфектыўнаму ўласніку. Мы з гэтага зыходзім, і гэта галоўнае. Мы супраць абвальнай і шокавай прыватызацыі. Гэта сутнасць нашага падыходу”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што аб’екты, якія належаць дзяржаве, ствараліся ўсім народам, асабліва ў былыя часы. “І ўзяць росчыркам пяра, агулам іх прадаць за бясцэнак — гэта значыць парадзіць несправядлівасць, узбудара­жыць народ, які выкажа сваё незадавальненне, як гэта ў суседніх рэспубліках былога Савецкага Саюза. Таму мы хочам, каб прыватызацыя не была нейкай сферай напружання ў грамадстве. Гэта галоўнае”, — адзначыў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка перакананы, што перадача дзяржуласнасці прыватным інвестарам павінна прыносіць карысць краіне. Яе вынікам павінны стаць добрая заработная плата для работнікаў прыватызаваных прадпрыемстваў, стварэнне новых рабочых месцаў і рэгулярныя паступленні ў бюджэт дзяржавы.

У цэлым прэзідэнт высока ацаніў су­працоўніцтва Беларусі з Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця. “Я бачу вельмі вялікія перспектывы. Мы шмат чаму навучыліся ў вас, па вашых рэкамендацыях. Я вам удзячны за тыя асабліва інфраструктурныя, праекты, якія мы рэалізуем разам з вамі”, — сказаў ён.

За час супрацоўніцтва з Беларуссю ЕБРР інвесціраваў у эканоміку краіны амаль 2 млрд еўра. У 2017 годзе аб’ём інвестыцый склаў 163 млн еўра. “Гэта добрыя аб’ёмы. Я так разумею, што мы для Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця з’яўляемся прымальнымі партнёрамі, — дадаў кіраўнік дзяржавы. — Мяне асабліва радуе тое, што банк зрабіў пэўную перанастройку нашых адносін, цікавіцца нашым дзяржаўным сектарам і, самае галоўнае, згодны пашыраць супрацоўніцтва на дзяржаўны сектар эканомікі”.

У сваю чаргу віцэ-прэзідэнт Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця Алан Пію на сустрэчы з кіраўніком беларускай дзяржавы Аляксандрам Лукашэнкам высока ацаніў узровень аздараўленчага і экалагічнага турызму ў Беларусі.

Віцэ-прэзідэнт ЕБРР падзяліўся сваімі ўражаннямі ад наведвання санаторыя “Пліса” ў Глыбоцкім раёне, дзе праходзіла выязное пасяджэнне рэгіянальнай групы ЕБРР (краін Усходняй Еўропы, у тым ліку Беларусі, а таксама Каўказа). Паводле яго слоў, удзельнікам вельмі спадабалася гэтае месца. “Я спадзяюся, што нашы 220 супрацоўнікаў, якія былі там, будуць актыўна прапагандаваць аздараўленчы і экалагічны турызм у Беларусі, таму што ўсе яны пад вялікім уражаннем”, — сказаў Алан Пію.

Ён таксама заўважыў: “Мы вельмі актыўна супрацоўнічаем з Беларуссю ў галіне кіравання воднымі рэсурсамі, водаачысткі ў беларускіх гарадах. Гэта вельмі важна для насельніцтва”.

Віцэ-прэзідэнт Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця адзначыў паляпшэнне індыкатараў работы беларускай эканомікі.

“Што тычыцца індыкатараў работы беларускай эканомікі, то яны паказваюць пазітыўнае паляпшэнне па шэрагу напрамкаў, — сказаў Алан Пію. — Гэта тычыцца такіх паказчыкаў, як эканамічны рост і інфляцыя, якія знаходзяцца пад кантролем. Два гады назад мы адмовіліся ад абмежаванняў нашай дзейнасці ў Беларусі, што дало нам магчымасць істотна актывізаваць работу па інфраструктурных праектах у краіне”.

У ходзе візіту віцэ-прэзідэнта ЕБРР Алана Пію ў нашу краіну адбылося некалькі сустрэч з кіраўніцтвам беларускіх дзярж­органаў. Алана Пію таксама наведаў Кітайска-беларускі індустрыяльны парк “Вялікі камень”.