Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Мы людзі, якія паходзяць ад аднаго кораня, мы народы аднаго дрэва — расіяне і беларусы”

Інтарэсы Беларусі і Расіі ніколі не супярэчаць адзін аднаму. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з Аляксандрам Сурыкавым з нагоды завяршэння яго дыпламатычнай місіі ў Беларусі.

“Я цудоўна разумею, хто такі пасол і што ён усё роўна з’яўляецца чалавекам адносна несвабодным: ён прадстаўляе пункт гледжання кіраўніцтва краіны, перш за ўсё прэзідэнта. Тым не менш як рускі чалавек, як чалавек, які нямала пражыў у той адзінай краіне, Аляксандр Аляксандравіч заўсёды бачыў Беларусь не як чужую. Мне гэта вельмі падабалася, і я гэта вельмі цаню”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

“Я ведаю афіцыйны пункт гледжання пасла Расіі ў Беларусі і ведаю яго ўнутраны стан, калі ён гаворыць аб рускіх, беларусах. Думаю, нашы пазіцыі тут супадаюць. Мы людзі, якія паходзяць ад аднаго кораня, мы народы аднаго дрэва — расіяне і беларусы. І нікуды ад гэтага не дзецца, як бы камусьці ні хацелася”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён канстатаваў, што ў Беларусі і Расіі ёсць розныя інтарэсы, але яны ніколі не супярэчылі адзін аднаму. “Я не дарэмна сказаў аб тым, што анёл-ахоўнік для Беларусі — Расія, як для Расіі — Беларусь, нягледзячы на розніцу і велічыні, гэта не мае ў дадзеным выпадку ніякага значэння”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падзякаваў расійскаму дыпламату за яго работу ў Беларусі і намаганні па ўмацаванні двухбаковых адносін паміж краінамі. “Ваша работа тут застанецца ў гісторыі значнай падзеяй. Дай бог, каб тыя паслы, якія будуць тут працаваць, змаглі паўтарыць менавіта тое, што зрабіў пасол Сурыкаў — пасол Расійскай Федэрацыі ў Беларусі. Калі будзе так, я буду толькі задаволены”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы дадаў, што перад сустрэчай у яго адбылася тэлефонная размова з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным у развіццё дасягнутых на мінулым тыдні ў Сочы дамоўленасцей. Бакі ўзгаднілі папярэднюю дату сустрэчы з удзелам членаў урадаў. Абмяркоўвалася ў час размовы і работа пасла Расіі ў Беларусі. “І я яму сказаў, што мы сустракаемся з Аляксандрам Аляксандравічам Сурыкавым, выказаў свой пункт гледжання наконт яго работы. Ён кажа: “Я вельмі рады, што ты так высока цэніш работу нашага пасла, ён жа больш за дзесяць гадоў працуе — вядома, гэта беспрэцэдэнтны выпадак”, — расказаў беларускі лідар.

Аляксандр Сурыкаў адзначыў, што працуе ў Беларусі ўжо 12 з паловай гадоў — гэта палова тэрміну дыпламатычных адносін паміж краінамі. “Я паставіў, напэўна, своеасаблівы рэкорд сярод расійскіх паслоў у Беларусі. Думаю, і ў СНД, шчыра кажучы. Я вельмі ўдзячны вам у першую чаргу за канцэптуальна правільную ацэнку нашых узаемаадносін. За гэты перыяд дзякуючы вам, Уладзіміру Уладзіміравічу, некаторым намаганням нашых пасольстваў у нас атрымалася, нягледзячы часам на шурпатасці, зблізіць пазіцыі народаў і Расіі, і Беларусі”, — звярнуў увагу дыпламат.

У час сустрэчы прэзідэнт уручыў расійскаму паслу падарункі, сярод іх — выразаная з дрэва карта Беларусі з выдатнымі мясцінамі.