Аляксандр Лукашэнка: “Мы не дазволім губіць дзяржаўныя і іншыя прадпрыемствы”

- 10:50Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў актывізаваць работу па спагнанні знешніх дэбіторскіх запазычанасцей. На гэтым кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу на праведзенай нарадзе.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў гэты няпросты час бічом для эканомікі і дзяржаўных фінансаў стала праблема невяртання дэбіторскай запазычанасці. “Гэта значыць, што нашы прадпрыемствы пастаўляюць тавар, а грошы або не атрымліваюць наогул, што падобна да злачынства, або атрымліваюць несвоечасова, праз паўгода, а то і праз год і гады. Гэта значыць, што асобныя прадпрыемствы тавар аддалі, а грошай няма. Утвараецца дэбіторская запазычанасць. Краіна, прадпрыемствы, калектывы недаатрымліваюць грашовыя сродкі”, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.
Пры гэтым прэзідэнт падкрэсліў: “Калі гэта ўнутраная запазычанасць, то мы хутка разбяромся з такімі праблемамі, але самае небяспечнае, што дэбіторская запазычанасць знешняя”. Ён нагадаў, што для вырашэння гэтых пытанняў былі прыняты жорсткія рашэнні, асабліва ўнутры краіны. “Апошні прыклад па алкаголі: тыя, хто не разлічыўся за запазычанасці да 1 верасня, знайшлі свае месцы ў следчым ізалятары. І так будзе ў далейшым. Мы не дазволім губіць дзяржаўныя і іншыя прадпрыемствы, якія займаюцца вытворчасцю, рознаму жуллю”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
На нарадзе разглядалася, як вырашаецца гэтая праблема на Мінскім трактарным заводзе.