Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Мы не маем намеру ламаць тую схему сацыяльнай дзяржавы, якая намі выпрацавана”

Прапановы Міжнароднага валютнага фонду па перспектывах адносін з Беларуссю не выклікаюць непрымання. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з кіраўніком місіі МВФ па Беларусі Пітэрам Долманам.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ён знаёмы з прапановамі МВФ па перспектывах адносін з Беларуссю і па асноўных момантах будучай праграмы. “Павінен сказаць, што ў мяне ні адзін пункт, які прапаноўваецца, не выклікае ніякага непрымання, ніякай алергіі”, — сказаў кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, прапановы фонду грунтуюцца на абсалютна аб’ектыўных законах эканомікі, жыцця.
“Формула адна: атрымліваеш паслугу — плаці за гэтую паслугу ў поўным аб’ёме. Ці то электрычнасць, цяпло, транспартнае абслугоўванне і гэтак далей”, — сказаў кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што “пытанне толькі ў адным — у тэрмінах”. “Не думаю, што ў нас будзе вельмі вялікая разбежка ў разуменні гэтых тэрмінаў і ў тэрмінах наогул, — выказаў упэўненасць прэзідэнт. — Мы таксама нацэлены на тое, каб прапановы, якія мы выпрацавалі разам з вамі, рэалізаваліся ў гранічна кароткія тэрміны”.
Кіраўнік дзяржавы з задавальненнем адзначыў, што Беларусь і МВФ дакладна выконваюць дамоўленасць па прапрацоўцы праграмы, якая павінна паслужыць асновай супрацоўніцтва. Аляксандр Лукашэнка дадаў, што памятае выніковую сустрэчу ў Нью-Ёрку з дырэктарам-распарадчыкам МВФ Крысцін Лагард. Прэзідэнт прызнаўся, што пасля гэтай сустрэчы ён іншымі вачыма паглядзеў на адносіны Беларусі з Міжнародным валютным фондам і на МВФ наогул.
У ходзе размовы з кіраўніком місіі МВФ па Беларусі Пітэрам Долманам Аляксандр Лукашэнка асобна падкрэсліў, што падабаецца гэта фонду або не, але “мы не маем намеру ламаць тую схему сацыяльнай дзяржавы, якая намі выпрацавана”. “Проста сэнс у тым, што мы не можам кінуць ніводнае дзіця, ніводнага старога, інваліда без дапамогі нашага грамадства, дзяржавы, — растлумачыў прэзідэнт. — У гэтым сэнс сацыяльнай дзяржавы. Мы не можам іх проста выкінуць на абочыну дарогі, па якой мы ідзём”.
Усе астатнія прапановы фонду, як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, можна рэалізаваць у Беларусі. “Мы гатовы ў гэтым напрамку прадоўжыць работу”, — сказаў кіраўнік дзяржавы і выказаў пажаданне, каб у выпадку дасягнення дамоўленасцей не зацягваліся тэрміны.
У сваю чаргу Пітэр Долман падзякаваў Прэзідэнту Беларусі за адкрытасць, якую ён прадэманстраваў у час сустрэчы. Паводле слоў кіраўніка місіі МВФ, гэта знак вельмі адкрытага і плённага ўзаемадзеяння, якое ўжо развіваецца паміж МВФ і Беларуссю. Пітэр Долман адзначыў, што ў МВФ і беларускага боку адны мэты па пабудове эфектыўнай эканомікі Беларусі, якая развіваецца. МВФ таксама ўдзяляе павышаную ўвагу абароне насельніцтва, прадастаўленню неабходнай падтрымкі тым, хто мае ў гэтым патрэбу.