Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Мы не павінны паказаць людзям, што паслухалі іх і забылі. Мы павінны паказаць, што рэагуем на іх патрабаванні”

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Наталлю Качанаву.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што апошнім часам у ходзе мерапрыемстваў абмяркоўваліся самыя розныя тэмы, прымаліся рашэнні. У тым ліку па выніках “Вялікай размовы з прэзідэнтам”, пасяджэння Савета бяспекі, на якім абмяркоўваўся праект Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі Беларусі, тэматычных нарад. “Па многіх пытаннях эканамічнага характару вызначыліся, інтэграцыйныя працэсы разглядалі — адносіны з Расіяй, Еўрасаюзам, у ЕАЭС, АДКБ і г.д. Прыняты важныя рашэнні”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

“Усё, аб чым мы гаварылі, што абмяр­коўвалі публічна і непублічна, павінна быць рэалізавана”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнт, у прыватнасці, акцэнтаваў увагу на пытаннях, што паступілі напярэдадні “Вялікай размовы”. “Калі 3 тысячы пытанняў ад людзей паступіла напярэдадні маёй размовы з экспертнай супольнасцю, значыць 3 тысячы павінны быць разгледжаны. Недзе даручылі. Потым пераправерыць трэба ўсё роўна, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Мы не павінны паказаць людзям, што паслухалі іх і забылі. Мы павінны паказаць людзям, што рэагуем на іх запатрабаванні. Я разумею, што людзі розныя. Тое, што самі павінны рабіць, яны часам скідваюць на ўладу. Такіх менш. Але ўсё роўна трэба адрэагаваць, каб ведаць, чым жывуць людзі. А там, дзе трэба, падключацца”.

Аляксандр Лукашэнка таксама станоўча ацаніў той факт, што да адпаведных праблемных пытанняў ад грамадзян звяртаюцца і ў СМІ: “Тое, што на тэлебачанні (і ў падагульняючых праграмах) перыядычна звяртаюцца да гэтых пытанняў, пачынаючы ад патрэб людзей, будаўні­цтва жылля і заканчваючы дарогамі, гэта правільна. Трэба ўзяць пад кантроль усе гэтыя пытанні і ўзварухнуць усю краіну, адрэагаваўшы на просьбы і запатрабаванні людзей. Пытанне катэгарычна важнае!”

Прэзідэнт пацікавіўся і ходам падрыхтоўкі маючага адбыцца Паслання беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу, назваўшы гэта самай важнай падзеяй вясны. “Мы даволі глыбока ў тэме, нават да дробязей. Таму трэба прапаноўваць ужо варыянт, каб я мог працаваць далей над гэтым пасланнем, не адкладваючы на доўгі час”, — сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы згадаў і будучыя электаральныя кампаніі, падкрэсліўшы, што будучыя два гады не павінны ўвесці краіну ў нейкія ўзрушэнні, а самі выбары, і адны, і другія, павінны прайсці, як свята. “Але да гэтага трэба падрыхтавацца. У ЦВК няшмат чалавек. Таму гэта ляжа на плечы ўлады, а тут, наверсе, — Адміністрацыі прэзідэнта. Урад на гэтыя пытанні адцягваць ні ў якім разе нельга. Няхай займаецца эканомікай. Гэта галоўнае. Не трэба гэтага ўтойваць, мы павінны рыхтавацца да выбараў, і прэзідэнцкіх, і парламенцкіх”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Як расказала журналістам Наталля Качанава па выніках мерапрыемства, абмяркоўваліся пытанні і даручэнні кіраўніка дзяржавы, якія знаходзяцца на кантролі ў Адміністрацыі прэзідэнта, у тым ліку звароты грамадзян, што паступілі напярэдадні “Вялікай размовы” і не толькі. “Усё гэта знаходзіцца ў нас на кантролі, адпрацоўваецца, і мы строга сочым за тэрмінамі выканання і, вядома, якасцю. Па меры выканання даручэнняў або вырашэння якіх-небудзь задач людзі будуць інфармаваны праз СМІ”, — сказала кіраўнік
Адміністрацыі.

Размова ішла і аб тых пытаннях, якія неабходна вырашаць у плане інфармацыйнай бяспекі. “Гэта нядаўна абмяркоўвалася на пасяджэнні Савета бяспекі. Таму мы далажылі аб той сістэме, якая сёння створана ў Адміністрацыі, і аб той рабоце, якая праводзіцца ў нас. Работа СМІ — гэта таксама пытанні, якімі займаецца, у прыватнасці, Адміністрацыя прэзідэнта”, — адзначыла Наталля Качанава.

Яна таксама пракаменціравала падрыхтоўку будучага прэзідэнцкага паслання: “Цяпер адпрацоўваецца гэты дакумент. Нам у гэтым годзе, з аднаго боку, проста адпрацоўваць, таму што ўсе акцэнты расстаўлены прэзідэнтам, праведзена вялікая колькасць нарад рознага ўзроўню па асноўных відах дзейнасці, прыняты дырэктывы. Цяпер гэта ўсё трэба акумуляваць, і пасланне павінна быць такім сцвярджальным. Усе задачы зразумелыя, і на сённяшні дзень трэба займацца іх рэалізацыяй”.

Што тычыцца падрыхтоўкі прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў, Наталля Качанава падкрэсліла, што ніякай надзвычайнай сітуацыі ў гэтым няма, і ў прынцыпе не трэба рабіць адрознення паміж электаральнымі гадамі і астатнімі. “Трэба працаваць так, каб гэтыя гады нічым не адрозніваліся адзін ад аднаго. Абяцанні павінны выконвацца заўсёды, электаральны гэта або звычайны год. Калі кіраўнік даў абяцанне, яно павінна быць выканана. Лю­дзей ашукваць нельга. Гэта галоўны тэзіс, які заўсёды гаворыць прэзідэнт нашай краіны. Трэба проста адказна праца­ваць, і тады ўсё праходзіць вельмі зладжана, дакладна і зразумела”, — заявіла кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта.