Вучэбныя пытанні сумеснага стратэгічнага беларуска-расійскага вучэння “Захад-2017” адпрацаваны з высокай якасцю. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на Барысаўскім палігоне ў час агляду войскаў, якія ўдзельнічаюць у вучэнні.
“Вучэнне праведзена згодна з зацверджанай задумай, пастаўленыя мэты дасягнуты, вучэбныя пытанні адпрацаваны з добрай якасцю. На належным узроўні вырашаны задачы па сумеснай абароне ва ўмовах сучасных выклікаў і пагроз бяспецы”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Праведзеныя манеўры далі магчымасць павысіць узровень зладжанасці органаў ваеннага кіравання і аператыўнай сумяшчальнасці штабоў розных узроўняў, а таксама баявую і, самае галоўнае, таварыскую ўзаемадапамогу беларусаў і расіян пры выкананні вучэбна-баявых задач. “Камандзіры і штабы атрымалі добрую практыку ў планаванні дзеянняў войскаў. Паказаны высокі ўзровень і майстэрства ў палявой, паветранай вывучцы асабовага складу злучэнняў і воінскіх часцей, якія ўваходзяць у склад рэгіянальнай групоўкі”, — адзначыў прэзідэнт.
Вучэнне “Захад-2017” таксама дало магчымасць апрабаваць на практыцы палажэнні новых статутных дакументаў, вызначыць далейшыя шляхі супрацоўніцтва ў інтарэсах развіцця ўзброеных сіл і ўмацавання абараназдольнасці дзвюх дзяржаў.
Прэзідэнт адзначыў, што сучасная ваенна-палітычная абстаноўка характарызуецца нарастаннем актыўнасці ў ваеннай дзейнасці па ўсім свеце. У гэтых умовах Беларусь разам з брацкай Расіяй гарантуе бяспеку Саюзнай дзяржавы, а таксама краін — удзельніц Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы ва ўсходнееўрапейскім рэгіёне.
“Мы ўсяляк падтрымліваем неабходны ваенны патэнцыял і сумесна прымаем меры па прадухіленні ваенных пагроз Беларусі і Расіі, удасканаленні функцыянавання рэгіянальнай групоўкі войскаў. Пры гэтым сумесная ваенная дзейнасць і супрацоўніцтва з Расіяй у правядзенні вучэнняў не накіраваны супраць трэціх краін і служаць выключна абароне нашых нацыянальных інтарэсаў”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
У гэтым, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, змаглі пераканацца прадстаўнікі ваенна-дыпламатычнага корпуса і шматлікіх міжнародных арганізацый, якія прысутнічаюць на завяршальным этапе вучэння.
“Мы нікому не пагражалі і пагражаць не збіраемся. З нашых зямель не ішлі пагрозы і войны, але той, хто прыходзіў на гэтую зямлю, заўсёды атрымліваў дастойны адпор. Гэта ідэалагічны складнік нашых вучэнняў. Іншага няма і быць не павінна”, — заявіў беларускі лідар.
Адказваючы на пытанне наконт апаскі напярэдадні вучэнняў з боку шэрага заходніх палітыкаў і ваенных, што датычыліся ў прыватнасці таго, што не ўсе расійскія войскі могуць быць выведзены з тэрыторыі Беларусі, Аляксандр Лукашэнка сказаў: “Я з задавальненнем пракаменцірую гэта праз пэўны час, калі ўсе войскі, якія былі задзейнічаны ў вучэннях, будуць у месцах пастаяннай дыслакацыі, у тым ліку і расійскія”.
Тым, хто рабіў спробы дыскрэдытацыі беларуска-расійскіх вучэнняў, прэзідэнт параіў “хаця б навучыцца гэта рабіць па-сапраўднаму”. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што пры колькасці беларускай арміі ў памеры 75 тысяч прысутнасць некалькіх тысяч расійскіх войскаў у Беларусі нічога не змяніла б. “Калі нам трэба вырашаць нейкія праблемы, мы іх будзем вырашаць, і ў выпадку нейкага сутыкнення на заходнім напрамку інтарэсы Расіі і Беларусі перш за ўсё пачынае абараняць і ўступае ў вайну беларуская армія. Праз некаторы час згодна з задумай і нашымі ваеннымі планамі сюды імгненна падключаюцца часці Узброеных Сіл Расіі”, — адзначыў беларускі лідар.
Ён падкрэсліў, што спроба дыскрэдытацыі была вельмі непрафесійнай. “Але давайце пачакаем, што яны будуць гаварыць пасля таго, як усе ўзброеныя сілы, і Расіі, і нашы, будуць на месцах свайго пастаяннага знаходжання”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
“Гэта нават каменціраваць няёмка. І гэта ўжо зразумелі тыя, хто гэтым (дыскрэдытацыяй. — Заўв. БелТА.) займаўся”, — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.
“Нападаць мы ні на каго не збіраемся. Але калі нам “дадуць па мордзе”, мы адкажам”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Адным з напрамкаў развіцця арміі і яе тэхнічнага аснашчэння кіраўнік дзяржавы назваў глыбокую мадэрнізацыю ўжо існуючага ўзбраення і тэхнікі. Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што неабавязкова закупляць нейкія дарагія новыя ўзоры за мільёны долараў, калі можна мадэрнізаваць тое, што ўжо ёсць, і атрымаць параўнальныя характарыстыкі. “Мы гэта ўмеем рабіць — і лятальныя апараты, і бранятэхніку, і стралковую зброю”, — падкрэсліў прэзідэнт.
Разам з тым вядзецца работа над новымі відамі ўзбраення. Прыклад гэтага — ракетная сістэма “Паланэз” або айчынныя бронемашыны. Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу, што работа вядзецца перш за ўсё па тых узорах тэхнікі, якія могуць быць запатрабаваны ва ўмовах сучасных ваенных канфліктаў. “Вайна не будзе фронт на фронт. Будуць лакальныя баі. Нам для абароны патрэбны вельмі рухомыя часці, і апошнія войны ў свеце арыентуюць нас на тое, каб мы мелі мабільныя падраздзяленні”, — заявіў ён.
“Самая сучасная высокадакладная зброя тыпу “Паланэз”. У гэтым напрамку мы вельмі сур’ёзна працуем. Не хачу раскрываць дэталі, але мы сапраўды працуем. Мы вельмі шмат чаго дабіліся па беспілотных лятальных апаратах, сёння немагчыма ваяваць, не маючы беспілотнікаў. Вядома, мы ствараем і ўдарныя беспілотнікі — без гэтага нельга. Яны хутка будуць пастаўлены на ўзбраенне”, — сказаў беларускі лідар.
У Беларусі ўдалося захаваць прадпрыемствы і школы ў сферы ВПК, і яны запатрабаваны. “Па ўсіх напрамках мы навучыліся рабіць і будзем пашыраць гэты спектр. Не толькі таму, што трэба ўзброіць нашу армію, — у свеце вельмі вялікі попыт на глыбокую мадэрнізацыю, стварэнне новай тэхнікі. Тое, што мы ўмеем, не толькі вырабляем для сябе, але і паспяхова прадаём на міжнародных рынках”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь пры гэтым нічога забароненага не робіць і не пастаўляе ў іншыя дзяржавы.
Кіраўнік дзяржавы падзякаваў усім журналістам, якія, паводле яго слоў, проста бліскуча адпрацавалі гэтае вучэнне як на этапе падрыхтоўкі, так і на этапе правядзення.
“Павінен адкрыта сказаць, што мэты, якія пастаўлены ў шырокім плане перад вучэннем, былі рэалізаваны не толькі на беларускіх палігонах, але і на расійскіх. Усе элементы вучэння мы адпрацавалі. Вынікі мы яшчэ падвядзём больш канкрэтна, але ў цэлым задачы вырашаны”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Гаворачы аб правядзенні вучэнняў, прэзідэнт яшчэ раз падкрэсліў, што лепш нешта дэманстраваць, чым ваяваць. “Мы ні ад каго не ўтойвалі гэтую дэманстрацыю, паказалі здольнасць Узброеных Сіл Расіі і Беларусі па абароне саюза і інтарэсаў нашых дзяржаў. Гэта сапраўды была дэманстрацыя нашых магчымасцей, без гэтага нельга”, — адзначыў беларускі лідар.
У цэлым прэзідэнт не заўважыў якіх-небудзь недахопаў па ходзе вучэння. “Усё было на вельмі высокім узроўні, і гэтае вучэнне не мела паказушны характар. Гэта было абсалютна практычнае вучэнне, як гэта будзе, не дай бог, вядома, у рэальнай абстаноўцы”, — рэзюмаваў ён.
Кіраўнік дзяржавы павіншаваў ваеннаслужачых з паспяховым завяршэннем вучэння і пажадаў ім далейшых поспехаў у ратнай працы па надзейным гарантаванні бяспекі і мірнай працы двух брацкіх народаў. “Усяму асабоваму складу, які прымаў удзел у вучэнні “Захад-2017” на тэрыторыі Беларусі, аб’яўляю падзяку”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт дадаў, што не першы раз прымае ўдзел у вучэнні “Захад”. “У кожнага са старшых афіцэраў, генералаў у гэтых вучэннях нешта і асабістае. Гэтак жа, як і ў мяне”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы, у прыватнасці, успомніў вучэнне “Захад-81”. “Зусім маладым лейтэнантам мне даводзілася ўдзельнічаць у гэтых вучэннях. Я параўноўваю тыя вучэнні і цяперашнія: вывучка і ўзровень значна выраслі. Вы зусім іншыя салдаты і афіцэры. Але мэты ў нас тыя ж — абараніць незалежнасць нашых дзяржаў, нашы нацыянальныя інтарэсы і проста абараніць нашы сем’і”, — падкрэсліў прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу, што цяперашняе вучэнне стала самым значным і маштабным мерапрыемствам у сістэме сумеснай падрыхтоўкі органаў ваеннага кіравання і войскаў Беларусі і Расіі ў 2017 годзе. “Сімвалічна, што вучэнне праходзіла на беларускай зямлі, дзе ў гады Вялікай Айчыннай вайны разгарнулася небывалае па маштабах усенароднае супраціўленне агрэсару. Мы свята помнім і ганарымся подзвігам пакалення пераможцаў, якое ўратавала чалавецтва ад фашызму. Быць дастойнымі іх нашчадкамі — значыць усімі сіламі ўмацоўваць агульную ваенную бяспеку”, — заявіў беларускі лідар.