Страціць памяць пра Вялікую Айчынную вайну немагчыма пры любой уладзе. Такое меркаванне, адказваючы на пытанні журналістаў пасля цырымоніі ўскладання вянкоў да манумента Перамогі 9 мая, выказаў кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка.
“Вельмі глыбокая гэтая памяць, каб яе страціць. Думаю, гэта немагчыма пры любой уладзе”, — падкрэсліў беларускі лідар.
“Пакуль будуць стварацца фільмы, пісацца кнігі, чытацца вершы і проза пра вайну, пакуль у дзіцячым садзе будуць развучваць вершы і спяваць ваенныя песні, пакуль у навучальных праграмах школ і нашых УВА гэтая тэма будзе асветлена абсалютна сумленна і адкрыта, да той пары мы памяць пра вайну не страцім”, — упэўнены кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт адзначыў, што ў Беларусі традыцыйна шануюць памяць аб Вялікай Айчыннай вайне і на дзяржаўным узроўні праводзяць мерапрыемствы як у Дзень Перамогі, так і ў Дзень Незалежнасці 3 ліпеня. “Гэта ўжо ў крыві беларусаў. Пакуль мы гэтую палітыку будзем працягваць, з нашай памяці, памяці нашага народа Вялікая Айчынная, ды і Другая сусветная вайна, усе войны, якія пракаціліся па Беларусі, застануцца ў нас у памяці”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. Ён дадаў, што ніводная з войнаў, якія адбыліся за апошнія стагоддзі на тэрыторыі краіны, не была патрэбна самой Беларусі. “Вазьміце вайну 1812 года, Першую сусветную, Другую сусветную — гэта што, нашы войны, яны нам патрэбны былі? Але мы заўсёды страчвалі трэць — палову свайго насельніцтва. Ці ж мы можам гэта забыць?” — сказаў прэзідэнт.
Пасля завяршэння афіцыйнай часткі цырымоніі на плошчы Перамогі Аляксандр Лукашэнка з цеплынёй паразмаўляў з ветэранамі і іншымі жыхарамі і гасцямі сталіцы, якія прыйшлі на мерапрыемства. Ён у тым ліку адказаў на пытанне адносна інфармацыі, якая з’явілася, што нехта некаму нібыта забараняў прайсці па горадзе з партрэтамі іх сваякоў, якія ваявалі на франтах Вялікай Айчыннай вайны. “Запомніце: у Беларусі ніколі ніхто святое не забараняў і забараняць не будзе”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Ён нагадаў, што некалькі гадоў назад у Дзень Перамогі існавала практыка арганізоўваць шэсце, калі яго ўдзельнікі разам з ветэранамі, трымаючы ў руках партрэты, ішлі па праспекце да плошчы Перамогі. “Праўда, потым па ўсім свеце гэты так званы бессмяротны полк прайшоў. Гэта было даўно ў нас. Але ветэраны папрасілі: кажуць, ісці не могуць”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, у гэтай сітуацыі ветэранам прапаноўвалі правезці іх на аўтамабілях, каб было прасцей прымаць удзел у шэсці, аднак яны адмовіліся і папрасілі зрабіць фармат больш зручным для іх, і памятныя мерапрыемствы сталі праводзіць выключна на плошчы Перамогі.
“Але калі народ просіцца зноў прайсці з партрэтамі, сцягамі і г. д., у наступным годзе мы гэта арганізуем. Толькі не трэба гэта палітызаваць і заяўляць, што мы ледзь не забараняем нешта. У Беларусі гэтага ніколі не было і не будзе. Кожны мае права ўшанаваць памяць сваіх герояў, прайсціся там, дзе ён лічыць патрэбным, з партрэтам і ўскласці кветкі. Гэта — вялікае, гэта — святое. Так будзе заўсёды ў Беларусі”, — падкрэсліў прэзідэнт.
Адказваючы на пытанне, наколькі адэкватны сучасным рэаліям той бюджэт, які ў Беларусі выдаткоўваецца на ваенную сферу, кіраўнік дзяржавы сказаў: “Па-першае, я не магу мілітарызаваць эканоміку, бо гэта вельмі дорага потым абыходзіцца. Мілітарызацыя эканомікі — не проста фраза. Гэта заводы, фабрыкі і людзі з ваенным мысленнем, якія вырабляюць ваенную прадукцыю. Што будзем рабіць тады, калі яна будзе не патрэбна? Трэба пра гэта думаць. Па-другое, нам сёння не да раскошы. Людзі жывуць пад мірным небам, і нам хацелася б, каб людзі жылі дастойна. Мы не можам велізарныя грошы кідаць на ўтрыманне Узброеных Сіл”.
Кіраўнік дзяржавы таксама падкрэсліў, што беларуская дактрына не грунтуецца на нейкай захопніцкай вайне. “У нас абсалютна абаронная дактрына. І яе сутнасцю з’яўляецца нанясенне нашаму праціўніку, калі раптам хто-небудзь рызыкне з намі ваяваць, непапраўнай шкоды, — сказаў ён. — На гэта грошай у нас хапае. І мы выдаткоўваем столькі, колькі патрэбна, каб выканаць гэтую задачу”.
Аляксандр Лукашэнка дадаў, што грошы ў гэтым пытанні важныя, але гэта не галоўнае. “Перамагае заўсёды народ, а тэхнікі і зброі, каб абараніць краіну, у нас дастаткова. Мы гэта дэманструем і на вучэннях, і на парадах. Так будзе заўсёды”, — рэзюмаваў беларускі лідар.
Братэрская палітыка Беларусі ў адносінах да Расіі не зменіцца, адзначыў прэзідэнт у размове з журналістамі. “Вы ведаеце яе, прынцыпы гэтай палітыкі, ідэйныя, маральныя, духоўныя: гэта нашы родныя браты, і мы не збіраемся сварыцца з імі”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
“Калі Расія вырашыць пайсці далей, мы гатовы паглыбляць наша супрацоўніцтва. Мы за кааперацыю ў эканоміцы, адзіны рынак, за тое, каб у нас не было гэтых недарэчных рознагалоссяў — малочных, мясных, цукровых войнаў і інш. Гэта проста сорамна”, — сказаў прэзідэнт.
Паводле яго слоў, развіццё двухбаковых адносін залежыць ад таго, наколькі Расія сёння гатова, улічваючы інтарэсы беларускага боку, прытрымлівацца курсу інтэграцыі.
“Сёння нашы адносіны не пазбаўлены прагматычнай асновы. І Расія бачыць у супрацоўніцтве з Беларуссю пэўны прагматызм. Тое ж самае і мы. Але замыкацца і спыняцца на гэтым узроўні або на супрацоўніцтве толькі з Расіяй, я ўжо казаў, няправільна. Мы праводзім тую ж палітыку, што і Расія, — дыверсіфікуем нашы адносіны, перш за ўсё эканамічныя”, — дадаў кіраўнік дзяржавы.