Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Мы павінны бачыць людзей”

- 10:36Інфармацыйная гадзіна

Трэба забяспечыць раўнамернае развіццё краіны. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з актывам горада Мінска.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Мінск — гэта асаблівы горад, візітная картка краіны, палітычны, эканамічны, навуковы, культурны цэнтр дзяржавы.

Прэзідэнт нагадаў, як за апошнія дзесяцігоддзі развівалася інфраструктура сталіцы, уключаючы завяршэнне будаўніцтва Палаца Рэспублікі, узвядзенне новага будынка Нацыянальнай бібліятэкі.

Значныя намаганні былі прыкладзены і для будаўніцтва сучасных спартыўных аб’ектаў, што ў тым ліку дало магчымасць на высокім узроўні правесці II Еўрапейскія гульні. “Гэта быў прарыў. Калі хочаце, дыпламатычны прарыў”, — падкрэсліў ён.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўсё пабудаванае застанецца і будучым пакаленням мінчан. “Сёння Мінск з’яўляецца ўзорным горадам для правядзення розных спартыўных і культурных мерапрыемстваў”, — сказаў прэзідэнт.

“Вы помніце наш стадыён “Дынама” (наша нацыянальная гордасць), што там рабілася, вы ведаеце. А Чыжоўка цяпер… Гэта ўжо было хадзячай назвай. Гэтай назвай дзяцей палохалі тады. Лічылася, і ў многім не без падстаў, што ў гэтым раёне адно п’янства, крымінал, зайсці туды страшна было. Ну а цяперашняя Чыжоўка — вы яе бачыце і можаце, людзі старэйшыя, параўнаць. Тое ж самае — Лошыца, Уручча, Чырвоны Бор… У гэтых мясцінах мы пабудавалі самыя развітыя і сучасныя мікрараёны”, — нагадаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у першыя гады яго прэзідэнцтва парадак пачалі наводзіць менавіта са сталіцы. “Па сутнасці, ёю толькі і займаліся першыя гады. Рэсурсы, сілы, якія былі тады, — усё сюды ўкладвалася”, — сказаў беларускі лідар.

“Толькі апошнім часам мы кінулі погляд на рэгіёны. З’явілася такая магчымасць. Праграма развіцця апорных гарадоў, сельскіх паселішчаў, трылогія Года малой радзімы, аддаём доўг вёсцы, раёнам. Сёння там найбольшае адставанне, і трэба забяспечыць раўнамернае развіццё краіны”, — падкрэсліў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што размова ідзе ў тым ліку аб развіцці так званых неперспектыўных вёсак і хутароў. Ён заклікаў, каб і гараджане імкнуліся набыць сабе ўчастак зямлі за горадам.


“Адна з асноўных задач, якую мы вырашым у будучай пяцігодцы, — гэта пераход на электрамабілі, — сказаў на сустрэчы кіраўнік дзяржавы. — Мы проста не павінны тут адстаць. Калі мы адстанем, будзе дрэнна. Таму цяжка, але нам давядзецца бегчы і, па крайняй меры, ні ў якім разе не адстаць”.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў развіцці транспартнай інфраструктуры Мінска зроблены вялікі рывок. Гэта і рэканструкцыя кальцавой аўтадарогі, найбуйнейшых гарадскіх магістралей, будаўніцтва развязак у самых праблемных месцах горада. Акрамя таго, у найбліжэйшы час будзе ўведзена ў строй трэцяя лінія метро.

“Усё гэта дае магчымасць Мінску, нягледзячы на вельмі высокі ўзровень аўтамабілізацыі, заставацца больш-менш камфортным з пункту гледжання транспартнага забеспячэння”, — сказаў прэзідэнт.

Развіваецца Нацыянальны аэрапорт Мінск, куды на працягу 2—3 першых гадоў наступнай пяцігодкі будзе падведзена электрычка са сталіцы.


“Карупцыя — гэта ржа, якая раз’ядае не толькі эканоміку, але і грамадства, увесь уклад, у якім мы жывём і які стварылі. Гэта прыніжэнне чалавека. І я не хачу, каб Беларусь апусцілася ў гэтую бездань”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён звярнуў увагу, што за мяжой ацанілі намаганні Беларусі ў барацьбе з карупцыяй і яе нізкі ўзровень у параўнанні з іншымі краінамі. “У нас не трэба плаціць хабар для таго, каб да некага ў кабінет зайсці. Калі нехта хоча інакш — я не ваш прэзідэнт. І вы не галасуйце за мяне”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

“Я ж не лунаю ў воблаках, разумею, што адбываецца ў краіне. І разумею, што ў многіх выклікала нездавальненне тое, што на нары за апошнія 3—5 гадоў давялося адправіць нямала мінчан. Але паверце, на гэтых людзях кляйма няма дзе ставіць. Слухайце, як можна цярпець, калі абкрада­юць у школах і дзіцячых садах дзяцей, калі займаюцца паборамі, збіраюць нейкія грошы для сябе?” — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама перасцярог тых, хто, магчыма, разлічвае ў ходзе нейкіх рэформ прыбраць да рук частку дзяржаўнай уласнасці. Прэзідэнт адзначыў, што спадзявацца на гэта не трэба. У час сустрэчы з актывам сталіцы ён заявіў, што ў краіне не дапусцілі бяздумнай прыватызацыі вытворчых гігантаў, і дзяржаўны кантроль над гэтымі прадпрыемствамі захаваецца і ў далейшым.

Прэзідэнт таксама адзначыў важнасць таго, каб чуць і мець сувязь са звычайнымі людзьмі. “Мы павінны бачыць людзей, — падкрэсліў ён. — У нас нямала праблем. Першая і самая галоўная — Мінскі гарвыканкам, адміністрацыі раёнаў сталі адрывацца ад рэальных патрэб людзей. Работа часта арыентавана на працэс, а не на вынік. Бюракратызму, валакіты ў вырашэнні надзённых пытанняў жыцця людзей дастаткова”.


У Беларусі рэформа можа быць толькі ў адным напрамку — як удасканаленне таго, што ёсць, адзначыў на сустрэчы Аляксандр Лукашэнка.

“Задачы вельмі няпростыя. І рэформамі гэтыя задачы не вырашыць. Паколькі шмат гавораць пра “перамены”, рэформы, я павінен сказаць, як я разумею гэтыя рэформы і як мы ішлі па жыцці, рэфармуючыся: у Беларусі рэформа можа быць толькі ў адным напрамку — як удасканаленне таго, што ў нас ёсць”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Ён адзначыў, што для гэтага ў краіне ёсць адпаведныя кампетэнцыі і школы.

“У нас задачы вялікай важнасці, якія мы павінны вырашыць. І рэформа — гэта тое, што мы будзем удасканальваць, пашыраць і паглыбляць, што мы ўмеем рабіць. Ствараючы новыя вытворчасці. Рэформы і яшчэ раз рэформы, але як удасканаленне таго, што ў нас ёсць. Ці то адукацыя, ахова здароўя, прамысловасць, ці то сельская гаспадарка”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.


Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што толькі за апошнія некалькі гадоў у сталіцы былі ўведзены ў строй многія аб’екты аховы здароўя, уключаючы бальніцы і паліклінікі. А паказчыкам якасці аказваемых медыцынскіх паслуг з’яўляецца і тое, што па іх звяртаюцца грамадзяне з вялікай колькасці замежных краін.

“Экспарт медыцынскіх паслуг вылічваецца дзясяткамі мільёнаў долараў. Мы, як і многія развітыя дзяржавы — ЗША, еўрапейскія краіны, Ізраіль — лечым замежных грамадзян. Гэта сведчыць пра тое, што наша ахова здароўя ў большасці сваёй прагрэсіўная і запатрабаваная”, — сказаў прэзідэнт.


Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Мінск аб’ектыўна задае тон па многіх сучасных напрамках. Напрыклад, створаны і працуе Парк высокіх тэхналогій, які за мінулы год забяспечыў экспарт паслуг у памеры больш як $2 млрд. У ім больш як 800 кампаній-рэзідэнтаў, у якіх працуюць некалькі дзясяткаў тысяч чалавек. “А гэта ўсё мінчане, якія кор­мяць свае сем’і і, як вы ведаеце, кормяць нядрэнна”, — заўважыў беларускі лідар.

“Але “лічбу” трэба хутчэй укараняць у нас у эканоміцы, сацыяльнай сферы. Мы ж ІТ-краіну вырашылі пабудаваць. І дзе гэта рабіць перш за ўсё, як не ў Мінску? Новыя інфармацыйныя тэхналогіі — гэта разумны горад, паслугі, грамадская бяспека. Без гэтага горад спыніцца ў развіцці. Пры гэтым няўхільнае патрабаванне: усё павінна быць зручным і камфортным для людзей”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Адначасова ён папярэдзіў, што ІТ — гэта добра, але ў многіх сферах тэхналогіі пакуль не могуць у поўнай меры замяніць чалавека, і гэтым напрамкам таксама трэба ўдзя­ляць увагу.


Кіраўнік дзяржавы закрануў тэму работы будаўнічых арганізацый, фарміравання цэн на новае жыллё. У гэтым плане прыняты ўжо шэраг мер па навядзенні парадку, каб усё рабілася празрыста і справядліва. “Нам удалося крыху збіць цэны, перш за ўсё там, дзе людзі стаяць у чарзе. І гэты працэс мы будзем узмацняць. Для нас галоўнае — цана квадратнага метра”, — сказаў прэзідэнт.

“Будзем узмацняць і будаўніцтва арэнднага жылля. Мы паспрабавалі, гэтыя дамы пабудавалі як маласямейкі. Я зайшоў, паглядзеў, успамінаючы сваю мала­досць (двое дзяцей — учацвярых жылі на дзевяці квадратных метрах), а там — двухпакаёвая кватэра ў Бараўлянах. І пабудавалі імгненна. Выдатныя дамы. Колькі ў нас маладых людзей без кватэр сёння — шмат”, — заўважыў Аляксандр Лукашэн­ка.

Паводле яго слоў, хто хоча пабудаваць сабе дадатковыя кватэры, то тут абмежаванняў няма. “Будуйце, плаціце столькі, колькі вы хочаце, і будуйце. Нам трэба забяспе­чыць перш за ўсё людзей, якія не маюць жылля”, — акцэнтаваў увагу беларускі лідар.


У Беларусі зроблена ўсё неабходнае для самарэалізацыі творчых людзей, сказаў беларускі лідар.

“Мы зрабілі для творцаў усё для таго, каб яны маглі тварыць. Тварыце, збірайце залы. Колькі заробіце — усё ваша”, — сказаў прэзідэнт.

Ён адзначыў, што за мінулыя гады былі рэканструяваны многія ўстановы культуры, штогод праводзяцца розныя творчыя фестывалі. “Калі ласка, ідзіце, выступайце”, — заў­важыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў прэзідэнта, па шэрагу напрамкаў, напрыклад у літаратуры, ёсць пакуль яшчэ і нерэалізаваны патэнцыял. “Ёсць над чым працаваць. І трэба працаваць. Калі працуеш, не толькі прэзідэнт, але і Гасподзь дапаможа”, — сказаў ён.