Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Мы павінны дзейнічаць у інтарэсах уласнага народа”

- 11:03Інфармацыйная гадзіна

Беларусь зацікаўлена ў крэдыце МВФ з улікам нацыянальных інтарэсаў. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе аб ходзе перагавораў па праграме пашыранага фінансавання з МВФ.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што адбыліся сустрэчы з кіраўніком МВФ у Нью-Ёрку, а таксама ў Мінску з прадстаўнікамі, якія вядуць перагаворы з нашым урадам. “Мы не знайшлі нейкіх праблем ва ўзгадненні праграм з МВФ. Тое, што прапануецца, разумна, і рана ці позна давядзецца рэалізоўваць. Але пытанне адно: калі, у якія тэрміны і, самае галоўнае, якія ў выніку гэтага будуць наступствы?” — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Ён заявіў: “Хачу, каб ва ўрадзе і Нацыянальным банку цудоўна разумелі маю пазіцыю. Але я яшчэ раз падкрэсліваю: рэзаць па жывым, невядома навошта, каб дагадзіць каму-небудзь, я не збіраюся”. “Мы пойдзем толькі на такія, як вы іх называеце, рэформы (гэта нават не рэформы, гэта нармальнае функцыянаванне дзяржавы), дык вось, мы пойдзем толькі на ўдасканаленне таго, што ў нас ёсць. Толькі тады пойдзем, калі будзем упэўнены, што ў выніку, напрыклад, павышэння тарыфаў на ЖКГ людзі змогуць заплаціць па рахунках”, — запэўніў прэзідэнт.
Ён таксама закрануў тэму прыватызацыі: “Калі гэта прыватызацыя, то мы павінны быць упэўнены, што гэта будзе прыватызацыя сумленная, чыстая, адкрытая і, самае галоўнае, канкурэнтная, у тым ліку пры прыватызацыі таго або іншага прадпрыемства”.
Што тычыцца пытання павышэння пенсіённага ўзросту, то прэзідэнт заявіў: “Калі мы гаворым аб тым, што нам трэба павышаць пенсіённы ўзрост, што нам, дарэчы, МВФ настойліва рэкамендуе, я перад выбарамі гэта сказаў, гэта мая абсалютная перакананасць — нам трэба павышаць пенсіённы ўзрост, і назваў прычыны. Але пры гэтым сказаў, што мы павінны параіцца з народам. Я даручыў Адміністрацыі прэзідэнта, думаю, яны ўжо выпрацавалі нейкі алгарытм, як з народам параіцца”.
Пры гэтым кіраўнік дзяржавы заўважыў: “Калі не мы сёння гэта зробім, то ўсё гэта ляжа на нашых дзяцей. Калі ва ўрадзе ў некага трэнд бегчы паперадзе паравоза, то я хачу папярэдзіць: не рабіце гэтага”.
Як перакананы Аляксандр Лукашэнка, неабходна зыходзіць з інтарэсаў народа. “Мы павінны дзейнічаць у інтарэсах уласнага народа. Калі ў МВФ нас не падтрымаюць і не зразумеюць, у гэтым няма трагедыі. Мы будзем далей з імі працаваць або не працаваць наогул, галоўнае — гэта наш народ і дзяржава. Яны (МВФ. — Заўв. БелТА.) усю праграму пералічылі, я нідзе не сказаў ім “не” — ні па тарыфах, ні па ўзросце, ні па зарплаце. Ні з сяго ні з таго рабіць нельга, зламаем краіну, пакрыўдзім народ, дэстабілізуем становішча і страцім у выніку сэнс”.
Кіраўнік дзяржавы лічыць, што ўсё неабходна рабіць разумна і ўзважана. Прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў адзначыў: “Гэта меры, якія мы ўжо рэалізоўваем або плануем рэалізаваць у найбліжэйшай перспектыве з улікам патрэб эканомікі. Пытанне толькі ў тэрмінах і хуткасці рэалізацыі”.