Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Мы павінны ісці крок за крокам. Для таго, каб рэалізаваць палажэнні саюзнага дагавора”

Прэзідэнты Беларусі і Расіі дамовіліся не ламаць дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з Дзяржаўным сакратаром Саюзнай дзяржавы Рыгорам Рапотам.

“Сутнасць у тым, што мы дамовіліся з прэзідэнтам Пуціным аб тым, што мы не бу­дзем ламаць дагавор, таму што калі мы ўлезем у ломку дагавора, мы разбурым наогул усё, што створана за гэты час. Гэта па-першае, а па-другое, дагавор у поўным аб’ёме не рэалізаваны. Ён сёння актуальны, таму прэзідэнты вырашылі, што нельга кранаць дагавор, а трэба проста выпрацаваць дакументы, матэрыялы (мы назвалі гэта Праграмай дзеянняў па далейшай інтэграцыі Беларусі і Расіі ў рамках саюзнага дагавора)”, — адзначыў беларускі лідар.

“Мы вызначылі тыя рамкі, кропкі, вехі, расставілі флажкі, як паляўнічыя кажуць, за якія мы выходзіць не павінны. Тое, што мы не можам сёння рэалізаваць. Мы адказалі на самае галоўнае пытанне, якое, ведаеце, падкідвалася з усіх бакоў (не ведаю, з якой мэтай): увой­дзе Расія ў склад Беларусі або Беларусь у склад Расіі ці не. Мы адказалі, што гэтага сёння рабіць наогул не трэба. Нават размаўляць на гэтую тэму. І Пуцін на гэта пытанне адказваў. І я тым больш. Няма такой неабходнасці. Ну і па шэрагу іншых пытанняў. Мы вырашылі так, што мы павінны ісці крок за крокам. Для таго, каб рэалізаваць палажэнні саюзнага дагавора”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ў Саюзнай дзяржаве ўсе акцэнты сёння зрушыліся наверх, і чарговы раз многія пытанні плануецца вывесці на ўзровень прэзідэнтаў. “У тым ліку і па нагнаўшых ужо аскоміну і вельмі разгорнутых размовах вакол работы сумеснай рабочай групы, — сказаў прэзідэнт. — Вядома ж, ёсць прынцыповыя вялікія пытанні, якія мы вырашылі адлюстраваць у праграме дзеянняў па рэалізацыі саюзнага будаўніцтва. Ёсць пытанні бягучыя, без вырашэння якіх наогул няма чаго гаварыць пра якую-небудзь інтэграцыю, якія-небудзь праграмы”.

Так, у якасці прыкладу, адзначыў кіраўнік дзяржавы: “У нас сёння каля 80 прадпрыемстваў закрыты Рассельгаснаглядам або нейкім там органам у Расіі, а можа, і ўрадам. Хутчэй за ўсё, урадам. Закрыты для паставак нашай прадукцыі ў Расію. Прытым па надуманай падставе. Можна ж прыняць і абгрунтаваць любое рашэнне. Напрыклад, такое пытанне. Калі мы так адзін з адным сёння строім адносіны, слухайце, пра якую агульную валюту і ўваходжанне або аб’яднанне дзяржаў можна гаварыць… Трэба расчысціць. Гэтага проста быць не павінна ў адносінах паміж дзвюма дзяржавамі”.

Аляксандр Лукашэнка прывёў яшчэ адзі­н прыклад — доступ да дзяржзаказаў. “Усё павінна быць у роўных умовах. І прадпрыемствы Расіі, і Беларусі”, — заявіў ён.

“Або прамысловая кааперацыя, пра якую мы шмат гаворым. Або падатковы манеўр, які падкінулі замест мытных пошлін, аб якіх мы дамаўляліся, што іх наогул у ЕАЭС быць не павінна. Не тое што ў Саюзнай дзяржаве. Або скончыліся ўжо фактычна тэрміны па перагаворах на пастаўкі прыроднага газу і нафты на будучыню. Мноства пытанняў, якія не вырашаюцца. І мы дамовіліся, што, вырашаючы стратэгічныя пытанні, паралельна бу­дзем вырашаць і пытанні тактычнага характару, якія ляжаць на паверхні”, — прадоўжыў беларускі лідар.

“Таму што без вырашэння гэтых пытанняў і размаўляць няма пра што, з нашага боку. Гэта значыць шмат праблем”, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

“Вы павінны гэта трымаць пад кантролем проста. І ўдзельнічаць у гэтых перагаворах як кіраўнік апарату Саюзнай дзяржавы, — сказаў кіраўнік дзяржавы Рыгору Рапоту. — Я гэта гавару да таго, што прай­шло ўжо столькі перагавораў, і вось мне сёння дакладваюць… Адны абяцанні. Перагаворная група наткнулася на нейкае пытанне — урад Расіі абяцае даць, у тым ліку прэм’ер Мядзведзеў, усе каманды, распараджэнні, каб у комплексе вырашаць пытанні. Таму што вызначана тактыка вядзення перагавораў: паабяцалі — забылі, другі раз паабяцалі — забылі. Гэта значыць ідзе незразумелае тармажэнне такіх працэсаў”.

“І чаму я так публічна пра гэта гавару? Таму што ўжо заўтра нам сустракацца з прэзідэнтам Пуціным у Піцеры. І абмяркоўваць вынікі гэтых перагавораў. А абмяркоўваць няма чаго на сёння, таму я папрасіў бы вас узяць гэта пад кантроль і ініцыіраваць, паставіць жорстка пытанне перад расійскім бокам аб тым, што мы павінны ўжо літаральна за некалькі дзён выйсці на нейкія вынікі. Каб мы маглі выпрацаваць парадак дня і абмяркоўваць гэтыя пытанні з прэзідэнтам Пуціным 17—18 ліпеня ў Піцеры. Проста сустрэцца і пасядзець адзін перад адным, ні пра што не гаворачы, — напэўна, гэты час ужо мінуў”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

“Але калі няма зрухаў і мы нічога не гаворым, тады канспіралогія. Вам вядома, як гэта бывае. Таму вельмі шмат пытанняў, якія трэба вырашаць. Ды і па графіках правя­дзення сустрэч нашых вышэйшых органаў — саюзнага ўрада, Вышэйшага дзяржаўнага савета. Думаю, што трэба, дамовіўшыся тут, потым фармалізаваць на Вышэйшым дзяржсавеце гэтыя дакументы, але папярэдне разгледзець на саюзным Саўміне. Часу зусім не засталося. Загналі сябе ў вугал і нічога не робім для таго, каб выйсці адтуль”, — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.