Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Мы павінны прапанаваць рэальную праграму інтэграцыі”

Беларусь гатова да рэальнай інтэграцыі, але без прымусу. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы са старшынёй Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Міхаілам Мясніковічам.

“Мы застаёмся, як заўсёды, прыхільнымі да рэальнай інтэграцыі без прымусу да інтэграцыі (новы тэрмін з’явіўся ў саюзе — “прымус да інтэграцыі”). І дзіўна, што пачалося гэта з прымусу да інтэграцыі Беларусі. Разумееце, пра што ідзе гаворка”, — заявіў беларускі лідар.

Ён нагадаў, што яшчэ разам з першым Прэзідэнтам Расіі Барысам Ельцыным беларускі бок заўсёды ініцыіраваў рэальную інтэграцыю “нашых дзяржаў — Расіі і Беларусі, эканомік, жыцця людзей і гэтак далей. Захоўваючы суверэнітэт і незалежнасць”.

“Мы тады наогул не гаварылі аб тым, што нехта павінен страціць суверэнітэт і незалежнасць. Пры ўсіх цяжкасцях у тыя часы мы знаходзілі развязкі па складаных пытаннях. Калі разбагацелі, асабліва Расія, пачаліся незразумелыя таўкатня і валтузня. І, як я ўжо сказаў, прымус да інтэграцыі”, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь адназначна выступае за рэальную інтэграцыю на класічных прынцыпах, якія ведае ўвесь свет.

Аляксандр Лукашэнка таксама выказаўся ў святле апошніх падзей у беларуска-расійскіх адносінах. Кіраўнік дзяржавы лічыць, што Расія ў ролі вядучай краіны павінна генерыраваць ідэі і ажыццяўляць іх, ісці ў авангардзе. “Гэта не толькі з намі. Проста тое, што адбываецца з Беларуссю, — гэта больш відавочна, гэта ў СМІ, гэта вельмі балюча, можа, для асобных у Расіі. Хаця я сумняваюся, што там балюча. Ідзе балбатня і розныя накаты і прапаганда. Вы, напэўна, чытаеце ўсе гэтыя СМІ. Я ўжо нагадваў, што ўзялі за два тыдні (публікацыі. — Заўвага БелТА.) і Прэзідэнту Расіі перадалі ўсё, што пішуць пра Беларусь, беларускага прэзідэнта і гэтак далей. Але няхай, гэта іх справа”, — адзначыў беларускі лідар.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў таксама аб няхватцы ў ЕАЭС дэкларуемых свабод.

“Тых свабод, якія мы некалі дэкларавалі, сёння практычна няма. Або яны ёсць, можна сказаць мякка, не ў поўным аб’ёме. Дапусцім, свабоднае перамяшчэнне тавараў, паслуг, рабочай сілы і капіталу. Гэта фундамент будаўніцтва нашага саюза. Мы да гэтага часу гэтага не маем. І ведаеце чаму — пафігізм, які грунтуецца на нейкай абыякавасці асобных дзяржаў. Іншыя бачаць сябе ў іншым саюзе, проста целяпаюцца ў ЕАЭС і чакаюць нейкага зручнага моманту, каб выскачыць з яго. Ці ж проста так: няхай, і далей будзем целяпацца”, — заявіў беларускі лідар.

“Таму павінны быць рэалізаваны хаця б гэтыя класічныя ­адзіныя прынцыпы. Гэтага пакуль няма”, — падкрэсліў ён.

Аляксандр Лукашэнка прывёў даныя, што ў ЕАЭС цяпер ёсць 14 выключэнняў, 37 абмежаванняў і 15 бар’ераў. “Іх жа даўно трэба было зняць. У адваротным выпадку, які інтарэс у гэтым саюзе. Што нас трымае ў саюзе, калі вакол перашкоды, бар’еры і выключэнні”, — паставіў пытанне кіраўнік дзяржавы.

Ён падкрэсліў, што саюз будуецца для таго, каб стварыць роўныя ўмовы для кампаній, прадпрыемстваў і людзей. “Але з таго часу, як пачалі будаўніцтва саюза, мы ўсё больш і больш адыходзім ад гэтых роўных умоў. Больш за тое, пачынаюцца незразумелыя патрабаванні і прымушэнні, манапалізм”, — звярнуў увагу Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што стратэгічныя напрамкі развіцця еўразійскай эканамічнай інтэграцыі да 2025 года павінны стаць сур’ёзным дакументам без усялякіх агаворак.

“Мы плануем падпісаць у маі бягучага года ў Мінску стратэгію інтэграцыі да 2025 года. Вядома, мы павінны прапанаваць сур’ёзны варыянт гэтай стратэгіі. Без усялякіх там агаворак і гэтак далей. Калі мы хочам пабудаваць наш саюз на рэальных прынцыпах інтэграцыі (а мы іх павінны ў гэтай стратэгіі яшчэ раз нагадаць, калі нехта забыў), мы павінны прапана­ваць рэальную праграму гэтай інтэграцыі”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама лічыць, што работу па стварэнні агульных рынкаў у ЕАЭС трэба праводзіць паэтапна, не чакаючы дамоўленага 2025 года. “Трэба прадугле­дзець, каб не атрымалася так: у снежні 2024 года збяромся, і, як звычайна, аб нечым не дамовіліся, нехта не гатовы працаваць па адзіных прынцыпах рынку нафты, газу, аграрнай, алкагольнай прадукцыі. І мы пачынаем потым выключэнні прыдумваць нейкія або пакідаць абмежаванні і гэтак далей. Таму трэба да 2025 года ісці паэтапна”, — зая­віў прэзідэнт.

“Калі мы гаворым пра адзіны рынак нафты, газу (для нас гэта важна, таму я бяру гэты прыклад), значыць, у 2021—2024 гадах павінны паэтапна падысці фактычна да адзіных прынцыпаў цэнаўтварэння”, — лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Як паведамлялася, Міхаіл Мясніковіч у пачатку лютага на першым на новай пасадзе пасяджэнні Калегіі ЕЭК абазначыў прыярытэты работы камісіі. Адным з іх ён назваў фарміраванне рэальна працуючых агульных рынкаў, як і прадугледжана дагаворам аб саюзе і рашэннямі кіраўнікоў дзяржаў. “Мы павінны быць аб’ектыўнымі — цяпер патрэбны больш эфектыўныя меры ў гэтым напрамку”, — падкрэсліў ён.