Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Мы павінны ўдасканальваць тое, што маем сёння, і тое, што атрымалі ўчора. Ламаць нічога нельга”

Ламаць існуючую сістэму адукацыі ў Беларусі нельга, але ўдасканальваць неабходна. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, заслухоўваючы даклад аб перспектывах развіцця нацыянальнай сістэмы адукацыі.

На нараду да кіраўніка дзяржавы былі запрошаны кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава, міністр адукацыі Ігар Карпенка, рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Вадзім Богуш, дырэктар Нацыянальнага інстытута адукацыі Валянціна Гінчук і дырэктар мінскай гімназіі № 10 старшыня Асацыяцыі кіраўнікоў устаноў адукацыі ГА “Беларускае педагагічнае таварыства” Марына Ільіна.

Прэзідэнту было даложана аб абнаўленні школьных вучэбных праграм і падрыхтоўцы новых падручнікаў, працоўным навучанні старшакласнікаў, падрыхтоўцы спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй, рэалізацыі напрамкаў дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі, экспарце паслуг у сферы адукацыі і заработнай плаце педагогаў.

“Да пытанняў адукацыі мы звяртаемся пастаянна. Я проста хачу перш за ўсё сам упэўніцца, наколькі рэалізуюцца нашы рашэнні ў сферы адукацыі. Калі ёсць неабходнасць, падштурхнуць тыя рэформы, якія ідуць у адукацыі. Хоць рэформамі мы ніколі не займаліся і займацца ў адукацыі не будзем. Мы павінны ўдасканальваць тое, што маем сёння, і тое, што атрымалі ўчора. Ламаць нічога нельга”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

У той жа час прэзідэнт не выключыў, што пры ўдасканаленні сістэмы адукацыі ў школах і ВНУ давядзецца адмовіцца ад некаторых аспектаў. “Калі мы разумеем, што ад гэтага трэба адмовіцца, гэта трэба рабіць рашуча. Самае галоўнае ў адукацыі, ды і наогул (у эканоміцы і іншых пытаннях) — калі мы ведаем, што трэба рабіць, але з-за нашага махровага бюракратызму пачынаем зацягваць гэтыя працэсы. Тады праходзіць час, і мы бачым: тое, што трэба было рабіць учора, ужо непрымальна для сённяшняга і тым больш заўтрашняга дня. Атрымліваецца, этап не пройдзены, і мы хапаемся за перадавое, а пад гэтым перадавым няма фундаменту, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — Таму ўсё трэба рабіць паступова, як кажуць у народзе, плаўна. І рухацца ад меншага да большага, ад простага да складанага. Так, мы дамовіліся, будзем дзейнічаць у адукацыі”.

“Мы дамовіліся аб тым, што, пачынаючы са школьных праграм і заканчваючы ўніверсітэцкімі, дзе толькі магчыма памяняем гэтыя праграмы, выключым усё лішняе, пакінем патрэбнае. І крытэрыем тут будзе наша жыццё, рэчаіснасць, якая будзе патрабаваць ад будучага спецыяліста тых ці іншых навыкаў, тых ці іншых ведаў”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт расказаў і аб сваім стаўленні да падручнікаў, падкрэсліўшы, што іх таксама неабходна абнаўляць у адпаведнасці з новымі праграмамі. “Падручнікі — гэта ікона, гэта святое. Я як педагог па адукацыі стаўлюся да падручніка, як да іконы, нават у сучасным жыцці, калі кніга не стала патрэбнай, надзённай для людзей: інтэрнэт і іншае… Адно другое, праўда, не выключае. Але для мяне кніга як была іконай, так і засталася. А падручнік на парадак вышэй, чым звычайная кніга, нават самая каштоўная, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — І нам з гэтых пазіцый трэба было падысці да падручнікаў, і перш за ўсё ў школе”.

Такія ж падыходы павінны прымяняцца і да ўніверсітэцкіх дапаможнікаў, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. “Але з ВНУ прасцей: студэнт павінен сам умець шукаць гэтыя веды, пачынаючы ад падручнікаў і заканчваючы інтэрнэтам, якімі-небудзь манаграфіямі, навуковымі працамі. Але ўсё роўна падручнік — гэта асноўнае, гэта кніга, на падставе якой студэнт арыентуецца ў матэрыяле”, — рэзюмаваў прэзідэнт.

На нарадзе Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ён даручаў узмацніць практыка-арыентаваную падрыхтоўку, скараціць тэрміны навучання ў ВНУ па многіх дысцыплінах, абнавіць вучэбныя праграмы і падручнікі.

Кіраўнік дзяржавы таксама запатрабаваў вызначыцца з неабходнай колькасцю навучэнцаў у вышэйшых навучальных установах. Аднак растлумачыў, што гэтае даручэнне не распаўсюджваецца на экспарт адукацыйных паслуг, які прыносіць краіне немалыя грошы. “Сістэма беларускай адукацыі вельмі запатрабавана. Па-мойму, 108 краін вучацца ў Беларусі, амаль 25 тысяч чалавек. Гэта здорава, — адзначыў ён. — А нам трэба столькі выпусціць з ВНУ студэнтаў, колькі патрэбна для нашай эканомікі і жыцця”.

Асобна Аляксандр Лукашэнка спыніўся на асаблівасцях навучання ў бакалаўрыяце і магістратуры. На яго думку, студэнт павінен выходзіць з ВНУ ўжо цалкам падрыхтаваным спецыялістам, а не проста з першапачатковымі ведамі і навыкамі. “Я катэгарычна забараняю такім чынам будаваць сістэму адукацыі. У нас ёсць нармальная сістэма адукацыі: чалавек скончыў ВНУ, атрымаў вышэйшую адукацыю — ідзі і працуй. Я не супраць магістратуры, але туды павінны ісці самыя здольныя і жадаючыя далей атрымліваць адукацыю, займацца навукай і выкладаннем. І ў нас такая традыцыя з савецкага часу, а можа, яшчэ і дасавецкага. І гэта добра. Як ідуць справы тут? Я даручаў праверыць. Ці выканана маё даручэнне?” — спытаў прэзідэнт.

Калі справа ў зарплаце педагогаў, якая залежыць ад колькасці гадзін, то, на думку кіраўніка дзяржавы, неабходна проста павялічыць ім зарплату. “Няхай будзе менш гадзін, ставак, але грошы пакінем тыя ж, яшчэ дабавім. Але выкладчык не павінен увесь час хадзіць за студэнтамі. Палову рабочага дня ён павінен выкладаць, а палову — займацца самаадукацыяй. У адваротным выпадку, які ён выкладчык”, — лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт на нарадзе запатрабаваў павысіць працоўную падрыхтоўку ў школах.

На думку кіраўніка дзяржавы, працоўнае навучанне ў старшых класах не толькі дае магчымасць школьнікам набыць прафесійныя навыкі, але рыхтуе іх да жыццёвых, бытавых сітуацый. Цяперашняе пакаленне з імі ледзь спраўляецца, лічыць Аляксандр Лукашэнка.

“Вы паглядзіце на нашых хлопцаў. Я не ведаю, як яны жэняцца. Чаму іх жонкі выганяюць з дому і сем’і развальваюцца? Ды таму, што нічога рабіць не ўмеюць! Ён лямпачку не можа ў люстру закруціць, элементарна адрамантаваць чайнік або кававарку. Ён не можа зразумець, чаму яна не працуе. Не ведае, што такое рубанак, фуганак, стамеска, долата, малаток, сякера і як працаваць імі, — адзначыў прэзідэнт. — Гэта ж нас навучылі ў школе. Чаму ж мы на гэта “забілі” і так ставімся да дзяцей? Чаму дзяўчынка не ведае, як спячы яечню, не можа прышыць гузік?”

Ёсць праблемы і з фізічным выхаваннем у школах, звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што дзецям трэба прывіваць здаровы лад жыцця, вучыць іх розным відам спорту. Аляксандр Лукашэнка ўспомніў, як у яго школьныя гады настаўнікі ставіліся да ўрокаў фізвыхавання: “Не дай бог ты не прыйшоў і не асвоіў праграму па лыжнай падрыхтоўцы, па гульнявых відах спорту, па лёгкай атлетыцы. Куды гэта дзелася?”

Прэзідэнт, заслухоўваючы даклад аб перспектывах развіцця нацыянальнай сістэмы адукацыі, раскрытыкаваў уведзены нядаўна ў школах адзіны дзень інфармавання “Школа актыўнага грамадзяніна” (ШАГ).

“Ваш гэты ШАГ, які вы ўвялі, так званая “Школа актыўнага грамадзяніна” — гэта асобная размова. Гэта павінна пранізваць усе курсы: ад матэматыкі да гуманітарных дысцыплін. Гэта трэба выкладаць на кожным уроку па кожным курсе, фарміруючы грамадзянскую пазіцыю чалавека, а не вылучэннем нейкага асобнага курса — “Школа актыўнага грамадзяніна”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што сам па сабе гэты праект быццам і нядрэнны. Але ён засумняваўся, ці гатовы настаўнікі займацца ім. “Вы аб гэтым падумалі? І што, пасля таго як вы прыдумалі ў Мінадукацыі гэты ШАГ, яны будуць выкладаць на ім? Для гэтага ў нас ёсць гістарычныя дысцыпліны, ёсць літаратура і гэтак далей. Там трэба выкладаць элементы гэтых ШАГоў, сям’ю трэба задзейнічаць і сродкі масавай інфармацыі, каб сфарміраваць гэтага актыўнага грамадзяніна”, — лічыць кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама выказаў шэраг крытычных заўваг да іншых курсаў, у тым ліку па асновах бяспекі жыццядзейнасці.

“Надуманасць замест таго, каб развіваць, пашыраць тое, што ўжо апрабавана жыццём, і тое, што патрэбна будзе заўтра”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.