Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Мы павіны дапамагаць адно аднаму, мы павінны быць заўсёды разам адно з адным”

- 10:31Інфармацыйная гадзіна

Кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка адзначае вялікі патэнцыял для развіцця супрацоўніцтва Беларусі і Украіны. Аб гэтым ён заявіў на перагаворах з Прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам, якія адбыліся ў час афіцыйнага візіту беларускага прэзідэнта ва Украіну.

Адначасова з перагаворамі на вышэйшым узроўні ў Кіеве прайшоў бізнес-форум, дзе былі заключаны шматлікія кантракты.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў блізкі і дружалюбны характар адносін народаў Беларусі і Украіны. “Мы, рускія, украінцы — ядро цывілізацыі ў гэтай частцы еўрапейскага кантынента”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што перад перагаворамі наведаў музей Галадамору. Экскурсавод расказаў аб стаўленні беларусаў у тыя цяжкія гады да жыхароў Украіны: яны ішлі ў Беларусь, а беларусы дзяліліся апошнім. “Вось кліч продкаў, які сведчыць аб тым, што мы павінны дапамагаць адно аднаму, мы павінны быць заўсёды разам адно з адным. Гэта галоўнае. Нават не тыя кантракты, хоць яны і важныя. Гэта складае аснову нашых адносін, — падкрэсліў кіраўнік беларускай дзяржавы. — І я вам удзячны за тое, што вы ўдзяляеце гэтаму сур’ёзную ўвагу. Вы паставілі гэта ў аснову нашых адносін. Усё астатняе дадасца”.

Прэзідэнт Беларусі нагадаў, што з часу сустрэчы з Пятром Парашэнкам у красавіку бягучага года ўрады дзвюх краін многае зрабілі па рэалізацыі дасягнутых дамоўленасцей.

“Гэтыя рэгулярныя сустрэчы заўсёды служаць і развіццю эканомікі нашых дзяржаў. Вы можаце разлічваць на тое, што, калі мы нешта ўмеем і можам зрабіць для Украіны, мы гэта зробім”, — запэўніў Прэзідэнт Беларусі.

У сваю чаргу Пётр Парашэнка цёпла адзначыў дружалюбнае стаўленне кіраўніка беларускай дзяржавы да Украіны. Ён выказаў зацікаўленасць у развіцці супрацоўніцтва з Беларуссю па самых розных напрамках, у тым ліку ў эканоміцы, культуры, сацыяльнай сферы. “Я ўдзячны, што прывезлі вельмі прадстаўнічую дэлегацыю, і разлічваю, што сёння мы намецім новыя фарматы, новую дарожную карту, новыя крокі і арыенціры, якія змогуць яшчэ больш павялічыць наша з вамі эфектыўнае супрацоўніцтва”, — дадаў Прэзідэнт Украіны.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што бачыць значны патэнцыял у развіцці сувязей паміж рэгіёнамі дзвюх дзяржаў.

“У нас добра развіваецца рэгіянальнае супрацоўніцтва з Расіяй, Кітаем, іншымі буйнымі дзяржавамі. Можа, нам прапрацаваць пытанне і збіраць такія міжрэгіянальныя форумы?” — сказаў беларускі лідар.

У якасці месца правядзення такога форуму прэзідэнт прапанаваў Гомель, а ў далейшым такія форумы можна было б праводзіць па чарзе ў Беларусі і ва Украіне.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, міжрэгіянальнае супрацоўніцтва дае каласальны эфект.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў зацікаўленасць беларускага боку ў развіцці цеснага супрацоўніцтва з Украінай, у тым ліку ў выхадзе з сумеснай прадукцыяй на рынкі трэціх краін.

“Адзін на адзін мы з вамі абмеркавалі найбольш важныя пытанні супрацоўніцтва. Мы ў гэтым напрамку будзем рухацца, і я вам сказаў, што ў нас няма ніякай алергіі, мы не гандлюем і не дружым супраць некага. Мы хочам працаваць разам на далёкай дузе, у іншых краінах, ствараць сумесны прадукт, прадаваць яго, — заявіў кіраўнік беларускай дзяржавы. — Мы будзем ствараць высокатэхналагічны тавар і будзем ім гандляваць разам на замежных рынках. У гэтым была сутнасць нашых дамоўленасцей адзін на адзін”.

Прэзідэнт падкрэсліў, што ў плане гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва ёсць да чаго імкнуцца. “Некалі мелі $8 млрд тавараабароту ў год. Цяпер мы гэтага ўзроўню не дасягнулі. Але я ўпэўнены, што можна яго перасягнуць”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў важнасць развіцця кааперацыйных сувязей, стварэння новых і развіцця існуючых сумесных прамысловых вытворчасцей. “Мы ствараем у вас прад-прыемствы, вы ствараеце ў нас. У гэтым напрамку мы гатовы рухацца. Тут няма абсалютна ніякіх пытанняў”, — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Беларусі падзякаваў украінскаму калегу за цёплую і дружалюбную атмасферу ў час візіту беларускай дэлегацыі. Ён падкрэсліў братэрскі характар адносін народаў дзвюх краін, у прыватнасці на Палессі, дзе ў красавіку гэтага года адбылася папярэдняя сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Пятра Парашэнкі. “Там жывуць людзі, адданыя дружбе Украіны з Беларуссю”, — адзначыў беларускі лідар.

“Перакананы, што развіццё цесных адносін з суседнімі краінамі, у першую чаргу з Беларуссю, для нас застаецца важнейшым прыярытэтам”, — заявіў у сваю чаргу кіраўнік украінскай дзяржавы.

Паводле яго слоў, рэалізацыя патэнцыялу ў супрацоўніцтве Беларусі і Украіны вельмі важная. “Сёння вы ажыццяўляеце вельмі важны афіцыйны візіт ва Украіну, які прызначаны ўмацаваць дружбу і супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі”, — падкрэсліў Пётр Парашэнка.

Ён таксама адзначыў плённы характар мінулай сустрэчы лідараў дзвюх краін, што адбылася ў красавіку бягучага года. Цяпер дасягнутыя дамоўленасці паслядоўна і паспяхова рэалізуюцца.

“Як вы ўжо сказалі, толькі колькасць падпісаных кантрактаў сёння на бізнес-форуме акупіла нашы візіты. Таму, хоць нашу дружбу немагчыма змераць грашамі, вельмі важна, каб нашы краіны на аснове ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва атрымлівалі канкрэтныя вынікі”, — сказаў Прэзідэнт Украіны.

Кіраўнік украінскай дзяржавы таксама прапанаваў не збаўляць тэмпу і намеціць прынцыповую дарожную карту развіцця двухбаковага супрацоўніцтва па ўсіх пытаннях, паставіць адпаведныя задачы.

Пётр Парашэнка, звяртаючыся да Аляксандра Лукашэнкі, заявіў, што Прэзідэнт Беларусі на ўкраінскай зямлі — заўсёды жаданы госць.

“Я ўпэўнены, што ва Украіне вас ведаюць як дзяржаўнага дзеяча, нацэленага на максімальна эфектыўны і канкрэтны вынік”, — падкрэсліў Прэзідэнт Украіны.