Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Мы пераможам, мы прарвёмся”

- 11:05Інфармацыйная гадзіна

Беларусь аказалася лепш гатова да барацьбы з каранавірусам дзякуючы захаванню неабходных структур у сістэме аховы здароўя. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у час наведвання ў Бабруйску прадпрыемства “Славянка”, на якім азнаёміўся з вытворчасцю ахоўных масак.

“Цяпер гэты каранавірус стаў палітыкай. Усе глядзяць, за што ўкусіць бы Лукашэнку, Беларусь — яны выбіліся са строю. Дык не трэба здзіўляцца. Усё гэта таму, што мы захавалі сістэму і прывялі яе ў парадак. І так здарылася, што мы больш-менш аказаліся гатовыя да гэтай заразы і не толькі да яе”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

У той жа час прэзідэнт звярнуў увагу: з-за каранавіруса і падобных інфекцый памірае значна менш людзей, чым, напрыклад, ад сардэчна-сасудзістых захворванняў, анкалогіі і цукровага дыябету.

У сувязі з гэтым ён запатрабаваў ні ў якім разе не пераставаць лячыць іншыя захворванні і прадаўжаць планавыя медагляды грамадзян, паколькі інакш можна не заўважыць у пацыента сур’ёзную хваробу. “Сёння трэба займацца ўсімі хваробамі і ўдзяляць увагу тым, якія звязаны з дыхальнымі шляхамі”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу: пры неабходнасці да барацьбы з каранавірусам бу­дуць падключаць новыя сілы — так дзейнічалі з самага пачатку. “У свой час гэтым займаліся толькі медыкі і Міністэрства аховы здароўя. Калі пайшоў рост пнеўманій, тады я і губернатараў падключыў: кожную раніцу павінен быць штаб, і там урачы павінны не толькі даклад­ваць аб абстаноўцы. З урачоў трэба і патрабаваць, — звярнуў ён увагу губернатара Магілёўскай вобласці Леаніда Зайца. — Ты павінен зберагчы людзей. І ўрачы павінны сёння адказ­ваць за той клопат, якім мы іх акружылі. Я не ў папрок гавару. Але акружылі ж, усе людзі берагуць урачоў. Урачы павінны нам адказаць сваёй працай, што яны і робяць. Запатрабаванне павінна быць з усіх”.

У час сустрэчы з работнікамі прадпрыемства пра тых, хто крытыкуе Беларусь, кіраўнік дзяржавы выказаўся. “Вы не ўяўляеце, што такое ісці аднаму супраць усяго свету, супраць цячэння. Я папярэджваў і папярэджваю органы ўлады, дзяржслужачых, што ў нас прыхільнікаў у свеце, нават тых, хто спачувае, няма, — заявіў прэзідэнт. — Калісьці я сказаў, што настане час, калі нам, палітыкам, давя­дзецца перад вамі адказаць: як мы жылі, працавалі, як вас абаранялі, якія меры прымалі. І тады паглядзім, што палітыкі скажуць свайму народу”.

У той жа час Аляксандр Лукашэнка выказаў удзячнасць усім краінам, якія падтрымліваюць Беларусь і прысылаюць гуманітарную дапамогу, часам нават не пытаючыся, як гэта зрабіў Узбекістан. Ён адзначыў, што беларускі бок не пакідае такія жэсты без адказу і адпраўляе зваротным рэйсам у якасці падзякі сваю прадукцыю. Так, у Кітай і Узбекістан былі накіраваны трактары “Беларус”.

Пакуль сітуацыю ў краіне прэзідэнт лічыць стабільнай: сезонныя інфекцыі ідуць на спад, рэзкага росту захваральнасці на каранавірус няма. “Нам нават Вялікдзень пакуль праблем не дабавіў. І гэта маленькі праменьчык, на­дзея, што мы пераможам, мы прарвёмся”, — дадаў ён.

“Нам вельмі моцна падставіць плячо Еўропа, асабліва міжнародныя банкі і фонды — менавіта пад ахову здароўя. Я хачу, каб мы, карыстаючыся момантам, убачылі слабыя месцы ў нашай сістэме аховы здароўя і падця­гнулі яе”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы даручыў ураду, каб уся міжнародная дапамога — ад Міжнароднага валютнага фонду, Сусветнага банка, Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця — была накіравана на мадэрнізацыю сістэмы аховы здароўя. “І самае галоўнае, на злобу дня: мы павінны падцягнуць інфекцыёнкі. Выратавалі іх, захавалі — вы нават у рэгіёне бачыце: сёння гэта нас ратуе. Калі “аптымізаваліся” б, як некаторыя, у нас не было б інфекцыйных бальніц, то мы мелі б тое, што сёння маюць у Заходняй Еўропе”, — перакананы прэзідэнт.

Як паведамлялася, Міжнародны валютны фонд цяпер разглядае заяўку Беларусі на хуткае фінансаванне ў сувязі з пагаршэннем глабальнай эканамічнай сітуацыі. “Еўрапейскі дэпартамент МВФ прыняў ужо станоўчае рашэнне адносна прадастаўлення фінансавання Беларусі, выканаўчы савет дырэктараў МВФ гэтае пытанне разгледзіць да канца красавіка”, — растлумачылі ў Міністэрстве фінансаў. Зыходзячы з умоў доступу да інструменту хуткага фінансавання, Беларусь можа прэтэндаваць на суму, эквівалентную прыкладна $900 млн.

Краіна таксама зацікаўлена ў крэдыце Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця ў памеры да $1 млрд для крэдытавання найбольш пацярпелых з-за COVID-19 сектараў. Гэтае пытанне 16 красавіка абмяркоўвалі першы віцэ-прэм’ер Дзмітрый Крутой і віцэ-прэзідэнт ЕБРР Алан Пію. Бакі дамовіліся выкарыстоўваць паскораную працэдуру пад­рыхтоўкі адпаведных рашэнняў.

З Сусветным банкам дасягнута дамоўленасць аб выдзяленні пазыкі на суму 90 млн еўра. З Еўрапейскім інвестыцыйным банкам праве­дзены кансультацыі аб выдзяленні пазыкі на патрэбы аховы здароўя ў суме 50 млн еўра.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што на працягу месяца сусветная эканоміка вернецца да работы.

“Нягледзячы на смяротнасць 400—600 чалавек у суткі, Еўропа пачала адкрывацца. На працягу месяца, я ўпэўнены, сусветная эканоміка, асабліва ў нашых суседзяў, будзе працаваць. У тым ліку і ў Расіі. Яны ўжо разумеюць, куды ўскочылі. Усе разумеюць у свеце. Трэба да гэтага быць гатовымі”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Губернатар Магілёўскай вобласці Леанід Заяц далажыў прэзідэнту, як цяпер развіваецца эканоміка ў рэгіёне. Паводле яго слоў, намінальная заработная плата ў вобласці расце, інвестыцыі прыцягваюцца ў адпаведнасці з заданнем, а ўзровень беспрацоўя складае 0,3 працэнта. “Практычна ўсе галіны народна-гаспадарчага комплексу ў Магілёўскай вобласці спрацавалі стабільна”, — заявіў ён. Разам з тым губернатар адзначыў, што асобным напрамкам, у прыватнасці будаўнічай галіне, давядзецца даганяць у другім паўгоддзі.

Прэзідэнт папярэдзіў: патрабаванні да сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёнаў, нягледзячы на сітуацыю з каранавірусам, зніжацца не будуць, таму самазаспакойвацца не трэба. “Мы павінны выканаць тыя планы, якія перад намі стаяць”, — падкрэсліў ён.

У час наведвання кіраўніком дзяржавы прадпрыемства “Славянка” губернатар Магілёўскай вобласці Леанід Заяц далажыў, што ў яго рэгіёне штодзень расходуецца 20 тысяч ахоўных масак, а адшываецца — каля 470 тысяч.

“Мы практычна, калі меркаваць па Магілёўшчыне, насыцілі маскамі рынак. Ужо няма той вастрыні, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Але давайце гаварыць шчыра. За мяжой попыт вялікі? Трэба рэалізоўваць. І мы кампенсуем тыя расходы, якія панеслі, закупляючы маскі па ўсім свеце”.

“Трэба прадаваць, калі ёсць попыт. Просяць жа расіяне, латышы гэтыя маскі. Чаму не прадаць? Трэба дапамагчы людзям, — падкрэсліў прэзідэнт. — Усе прадаюць маскі. Гэта істотны тавар. Паглядзіце на Кітайскую Народную Рэспубліку. Я думаю, яны ўжо мільярд масак прадалі. Таму трэба вырабляць і прадаваць”.

Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз удакладніў, ці сапраўды ў вобласці і краіне закрыты патрэбы медустаноў і аптэк у сродках індывідуальнай аховы. Яго запэўнілі, што праблем з гэтым няма, калі недзе гэтыя вырабы адсутніча­юць, то гэта кропкавыя пытанні, якія хутка вырашаюцца. За суткі ў Беларусі шыюць больш за 2 млн масак. Да вытворчасці падключаны як вялікія прадпрыемствы, так і малы бізнес, адукацыйныя і сацыяльныя ўстановы. Прычым гэтая работа была арганізавана практычна з нуля — яшчэ пару месяцаў назад у краіне выраблялі толькі 60 тысяч масак за суткі.

Прэзідэнт падкрэсліў: калі ў нейкіх аптэках няма масак або цана на іх моцна завышана, з імі трэба строга разабрацца. “Заўтра яны павінны быць закрыты. Ніякіх узгадненняў! Вы іх атрымалі. Я ўсіх папярэджваў: не дай бог, мы выявім якую-небудзь спекуляцыю і іншае. Таму вырашайце ў вобласці ўсё самі, ні да якога Міністэрства аховы здароўя не трэба звяртацца. Міністэрству аховы здароўя трэба лячыць людзей”, — сказаў ён.

У той жа час Аляксандр Лукашэнка лі­чыць, што не трэба ствараць празмерныя запасы. “Трэба запас — няхай ён будзе, але празмернасцей не павінна быць, папрападае ж”, — дадаў кіраўнік дзяржавы. Таксама ён нагадаў, што не трэба забываць і пра вытворчасць традыцыйнай прадукцыі на прадпрыемствах, напрыклад адзення, калі гаварыць пра “Славянку”. “Цяпер мы маскі будзем шыць, а заў­тра па імпарце завозіць кашулі? Гэта нядобра. Трэба гібка сябе паводзіць”, — падкрэсліў прэзідэнт.

Як паведамлялася, 17 сакавіка ўрад часова забараніў вываз з Беларусі некаторых медыцынскіх тавараў. У пераліку тавараў апынуліся аднаразовыя камбінезоны і касцюмы хімабароны, рэспіратары, хірургічныя халаты, маскі, бахілы, бінты, вата, марля, розныя віды медыцынскіх пальчатак. Забарона вывазу таксама тычыцца камплектаў адзення для медыкаў, дыхальнага абсталявання і некаторых іншых тавараў. Гэтыя тавары забаронена вывозіць з Беларусі, незалежна ад краіны іх паходжання.

Размаўляючы з работнікамі прадпрыемства, Аляксандр Лукашэнка асобна закрануў тэму заканчэння канікул і пачатку заняткаў у школах.

Рашэнне аб пачатку заняткаў у школах прымалася пасля аналізу эпідэміялагічнай сітуацыі ў краіне, як падкрэсліў прэзідэнт.

“ВРВІ ў нас ужо амаль на нулі (гэта тое, на што звычайна хварэюць нашы дзеці), нават у паўночнай Віцебскай вобласці на нуль выйшлі. Што тычыцца гэтага віруса (ацэньваючы ўсё, вывучаючы меркаванні, дакладвалі мне), я прыняў рашэнне, што трэба пачы­наць хадзіць у школу і вучыцца. Я разумеў, што многія адразу дзяцей у школу не адправяць. Добра, настойваць не будзем — нельга, гэта яго дзіця, я як бацька гэта разумею, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Трэба пакрыху на працягу тыдня ўключацца ў гэты працэс”.

Пры гэтым прэзідэнт адказаў на крытыку тым, хто папракнуў яго ў перакладванні адказнасці на бацькоў: “Я назіраю рэакцыю людзей. Людзі розныя. Некаторыя так званыя апазіцыянеры пачалі папісваць у асобных бандыцкіх Telegram-каналах, жоўтай прэсе: вось,
Лукашэнка “адказнасць пераклаў” на бацькоў. Слухайце, ну дзікасць поўная! Я, напэўна, залішне бяру на сябе адказнасць. Я на сябе ўвесь гэты груз усклаў! Хаця многія гавораць, вось, прэзідэнцкія выбары… Ды не трэба напера­дзе каня бегчы! Я ж прэзідэнт пакуль, я за гэта адказваю. Ускладзі я адказнасць, не ўскла­дзі, вы ж усё роўна з мяне запатрабуеце. Такая практыка ў нас ужо ў краіне: хто вінаваты, не вінаваты — гэта прэзідэнт. Таму я займаюся гэтымі пытаннямі. Я шчыра і адкрыта сказаў, што я катэгарычна супраць прадаўжэння канікул. Вывучылі меркаванні, хочуць на тыдзень прадоўжыць. Добра, я прадоўжыў, але сказаў, што катэгарычна супраць”.

Кіраўнік дзяржавы таксама выказаўся аб ахоўных мерах, якія прымяняюцца ў школах. На яго думку, тыя, хто прымушае дзяцей насіць маскі, карыстацца “гаручымі антысептыкамі на этаноле” і рассаджвае па класе, проста займаюцца ашуканствам і паказухай. “Глупства несусветнае. Нельга дзецям гэтыя маскі надзяваць, асабліва ў школе! Такога патрабавання не было. І калі недзе гэта ёсць, тыя, хто гэта ўвёў, адкажуць, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Вы лепш акно адчыніце, праветрыце, каб было свежа. Калі там нехта “практыкуецца”, хутчэй за ўсё, гэта самадзейнасць. А за тое, што міністэрства і губернатары не пракантралявалі гэтае пытанне, яны адкажуць”.

Прадаўжаючы школьную тэматыку, адна з работніц прадпрыемства папрасіла прэзідэнта дапамагчы ў вырашэнні пытання па будаўніцтве ў новым, сёмым, мікрараёне Бабруйска школы. Паводле яе слоў, там жыве шмат маладых сем’яў, а дзяцей даводзіцца вазіць у аддаленыя ўстановы. Мэр горада таксама лічыць, што новая школа не будзе лішняй. Пакуль гэта не самая вострая патрэбнасць, але з часам пытанне будзе станавіцца ўсё больш актуальным. Кіраўнік дзяржавы даручыў губернатару Магілёўскай вобласці “па-гаспадарску паглядзець на праблему”. “Каб не атрымалася: школ хапае, але з нейкага мікрараёна далёка ехаць, і мы там пабудуем, а гэтая апусцее, — сказаў ён. — Але калі трэба і будаўніцтва ў перспектыве запланавана ў вашым раёне, будзем думаць, што рабіць”.

На думку прэзідэнта, цяпер няма падстаў і для пераносу або адмены рэспубліканскага суботніка. Ён адзначыў, што людзі ўсё роўна працуюць у пятніцу і, калі яны прыйдуць на работу ў суботу, гэта ні на што не паўплывае. “Таму, калі я прымаў гэтае рашэнне, я адназначна быў за суботнік. Той, хто працуе, яны адпрацуюць. Мы, чыноўнікі, вядома, сваю зарплату таксама пералічым у фонд суботніка, таму што гэта святая справа”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Сам кіраўнік дзяржавы плануе правесці суботнік у рэгіёне, які пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. У гадавіну трагедыі ён заўсёды наведвае гэтыя раёны, а цяпер заадно застанецца і на суботнік. Разам з тым прэзідэнт адзначыў, што канкрэтны населены пункт яшчэ не выбраны. “Я ў гэты час некалькі дзён буду жыць на поўдні, і там мы што-небудзь знойдзем. Які-небудзь лес пасадзім”, — дадаў ён.

Сабраныя ў час рэспубліканскага суботніка грошы будуць накіраваны на рамонт і мадэрнізацыю дзіцячых лагераў, добраўпарадкаванне ваенных помнікаў, як расказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён растлумачыў, што прапаноўвалася гэтыя сродкі ўкласці ў сістэму аховы здароўя, але гэты напрамак будзе падтрыманы за кошт міжнароднай дапамогі.

Кіраўнік дзяржавы запэўніў: калі сітуацыя з каранавірусам абвострыцца і будуць неабходны меры па ізаляцыі людзей, адмене масавых мерапрыемстваў, такія крокі абавязкова будуць зроблены. Пакуль у гэтым няма неабходнасці, як падкрэсліў ён. “Калі ўсё бу­дзе так, як цяпер, мы прарвёмся”, — упэўнены прэзідэнт.

У кіраўніка дзяржавы пацікавіліся, якім крыніцам лепш давяраць людзям ва ўмовах бясконцага патоку самай рознай інфармацыі з розных рэсурсаў — грама­дзяне ж хвалююцца за сітуацыю ў краіне, таму хочуць ведаць праўду.

“Давяраць трэба таму, хто за свае словы адказвае. Выйшлі вы на нейкі з брыдкіх каналаў, якія ў Маскве пахаваліся і адтуль “плявузгаюць” у бок Беларусі. За што яны адказва­юць? Ні за што. Думаюць, мы ж іх не дастанем. Калі трэба — дастанем. Не ў гэтым сёння пытанне. Мы ж нікога не закрываем. Вы чытайце і рабіце высновы. І верце таму, з каго потым спагнаць можна”, — сказаў прэзідэнт.

“А ці трэба нам гнацца за гэтай жаўцізной. Мы ж ніколі не дагонім іх, і гэта вялізныя грошы. Таму вы ведаеце дзяржаўнае тэлебачанне, пункт гледжання дзяржавы. Вы, напэўна, аценьваеце розныя сродкі масавай інфармацыі і бачыце, каму можна верыць, каму не. Хто адкажа за гэта, а хто не. Таму вам выбіраць. Але я шчыра вам кажу, што мы ніколі не лгалі вам і не лжом цяпер. Я аднойчы са злосці сказаў: “Мне ж чаго гэта скрываць? Я спарадзіў гэты псіхоз ці каранавірус? Не. Вы спарадзілі ў Беларусі? Не. Нас адарылі гэтым”. Гэта сведчыць пра тое, што свет так глабалізаваны і так узаемазвязаны, што сёння ўжо не схаваешся нідзе”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён нагадаў, што для таго, каб развеяць усе сумненні і недавер да афіцыйнай інфармацыі, у Беларусь былі запрошаны эксперты Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. “Яны да нас любові не адчуваюць. Гэта міжнародная арганізацыя, у якой дастаткова заўсёды палітыкі. Яны прайшліся ўсюды, пайшлі нават у палаты, чаго я не чакаў. Яны нам шмат раілі, аж да каранціну, магчыма, увесці каменданцкую гадзіну. Як спецыялісты яны кажуць: улада не маніць. Усё як ёсць, так і кажуць”, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

Па матэрыялах БелТА.