Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Мы поўныя рашучасці прытрымлівацца распрацаванай дарожнай карты”

- 11:06Інфармацыйная гадзіна

Беларусь адзначае важную ролю Егіпта ва ўрэгуляванні сітуацыі ў рэгіёне. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы са старшынёй Палаты прадстаўнікоў Егіпта Алі Абдэль Аль Саедам, які на чале егіпецкай дэлегацыі наведаў Беларусь.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што беларускі бок удзяляе вялікую ўвагу супрацоўніцтву з Егіптам, асабліва ў кантэксце міжнародных адносін. “Мы вельмі высока цэнім тую ролю, якую зноў адыгрывае Егіпет на Усходзе, у тым неспакойным рэгіёне. Мы вельмі ўважліва назіраем за канфліктам на палесцінскіх землях і той роляй, якую вы адыгрываеце ў стабілізацыі сітуацыі і ўрэгуляванні адносін паміж Ізраілем і Палесцінай”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў час раней праведзенага дзяржаўнага візіту беларускай дэлегацыі ў Егіпет удалося шмат аб чым дамовіцца. “Мы маем план дзеянняў, як прынята гаварыць, дарожную карту развіцця нашых адносін. Я хачу вас запэўніць, што мы поўныя рашучасці прытрымлівацца распрацаванай дарожнай карты”, — заявіў беларускі лідар.

Ён таксама перадаў самыя добрыя словы Прэзідэнту Егіпта: “Мы гатовы прыняць яго ў Беларусі ў любы зручны для яго час, каб ён бліжэй пазнаёміўся з нашымі магчымасцямі, каб мы маглі больш прадметна выбудоўваць адносіны паміж нашымі краінамі”.

Акрамя таго, прэзідэнт звярнуў увагу на важнасць міжпарламенцкага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Егіптам і адзначыў, што ў парламентах існуюць групы дружбы па пашырэнні двухбаковага супрацоўніцтва. “Заўсёды будзем рады вітаць прадстаўнікоў егіпецкага парламента ў Беларусі”, — сказаў ён.

Высокі госць падкрэсліў зацікаўленасць егіпецкага боку ў пашырэнні кантактаў з Беларуссю, чаму будзе садзейнічаць і маючы адбыцца візіт у першай палове 2019 года ў Беларусь Прэзідэнта Егіпта.

Алі Абдэль Аль Саед перадаў Аляксандру Лукашэнку самыя добрыя прывітанні ад Прэзідэнта Егіпта Абдэля Фатаха Аль Сісі. Старшыня Палаты прадстаўнікоў асабліва адзначыў выніковасць праведзенага ў 2017 годзе візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Егіпет, які паслужыў актывізацыі двухбаковых адносін як у палітычнай, так і ў эканамічнай сферах.

Ён акцэнтаваў увагу на цесным і эфектыўным узаемадзеянні Беларусі і Егіпта ў міжнародных арганізацыях. Алі Абдэль Аль Саед падзякаваў беларускаму боку за падтрымку егіпецкіх ініцыятыў у міжнародных арганізацыях, у тым ліку ў ААН. “Мы таксама пастаянна аказваем падтрымку ініцыятывам Беларусі ў міжнародных арганізацыях, у тым ліку ў Савеце па правах чалавека”, — сказаў старшыня Палаты прадстаўнікоў Егіпта.

Егіпет высока ацэньвае ўзровень палітычных адносін з Беларуссю, адзначыў, адказваючы на пытанне карэспандэнта БелТА па выніках сустрэчы з беларускім прэзідэнтам старшыня Палаты прадстаўнікоў Егіпта, Алі Абдэль Аль Саед.

Ён сказаў, што ў час праведзенай сустрэчы з кіраўніком беларускай дзяржавы былі абмеркаваны ўсе магчымасці і пытанні, якія тычацца Беларусі і Егіпта, у палітычнай і эканамічнай галінах. На думку егіпецкага боку, цяпер дасягнуты вельмі высокі ўзровень палітычнага ўзаемадзеяння з Беларуссю.

Алі Абдэль Аль Саед таксама паведаміў, што ў ходзе візіту было падпісана беларуска-егіпецкае міжпарламенцкае пагадненне аб супрацоўніцтве.

Высокі госць адзначыў, што “паміж кіраўнікамі дзвюх дзяржаў склаліся вельмі цесныя і дружалюбныя адносіны”.

Гэта першы ў гісторыі беларуска-егіпецкіх міжпарламенцкіх кантактаў візіт у Мінск кіраўніка Палаты прадстаўнікоў Егіпта. З улікам зацікаўленасці дзвюх краін у пашырэнні гандлёва-эканамічнага і гуманітарнага ўзаемадзеяння запланавана наведванне егіпецкай дэлегацыяй ААТ “Бел АЗ” — кіруючая кампанія холдынга “БелАЗ-Холдынг”, навукова-тэхнічнага цэнтра “ЛЭМТ” БелОМА, навукова-вытворчага цэнтра шматфункцыянальных беспілотных комплексаў Нацыянальнай акадэміі навук, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Паміж Беларуссю і Егіптам дзейнічае Комплексная праграма па развіцці супрацоўніцтва на 2018—2019 гады. У мінулым годзе ўзаемны тавараабарот склаў $97,4 млн, што істотна вышэй за 2016 год. За 9 месяцаў гэтага года тавараабарот узрос да $79 млн. Пры гэтым сальда для Беларусі дадатнае.

У Егіпце дзейнічаюць прадстаўніцтва МАЗ і гандлёвы дом МТЗ, у гэтым годзе адкрыта зборачная вытворчасць Мінскага аўтамабільнага завода. На егіпецкім рынку стала прадавацца прадукцыя Амкадора, Гомсельмаша, Бабруйскаграмаша. У Беларусі зарэгістраваны 4 прадпрыемствы са 100-працэнтным егіпецкім капіталам і 2 сумесныя беларуска-егіпецкія прадпрыемствы.