Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Мы рады ўсім, хто прыехаў да нас, каб далучыцца да гэтага прыгожага свята — сапраўднага свята мастацтва, дружбы і ўзаемаразумення”

- 10:52Інфармацыйная гадзіна

Фестываль “Славянскі базар у Віцебску” стаў святам дружбы і ўзаемаразумення. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 11 ліпеня на цырымоніі ўрачыстага адкрыцця XXVIII Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”.

“У гэты ўрачысты вечар шчыра вітаю ўсіх, хто сэрцам адгукнуўся на пазыўныя міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар”. Усіх, дзякуючы каму не проста горад, а ўся наша Беларусь у літаральным сэнсе жыве мастацтвам, гучыць музыкай фестывальнага лета, гаворыць на розных мовах. Мы рады ўсім, хто прыехаў да нас, каб далучыцца да гэтага прыгожага свята — сапраўднага свята мастацтва, дружбы і ўзаемаразумення”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што менавіта такім фестываль і задумваўся ў пачатку 90-х гадоў, ён стаў адказам творчых людзей на распад вялікай шматнацыянальнай краіны. “Яны аб’ядналіся, каб захаваць братэрскія адносіны паміж новымі незалежнымі дзяржавамі. Гэта заканамерна: у няпросты час маральную апору людзі заўсёды знаходзілі ў мастацтве”, — падкрэсліў прэзідэнт.

Паводле яго слоў, Віцебск невыпадкова быў выбраны тады культурнай сталіцай братэрскіх славянскіх краін: гэты горад мае асаблівую творчую энергетыку. “Тут жылі і стваралі вядомыя авангардныя мастакі — К.Малевіч і М.Шагал. Яны падарылі свету чорны квадрат і юных закаханых, лунаючых над горадам”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён канстатаваў, што творчая атмасфера, якая пануе ў Віцебску, вось ужо паўстагоддзя натхняе на стварэнне яркіх разнапланавых фестываляў. Многія з іх і сёння збі­раюць самых таленавітых музыкантаў, харэографаў, дызайнераў і мастакоў з розных краін. “Мы захавалі статус Віцебска, горада з багатымі культурнымі традыцыямі, падтрымаўшы “Славянскі базар” на дзяржаўным узроўні. У свой час мы проста ўратавалі “Славянскі базар” ад знішчэння пасля распаду Савецкага Саюза. І не дарэмна — штогод мы прымаем сяброў нашага фестывалю з усіх куткоў зямнога шара. Славянскі свет, які, напэўна, многія недзе на Захадзе некалі не ўспрымалі сур’ёзна, стаў ядром, цэнтрам прыцяжэння многіх народаў. Сёння ў Віцебску мы ўжо чуем мову прадстаўнікоў Індыі, Кітая, Кубы, Ізраіля, Злучаных Штатаў Амерыкі. Мы ім рады. Традыцыйна ў ліпеньскія дні Віцебск уяўляе сабой прыклад самага гасціннага і музычнага горада”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка пажадаў канкурсантам фестывалю паспяховых выступленняў, журы — сумленнага судзей­ства, гледачам — самых станоўчых эмоцый і добрага настрою і ўсім — добрага надвор’я. Ён перакананы, што ўражанні ад фестывальных дзён будуць самымі яркімі, настрой — толькі святочным, а душы будуць сагрэты мелодыямі любімых песень.