Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Мы размаўляем на адной мове і разумеем аднолькава праблемы”

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў важнае значэнне суверэнітэту для любой дзяржавы. Аб гэтым беларускі лідар заявіў, адказваючы на пытанні журналістаў пасля праведзеных перагавораў з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным.

“Навошта нам узнімаць пытанні суверэнітэту Беларусі і Расіі? Гэта ікона, гэта святое, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Няма ў нас праблемы суверэнітэту (у адносінах дзвюх краін. — Заўв.БелТА.). Мы нават у гэтым кантэксце не абмяркоўваем гэтыя праблемы”.

Звяртаючыся да журналіста, які агучыў пытанне аб суверэнітэце, кіраўнік дзяржавы ў сваю чаргу задаў яму рытарычнае пытанне: “Вы гатовы сёння паступіцца або таргавацца суверэнітэтам?”

“Я не пра незалежнасць гавару. Для мяне незалежнасць — гэта паняцце адноснае. Ніводная дзяржава — прыкладам таго з’яўляецца Кітай — ніколі не размаўляе аб суверэнітэце”, — адзначыў прэзідэнт.

Ён падкрэсліў, што бакі зыходзяць з таго, што сёння ёсць дзве дзяржавы. “Вы ведаеце, як яны ўтварыліся. Не мы былі ініцыятарамі з прэзідэнтам (Уладзімірам Пуціным. — Заўв.БелТА.) развалу той дзяржавы (размова пра СССР. — Заўв.БелТА.). У нас аднолькавая пазіцыя па гэтым пытанні”, — сказаў Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка ў якасці пацвярджэння існуючых цесных адносін паміж Беларуссю і Расіяй прывёў заявы, якія прагучалі на сустрэчы з вуснаў галіновых міністраў культуры, спорту і адукацыі. “Мы наогул не разышліся, — падкрэсліў ён. — Калі ўзяць Украіну, таксама славянскую дзяржаву, які велізарны разрыў за некалькі гадоў утварыўся! А мы размаўляем на адной мове і разумеем аднолькава праблемы”.

Паводле слоў прэзідэнта, ёсць і вынікі супрацоўніцтва. Так, Беларусь будзе актыўна пераймаць вопыт работы адукацыйнага цэнтра “Сірыус”, які ў Сочы наведалі кіраўнікі дзяржаў.

“Таму справа тут не ў суверэнітэце. Я вам выкажу сваё меркаванне. Думаю, мой калега і мой сябар згодзіцца з гэтым. Мы гатовы настолькі ісці далёка ў яднанні, аб’яднанні нашых намаганняў дзяржаў і народаў, наколькі вы гатовы. Мы і заўтра можам аб’яднацца. У нас праблем няма. Але ці гатовы вы (расіяне і беларусы) на гэта — пытанне. Таму гэта вам трэба адрасаваць пытанне да сябе. Наколькі вы гатовы, настолькі мы і будзем выконваць вашу волю. А калі не гатовы, якая б ні была магутная і вялікая Расія, яна сёння не ў стане навязаць камусьці волю. Тым больш мы, нам гэта і не трэба”, — заявіў беларускі лідар.

“Таму рыхтуйцеся вы. У сваім усведамленні, у сваіх паводзінах, мэты стаўце перад сабой. Я маю на ўвазе народы Расіі і Беларусі. А мы будзем іх рэалізоўваць. Мы вашы слугі”, — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Тэма падатковага манеўру ў час сустрэч з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным у Сочы не абмяркоўвалася, заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанні журналістаў.

“Мы толькі што гаварылі, што выйдзем, нас журналісты сустрэнуць, і я адчуваю, што абавязкова гэтае пытанне зададуць, як быццам гэта найважнейшая праблема ў адносінах паміж Беларуссю і Расіяй. Яна сапраўды існуе. Але я вам выключна шчыра і сумленна кажу: мы, па-мойму, нават гэтае слова не вымавілі за гэтыя тры дні”, — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Ён адзначыў, што да гэтай тэмы ў беларуска-расійскіх адносінах бакі яшчэ падыдуць. “Да падатковага манеўру мы падыдзем, але, акрамя падатковага манеўру, у нас яшчэ шмат праблем, якія, акрамя нас, ніхто не вырашыць. Прынамсі, штуршок да гэтага мы павінны былі даць. І мы гэта робім”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт нагадаў, што ў ходзе пераднавагодніх сустрэч з Прэзідэнтам Расіі была дасягнута дамоўленасць правесці рэвізію адносін дзвюх краін, прычым пачаць знізу — з пытанняў розных напрамкаў супрацоўніцтва. “Сёння праведзена рэвізія нашага супрацоўніцтва ў гуманітарнай сферы. Таму што мы абдзялілі гэтыя сферы ўвагай прэзідэнтаў. Усё больш гаворым аб фінансах, эканоміцы, прамысловасці, аб пастаўках, экспарце і імпарце і менш займаліся пытаннямі гуманітарнага супрацоўніцтва. А без гэтага чалавек наогул не можа жыць. І праблемы, якія трэба вырашаць, вырашацца не будуць”, — заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Раней у Сочы адбылася сустрэча з удзелам членаў урада, якія курыруюць эканамічны блок і фінансы. “Яны адно з адным, гледзячы ў вочы, абмяркоўвалі праблемы. Затым мы”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама расказаў аб дасягнутай раней дамоўленасці з Уладзімірам Пуціным паглядзець і на развіццё адносін у рамках Саюзнай дзяржавы, у тым ліку на саюзны дагавор, што не выканана за мінулыя гады. “Мы шчыра адзін аднаму гаворым аб тым, што мы ж не вечныя. Мы некалі пойдзем. Што пакінем нашым дзецям? Як яны прадоўжаць нашу палітыку? Гэта таксама нас як палітыкаў не можа не хваляваць”, — сказаў прэзідэнт.

У цэлым бакі абмяркоўваюць у розных фарматах цэлы комплекс праблем і пытанняў. “Перш чым рабіць сур’ёзныя крокі ў развіцці Саюзнай дзяржавы, мы павінны як прэзідэнты не толькі ведаць, але і ўвабраць у сябе. Таму гэтыя тры дні ўжо працуем па розных напрамках”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі Уладзімір Пуцін заявіў журналістам, што застаўся задаволены перагаворамі з беларускім калегам Аляксандрам Лукашэнкам.

“Мне здаецца, работа ў нас атрымалася”, — сказаў ён па выніках перагавораў.

Уладзімір Пуцін адзначыў, што запрасіў беларускага лідара ў Сочы і для перагавораў, і для таго, каб даць яму “магчымасць крыху адпачыць, пакатацца (на лыжах) на схілах і, магчыма, пагуляць у хакей”.

Прэзідэнт Расіі таксама нагадаў, што ў снежні 2019 года спаўняецца 20 гадоў саюзнаму дагавору. “Мы дамовіліся з Прэзідэнтам Беларусі, што прааналізуем усё, што было зроблена апошнім часам. Зверым гадзіннікі па гэтым інтэграцыйным парадку дня, маючы на ўвазе нават тую акалічнасць, што паралельна развіваюцца і іншыя інтэграцыйныя працэсы, у тым ліку і ЕАЭС”, — адзначыў ён.

Мы павінны паглядзець: дзе мы наперадзе, дзе крыху адстаём ад таго, што адбываецца ў рамках ЕАЭС”, — сказаў Уладзімір Пуцін, адзначыўшы, што ў аснову гэтага інтэграцыйнага аб’яднання ляглі менавіта тыя дамоўленасці, якія былі ў аснове Саюзнай дзяржавы.

“У нечым ЕАЭС пайшоў нават крыху далей. Нешта перастала быць актуальным наогул з таго, што планавалася саюзным дагаворам 1999 года. А нешта, наадварот, набывае дадатковую дынаміку і з’яўляецца вельмі важным”, — растлумачыў расійскі лідар.

Уладзімір Пуцін таксама адзначыў, што праведзеныя сустрэчы і былі накіраваны на аналіз дасягнутых і нерэалізаваных мэт, на кансультацыі з калегамі з розных галін і на вызначэнне найбольш важных задач.