Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Мы сапраўды вельмі падобныя, перш за ўсё сваёй працавітасцю”

У Беларусі рады поспехам Узбекістана ў развіцці нацыянальнай эканомікі і актывізацыі міждзяржаўных адносін. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на перагаворах з Прэзідэнтам Узбекістана Шаўкатам Мірзіёевым у вузкім фармаце.

“Вам давялося разбіраць завалы ўнутры краіны — і аб’ектыўныя, і суб’ектыўныя рэчы. Усё ж такі прыкладна 33 млн насельніцтва — гэта гіганцкая рэспубліка, і ўвесь народ трэба накарміць. Трэба розныя плыні — рэлігійныя, нацыянальныя і іншыя — захаваць і аб’яднаць, накіраваць. Таму я вам адразу сказаў, што мы пад павелічальным шк лом разглядаем усё, што вы робіце. І мы за вас рады, асабліва за тое, што вы выбудавалі адносіны з суседзямі”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён расказаў, што нядаўна правёў афіцыйны візіт у Таджыкістан і кіраўніцтва гэтай краіны таксама пазітыўна ацаніла поспехі Узбекістана. “Тое меркаванне, якое сёння існуе ў эліты гэтых дзяржаў па вашай палітыцы, проста на зайздрасць. Таму я вас віншую, што вам удалося вызначыць той рэальны курс, які павінен быць ва Узбекістане. Мы за вас вельмі рады”, — заявіў беларускі лідар.

Прэзідэнт выказаў удзячнасць узбекскаму боку за падтрымку беларускай дыяспары — ва Узбекістане жыве амаль 19 тысяч беларусаў. “Вы падтрымліваеце і культуру нашых беларусаў, якія жывуць тут. Упэўнены, што ніякіх праблем яны вам не ствараюць і ніколі не створаць”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

“Я прыехаў сюды, каб падзякаваць вам за тое стаўленне да Беларусі і беларусаў, якое сёння вы прывіваеце ўзбекскаму народу. Мы сапраўды вельмі падобныя, перш за ўсё сваёй працавітасцю. Калі б мы навучыліся гандляваць, як узбекі, прадстаўляць тавар, які вырабляем, мы былі б у два разы багацейшыя. Думаю, вы нас навучыце і гэтай добрай практыцы”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Адносіны Беларусі і Узбекістана за апошнія два гады перасягнулі ўсе чаканні, адзначыў Прэзідэнт Узбекістана Шаўкат Мірзіёеў на перагаворах.

Ён нагадаў, што з моманту іх апошняй сустрэчы, якая адбылася ў Самаркандзе, прайшло два гады. Тады бакі і дамовіліся аб тым, што Прэзідэнт Беларусі зробіць афіцыйны візіт ва Узбекістан.

“Беларусь для нас — блізкі сябар і надзейны партнёр. У апошнія паўтара — два гады нашы адносіны ва ўсіх сферах, я думаю, перасягнулі ўсе чаканні. Гэта паказвае, што можна зрабіць пры жаданні і волі кіраўніцтва краіны”, — сказаў Шаўкат Мірзіёеў.

Прэзідэнт Узбекістана адзначыў, што тавараабарот паміж краінамі па выніках 2017 года значна павялічыўся. Рост прадаўжаецца і ў гэтым годзе. “Гэта сведчыць аб тым, што мы, дзве дзяржавы і два народы, засумавалі адно па адным”, — дадаў ён. На яго думку, тавараабарот паміж краінамі ў перспектыве можа дасягнуць $1 млрд.

Шаўкат Мірзіёеў прапанаваў больш актыўна развіваць узаемадзеянне ў сельскай гаспадарцы, лёгкай прамысловасці, нафтагазавай галіне. Асобна ён спыніўся на ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве. “Калі мы супрацоўнічаем у такой сферы, гэта сведчыць шмат аб чым. Гэта давер, гэта наша бяспека”, — падкрэсліў Прэзідэнт Узбекістана.

Узбекскі лідар таксама адзначыў вялікі патэнцыял у рэгіянальным супрацоўніцтве. “Я асабіста размаўляў з кожным губернатарам пасля паездак у Беларусь. У іх вельмі сур’ёзныя намеры”, — заявіў Шаўкат Мірзіёеў.

Гаворачы пра адносіны ў культурнай сферы, ён нагадаў, што нядаўна ў цэнтры Ташкента быў адкрыты бюст Якуба Коласа, плануецца назваць адну з вуліц у гонар беларускага паэта, які ў ваенныя гады жыў ва Узбекістане. “Ён вельмі шмат пісаў пра ўзбекаў. У тыя цяжкія гады ён быў ва Узбекістане з сям’ёй, жыў тут і ведаў характар узбекаў, тую працавітасць, якая падобна да беларускай. Да яго многіх твораў ва Узбекістане ставяцца з любоўю”, — дадаў Прэзідэнт Узбекістана.

***

Прэзідэнт Узбекістана Шаўкат Мірзіёеў пасля перагавораў з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам уручыў кіраўніку беларускай дзяржавы першы экзэмпляр зборніка вершаў Якуба Коласа, перакладзеных на ўзбекскую мову.

Кніга ва Узбекістане была выпушчана зусім нядаўна. У зборнік, які назвалі “Родныя песні”, увайшлі вядомыя творы беларускага паэта.

“Ён услаўляў падабенства нашых народаў, пісаў аб прыродзе Узбекістана, рысах узбекскага народа”, — адзначыў Шаўкат Мірзіёеў.

Паводле яго слоў, Якуба Коласа ва Узбекістане вельмі любяць. Пасля адкрыцця яго бюста ў Ташкенце вялікая колькасць гараджан наведалі гэтае месца і ўсклалі кветкі.

У сваю чаргу Аляксандр Лукашэнка падарыў Прэзідэнту Узбекістана кнігу “Беларусь і мусульманскі свет” і падзякаваў за ўвекавечанне ў сталіцы памяці Якуба Коласа.

“За тое, што вы помніце гэтага чалавека (гэта ўзор беларуса), які ўславіў у сваіх творах не толькі Беларусь, але і гэтую зямлю, дзе ён быў, мы вам вельмі ўдзячны”, — падкрэсліў кіраўнік беларускай дзяржавы.