Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Мы шануем мір і заклікаем усе народы да дружбы і супрацоўніцтва. І ў гэтай місіі наша дзяржава, беларускі народ, наша царква заўсёды былі адзіныя”

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 7 студзеня запаліў калядную свечку ля абраза святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага ў храме-помніку ў гонар Усіх Святых.

Каля царквы кіраўніка дзяржавы сустрэлі Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, протаіерэй Фёдар Поўны, упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Леанід Гуляка і мэр сталіцы Анатоль Сівак.

Аляксандр Лукашэнка пасля прыбыцця да храма ўсклаў кветкі да помніка Аляксею II і агледзеў званы, якія будуць устаноўлены на званіцы храма-помніка. Прэзідэнт азнаёміўся з убраннем і роспісам царквы і запаліў калядную свечку ля абраза святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага.

У час богаслужэння было адзначана, што над будаўніцтвам храма-помніка Усіх Святых працавалі многія людзі. “Час быў няпросты, але мы збудавалі гэты храм. Ён равеснік нашай незалежнай, суверэннай Беларусі. Няхай ён будзе заўсёды сімвалізаваць наш суверэнітэт. І ўсім, хто дрэнна глядзіць на нас, будзе адназначна гаварыць пра тое, што пад бізуном мы больш ніколі хадзіць не будзем”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што беларусы — горды, незалежны, талерантны і вельмі добры народ, які заўсёды паважліва ставіцца да ўсіх сваіх суседзяў, у тым ліку расіян і ўкраінцаў.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што свята Нараджэння Хрыстова для беларускага народа — больш чым хрысціянская традыцыя. Яно аб’ядноўвае людзей, незалежна ад ступені духоўнасці і сілы веры, закранае ў сэрцах глыбінныя пачуцці: жаданне любіць, дараваць, жыць у міры і згодзе.

“Сама атмасфера гэтай урачыстасці настройвае на добрыя справы. Менавіта ў калядныя дні больш за ўсё праводзіцца дабрачынных і розных іншых мерапрыемстваў. І я шчыра ўдзячны ўсім, хто праяўляе клопат пра людзей, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, — заявіў прэзідэнт. — Гэта павінна быць наша чалавечая патрэбнасць. Ты сёння дапаможаш людзям, якія ў гэтым маюць патрэбу, заўтра людзі дапамогуць табе”.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Нараджэнне Хрыстова — адно з самых глыбокіх па сваім сэнсе хрысціянскіх свят. Яно сімвалізуе нараджэнне чалавека, якому наканавана здзейсніць подзвіг, ахвяраваць сабой дзеля выратавання людзей.

“У розныя часы беларуская зямля страчвала мільёны сыноў і дачок, якія, не шкадуючы свайго жыцця, абаранялі Радзіму, — канстатаваў ён. — Лёсы многіх бясследна сцёр час. Але імёны герояў мінулага стагоддзя і нашых дзён мы ўвекавечылі, пабудаваўшы гэты велічны храм-помнік. Ён равеснік нашай маладой, суверэннай і незалежнай дзяржавы. Усё ў гэтым праекце (ад ідэі — да ажыццяўлення задумы) служыць галоўнай мэце — захаванню гістарычнай памяці, сцвярджэнню міру і згоды ў грамадстве”.

Крыпта храма-помніка, з’яўляючыся сімвалам справядлівасці і талерантнасці, беражэ імёны герояў, незалежна ад іх нацыянальнасці і веравызнання, захоўвае зямлю з розных куткоў свету, дзе за справядлівую справу змагаліся беларускія воіны.

“Гісторыю не змяніць, яе нельга і забыць, таму што няма лепшай абароны, чым памяць аб трагічным мінулым. Мы шануем мір, таму што былі сведкамі гора і жахаў войнаў, як ніякі іншы народ у свеце. Беларусы гэта зведалі спаўна. Мы шануем мір і заклікаем усе народы да дружбы і супрацоўніцтва. І ў гэтай місіі наша дзяржава, беларускі народ, наша царква заўсёды былі адзіныя”, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт яшчэ раз павіншаваў усіх прысутных з Нараджэннем Хрыстовым, пажадаўшы грамадзянам здароўя і дабрабыту. “Няхай на нашай зямлі нараджаюцца дзеці. Нам вельмі важна, каб іх было шмат. Няхай у іх будзе шчаслівае дзяцінства і доўгае, цікавае, яркае жыццё — усё гэта залежыць толькі ад нас. А наша прыгожая і моцная Беларусь заўсёды, дзякуючы нашаму розуму і рукам, будзе квітнеючай у свеце. І ў імя гэтага мы павінны зрабіць усё. Менавіта гэта я хачу падкрэсліць у светлае свята Нараджэння Хрыстова. Менавіта да гэтага заклікаю ўсіх нас у гэты дзень”, — рэзюмаваў ён.