Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Мы спраўляемся з занятасцю людзей, нам патрэбны высокатэхналагічныя вытворчасці”

- 11:07Інфармацыйная гадзіна

Павышэнне эфектыўнасці работы свабодных эканамічных зон абмяркоўвалі на нарадзе ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што сёння для Беларусі, як ніколі, актуальныя пытанні стварэння новых высокапрадукцыйных рабочых месцаў, умацавання інтэ-лектуальнага, прамысловага і экспартнага патэнцыялу. Вырашэнне гэтых задач непарыўна звязана з прыцягненнем інвестыцый у эканоміку краіны.

“Мне дакладваюць ва ўрадзе: свабодныя эканамічныя зоны ўносяць істотны ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёнаў і краіны ў цэлым, фарміруючы 4 працэнты ВУП. Там сканцэнтравана амаль 13 працэнтаў прамысловай вытворчасці, каля 16 працэнтаў экспарту і каля 7 працэнтаў прамых замежных інвестыцый. Напэўна, гэта важкі ўклад, але ці сувымерны ён з тымі льготамі, якія прадастаўлены рэзідэнтам свабодных эканамічных зон?” — спытаў Аляксандр Лукашэнка.

У снежні 2016 года пытанні развіцця СЭЗ ужо разглядаліся на нарадзе ў прэзідэнта ў сувязі са змяненнямі мытнага заканадаўства ў ЕАЭС. Падыходы Савета Міністраў былі адобраны, падпісаны адпаведны ўказ.

“Сёння ўрад уносіць чарговыя прапановы, якія нібыта павінны стымуляваць развіццё нашых свабодных эканамічных зон”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, ці патрэбны на сучасным этапе свабодныя эканамічныя зоны ў тым выглядзе, у якім яны існуюць, наколькі эфектыўнымі аказаліся прынятыя ў канцы 2016 года меры і які вынік яны прынеслі эканоміцы Беларусі.

“Ці дастаткова прапануемых рашэнняў для развіцця свабодных эканамічных зон, калі мы згаджаемся, што яны павінны развівацца ў нейкім ільготным, асаблівым рэжыме, і росту прамых замежных інвестыцый. Або праз некаторы час будзе чарговы праект указаў?” — спытаў беларускі лідар.

Закон аб свабодных эканамічных зонах быў прыняты ў Беларусі ў 1998 годзе як яшчэ адзін інструмент стварэння новых сучасных вытворчасцей. Цяпер у краіне функцыянуюць шэсць свабодных эканамічных зон, у якіх зарэгістраваны 409 рэзідэнтаў з колькасцю працуючых больш за 122 тысячы чалавек.

“Усе вобласці захацелі мець свае свабодныя эканамічныя зоны, я згадзіўся. Як яны функцыянуюць, сёння разгледзім, — дадаў прэзідэнт. — Тады ў людзей не было работы, і мы хапаліся за любую саломінку, каб не патануць. Сёння пытанне пра тое, каб проста заняць людзей у свабодных эканамічных зонах, прадаставіўшы там ільготны рэжым прадпрыемствам, не стаіць. Мы спраўляемся з занятасцю людзей, нам патрэбны высокатэхналагічныя вытворчасці. Калі там перадавая вытворчасць, гэта павінна хутка адбіцца на рабоце ўсёй эканомікі. А проста стварыць там канторку, і нехта будзе балты і гайкі кляпаць — гэта добра, але ўжо не адпавядае таму ўзроўню развіцця, на якім мы знаходзімся”.

Як паведаміў пасля нарады ў кіраўніка дзяржавы першы намеснік прэм’ер-міністра Васіль Мацюшэўскі, інвестары гатовы ўкласці $850 млн у стварэнне новых прадпрыемстваў на тэрыторыі свабодных эканамічных зон у Беларусі. “Агульны аб’ём заяўленых інвестыцый — недзе $850 млн — гэта па ўсіх шасці зонах. Гэта новыя заяўленыя праекты, пад якія мы разам з абласцямі прасілі пра магчымасць пашырыць свабодныя эканамічныя зоны”, — сказаў Васіль Мацюшэўскі.

Паводле яго слоў, абмеркаваныя на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы пытанні не тычыліся ўвядзення дадатковых ільгот для рэзідэнтаў СЭЗ.

Урад, у прыватнасці, прапануе прадугледзець дадатковыя крыніцы фінансавання, якія прадпрыемствы маглі б выкарыстоўваць для стварэння неабходнай інфраструктуры, у першую чаргу гэта тычыцца газа- і электразабеспячэння. Акрамя таго, размова ідзе пра магчымасць пашырэння тэрыторый СЭЗ пад новыя праекты, якія інвестары гатовы былі б рэалізаваць.

Усе прапановы акумуляваны ў праекце ўказа. Кіраўнік дзяржавы ў цэлым іх падтрымаў, таму чакаецца, што дакумент у найбліжэйшы час будзе дапрацаваны і адпраўлены яму на подпіс.

Васіль Мацюшэўскі растлумачыў, што наяўнасць свабодных эканамічных зон дае магчымасць канкурыраваць за інвестыцыі ў Еўразійскім эканамічным саюзе. “Гэта не вынаходства Беларусі, у свеце такія зоны існуюць. Таму, канкурыруючы за інвестара, мы як мінімум павінны прадастаўляць умовы не горшыя. Таму што ў яго заўсёды ёсць магчымасць выбіраць”, — адзначыў першы віцэ-прэм’ер.