Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Мы стратэгічна арыентуемся і выбудоўваем сваё жыццё, і людзі павінны гэта разумець”

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Федэрацыі прафсаюзаў за актыўны ўдзел у парламенцкай выбарчай кампаніі. Пра гэта кіраўнік дзяржавы заявіў на сустрэчы са старшынёй ФПБ Міхаілам Ордам.

“Вельмі многае залежала ад арганізаванасці правядзення гэтай кампаніі, і прафсаюзы ўнеслі дастойны ўклад у яе арганізацыю, — сказаў прэзідэнт. — Мы дамаўляліся, што прафсаюзы прымуць актыўны ўдзел у кампаніі, дапамогуць яе арганізаваць на месцах, што і было зроблена”.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў ролю ФПБ у грамадска-палітычным жыцці краіны, назваўшы арганізацыю адной з самых шматлікіх. “Аснову складаюць людзі, якія працуюць, а не займаюцца палітыканствам, хаджэннем па чыстых і ўтульных мінскіх вуліцах”, — адзначыў ён.

У час сустрэчы абмяркоўваўся таксама ход падрыхтоўкі да восьмага з’езда Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, які плануецца правесці ў канцы лютага.

Аляксандр Лукашэнка даручыў кіраўніку Адміністрацыі прэзідэнта і ўраду падключыцца да падрыхтоўкі гэтага мерапрыемства. “Калі патрэбна будзе падтрымка на месцах, каб маглі арганізаваць выбары дэлегатаў, каб гэта было дэмакратычна і прыстойна, каб пальцам потым не тыцкалі, таму што жадаючых жа шмат. Нават пасля сённяшняй размовы пачнуць абвінавачваць прафсаюзы, што на гэтым зацыклівацца не трэба, вы чалавек вопытны, я гэта ведаю”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, прафсаюзы павінны ганарыцца той роллю, якую яны адыгрываюць у сучасным беларускім грамадстве. “Няпросты час, людзі розныя, зразумела. Нехта так, нехта гэтак будзе гаварыць наконт гэтага. Але ўсе павінны разумець: не дай бог, нейкія цяжкія часы, нам спатрэбяцца і прафсаюзы, і камсамол (па-старому кажучы) — наша маладзёжная арганізацыя, усе арганізацыі будуць задзейнічаны. Не дай бог, вядома, такія цяжкія часы. Мы стратэгічна арыентуемся і выбудоўваем сваё жыццё, і людзі павінны гэта разумець. Таму з’езд мы павінны правесці дастойна, прыгожа”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт выказаў зацікаўленасць у асабі­стым удзеле ў рабоце з’езда ФПБ, які мае адбыцца. “Гэта маштабнае ўнутранае мерапрыемства. Тым больш такі палітычна важны год: прэзідэнцкія выбары, з’езд народа Беларусі — Усебеларускі народны сход, які выпрацуе стратэгію на пер­спектыву. Прафсаюзы тут павінны адыграць сваю ролю”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

У сваю чаргу Міхаіл Орда падзякаваў прэзідэнту за падтрымку важных ініцыятыў ФПБ, у прыватнасці па ўзмацненні гарантый занятасці добрасумленным работнікам, замацаваных у новай рэдакцыі Працоўнага кодэкса.