Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Мы ведаем, як жыць, і мы жывём на сваёй зямлі”

- 10:00Інфармацыйная гадзіна

Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка лічыць адраджэнне Палесся адным з найважнейшых участкаў сваёй прэзідэнцкай работы. Пра гэта ён расказаў на сустрэчы з актывам Гомельскай вобласці.

“Адзін з найважнейшых участкаў маёй прэзідэнцкай работы — адраджэнне Палесся. Я вельмі люблю тут бываць, душой прыкіпеў да гэтых мясцін. Калі я быў тут у першыя гады прэзідэнцтва, карціна была жудасная”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што асаблівая ўвага заўсёды ўдзялялася аднаўленню і развіццю тэрыторый, пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. “Я вельмі часта бываю ў вашай вобласці, больш, чым у якой-небудзь іншай. Пры гэтым не раз, пралятаючы над Гомельшчынай, з вышыні птушынага палёту бачыш усё, што робіцца ў гаспадарках, на палях, усе будоўлі, дарогі, аб’екты. Асаблівая мая ўвага, вядома, тым тэрыторыям, якія больш за іншых пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. У гэтым, перш за ўсё, сутнасць маіх з вамі адносін”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

“Я памятаю той, можна сказац­ь, далёкі па нашых мерках час і зусім недалёкі па мерках гісторыі, калі нам, кінутым на волю лёсу пасля распаду Савецкага Саюза, давялося пераадольваць наступствы чарнобыльскай катастрофы. Гэта быў вельмі цяжкі час. Ён быў цяжкі не толькі тым, што мы былі босыя, без штаноў, галодныя, не толькі таму, што ў нас не было сродкаў, каб жыць і існаваць. Праблема заключалася ў тым, што мы не ведалі, як зрабіць лепш”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

“Дзесьці навобмацак, дзесьці зыходзячы з таго невялікага вопыту, які ў мяне быў, але я для сябе прыняў рашэнне, што гэты квітнеючы і прыгожы куток не толькі Беларусі, але і Еўропы, нашай планеты, павінен жыць, мы яго ні ў якім разе не павінны кінуць на волю лёсу. Я лічу і тады лічыў, што вельмі працавітыя і прыстойныя людзі жывуць на Гомельшчыне і іх трэба падтрымаць”, — падкрэсліў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што было няпроста прымаць рашэнні. “І я памятаю, тады, выпрацоўваючы тактыку, мы нямала зрабілі для таго, каб вас пераканаць у тым, што тут трэба жыць, што вас нідзе не чакаюць, што там, куды вы паедзеце, нават куды вас запрашаюць, будзе не лепш. Тыя, хто паехаў (некаму абяцалі добрае жыццё), у пераважнай большасці вярнуліся на радзіму”, — расказаў кіраўнік дзяржавы.

“Мы зрабілі правільна. Мы выратавалі Гомельскую вобласць”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнт адзначыў, што сацыяльна арыентаваная палітыка, якую ў Беларусі праводзяць на працягу апошніх дзесяцігоддзяў, дае свае вынікі. І галоўны з іх — магчымасць жыць на сваёй зямлі і самастойна вызначаць свой лёс.

“Мы глядзелі на развіццё свайго — сваёй эканомікі, прамысловасці, давалі магчымасць нашым людзям зарабіць. Небагата жывуц­ь людзі, і вы не багатыя, вы не алігархі. Але мы ведаем, як жыць, і мы жывём на сваёй зямлі”, — сказаў прэзідэнт.

“Калі б мы такую палітыку народную (мы яе па-навуковаму называем сацыяльна арыентаванай) не праводзілі, нас сёння ў гэтай зале не было б. Праводзілі б тут нарады і сходы іншыя людзі, калі б яшчэ такую ўтульную залу ўдалося захавац­ь. Жылі б чорт ведае дзе, як гэта было заўсёды, нас адзявалі б у лапці, запрагалі б у калёсы і падганялі б бізуном. Але мы тады, сціснуўшы зубы, перацярпелі, асабліва тут, на чарнобыльскай зямлі, вытрымалі. Я не сказаў бы, што сёння яны хочуць замяніць уладу ў Беларусі. Трэба расхістаць, разгайдаць”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што Гомель і вобласць ма­юць самыя цесныя сувязі адразу з дзвюма братэрскімі для Беларусі краінамі — Расіяй і Украінай. “Трэба гэтым карыстацца — ад продажу сельгастэхнікі да пастаўкі прадуктаў харчавання”, — канкрэтызаваў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы, у прыватнасці, адзначыў, што ў выніку су­працьэпідэмічных мер ва Украіне прыкладна на пятую частку скарацілася вытворчасць у сельскай гаспадарцы. “З-за таго, што ізалявалі людзей і яны практычна своечасова не пасеялі. І ў гэты добры год (у плане ўмоў надвор’я. — Заўвага БелТА.) у іх вельмі моцны спад. Ну падстаўце плячо. Яны ж плацяць за гэта. Прадайце туды сельгаспрадукцыю, прадукты харчавання. Яны будуць у цане”, — сказаў прэзідэнт.

Ён звярнуў увагу і на той факт, што, паводле прагнозаў ААН, у найбліжэйшы час да мільярда чалавек у свеце будуць галадаць: “Значыць, нельга кідаць сельскую гаспадарку. Прадукты харчавання будуць у цане. І ўсё, што звязана з сельскай гаспадаркай”.

“На Гомельшчыне зроблена шмат. Разам з тым, вы гэта добра ведаеце, праблем шмат. У вас эканоміка рэгіёна не дыверсіфікавана. Вы залежыце ад нафтахімічнага комплексу больш за ўсё”, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

“Шмат што зроблена ў вас і ў сацыяльнай сферы: 133 тысячы сем’яў, у тым ліку 13 тысяч шматдзетных, палепшылі жыллёвыя ўмовы, даходы выраслі ў 7 разоў, рэальная зарплата — у 9 разоў, пенсіі — у 10. Дзякуючы гэтаму ў 6 разоў знізіўся ўзровень малазабяспечанасці. У нас ён вельмі нізкі. Нават у Гомельскай вобласці. Я не параўноўваю вас з Мінскам, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Гэта яшчэ не высокі ўзровень. Трэба на прыступку вышэй падняцца ў будучай пяцігодцы, і для гэтага трэба зрабіць максімум”.

Аляксандр Лукашэнка заклікае людзей змяніць спосаб жыцця. “Калі ў вас ёсць магчымасць захаваць у вёсцы прысядзібны ўчастак, захавайце яго. Вярніцеся на зямлю, вярніцеся! Пахадзіце басанож, нават калі вы жывяце на дзявятым паверсе. Выйдзіце раніцай. Вось падумайце, вы па расе калі хадзілі апошні раз? Палавіна не памятае. А гэта ўсё трэба. Гэта лякарства. Не японскі прэпарат, які я прывёз на самалёце. Нам трэба змяніць спосаб жыцця. Нам нельга кідац­ь зямлю, кідаць вёску. Інакш самі загінем і будзем беднымі, калі мы такім чынам зробім”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што цяпер шэраг людзей зноў накіраваліся на берагі паўднёвых краін, нягледзячы на тое, што сітуацыя з пандэміяй у свеце зусім не ўляглася. “Мы нікога не трымаем, едзьце. Але ведайце, што, вярнуўшыся адтуль, вы трапіце ў каранцін мінімум на 10 дзён, за свой кошт. Таму я вас прашу: пабудзьце гэты год дома, у нас хапае санаторыяў, у нас добрае надвор’е. Адпачніце тут, — заклікаў кіраўнік дзяржавы. — Гасподзь нам падарыў такое надвор’е! Цяпер праз пару дзён будзе халаднавата, потым праз 5 дзён будзе спёка, асабліва ў Гомелі. Ну, пакупайцеся тут, схадзіце на Сож, з’ездзіце ў Слаўгарад, гэта ж зусім побач, — у гэтую Блакітную крыніцу. Патапчыцеся там, падумайце пра добрае”.

“У мяне свая крыніца — Трафімава (на малой радзіме прэзідэнта побач з аграгарадком Александрыя. — Заўвага БелТА.). Таксама вас запрашаю, прыедзьце з дзеткамі, акуніцеся. У мяне дзеці малыя і дарослыя акуналіся, і ніхто ніколі, дзякуй богу, не захварэў. І вы таксама акуніцеся, пахадзіце, пабегайце. Змяніце свой спосаб жыцця”, — дадаў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў: нягледзячы на той факт, што за апошніх 25 гадоў рэгіён у разы прырос у сельскай гаспадарцы, праблем тут пакуль не менш, чым у Віцебскай вобласці. У гэтым плане Аляксандр Лукашэнка ўскладае надзеі на губернатара Генадзя Салаўя. “Я бачу, як ён прырос да зямлі. Толькі не забывай, што ў цябе ёсць і гарады, і прамысловасць. Але маладзец за сельскую гаспадарку. Трэба вызначыцца, што нам вырошчвац­ь у Гомельскай вобласці, вызначыць тыя культуры, якія тут дадуць найбольшы эфект, — сказаў прэзідэнт. — Не павінна быць стратнай гэтая галіна. Таму нам трэба сур’ёзна падумаць. Па прыкладзе Віцеб­скай вобласці. Доўга мы там, цэлы год, выпрацоўвалі гэтую праграму. Нарэшце, я яе зацвердзіў у канцы мінулага года”.

Аляксандр Лукашэнка канстатуе, што структура АПК у Гомельскай вобласці развіваецца прыкладна ў тым жа ключы, што і ў Віцебскай. Ёсць перапрацоўчыя прадпрыемствы, за якімі замацаваны сыравінныя зоны. Частка сродкаў ад рэалізацыі канечнай прадукцыі ў тым ліку інвесціруецца ў развіццё сельгасвытворчасці.

“Але нам трэба выпраца­ваць канкрэтную праграму. У яе будуц­ь некаторыя асаблівасці ў плане вырошчвання культур, якія мо­гуць расці на гэтай зямлі. Тут трэба ўзмацніць меліярацыю — адзін з напрамкаў. Трэба паду­маць аб тым, як мы будзем паліваць агародніну, фрукты і інш. Можа, нават і збожжавыя, травы і гэтак далей. Трэба выпраца­ваць асобную праграму адраджэння вёскі на Гомельшчыне”, — даручыў прэзідэнт.

“Калі мы за будучую пяцігодку, выпрацаваўшы яе, пераадолеем гэта, Гомельшчына будзе існавац­ь і жыць. Без вёскі, без зямлі, без сельскай гаспадаркі, нягледзячы на нашы гіганты: “Гомсельмаш”, БМЗ, мазырскі завод (нафтаперапрацоўчы. — Заўвага БелТА.), фосфарны камбінат і гэтай далей, жыцця тут не будзе”, — упэўнены Аляксандр Лукашэнка.