Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Мы вельмі даражым нашымі адносінамі і вельмі–вельмі высока цэнім дружбу паміж нашымі народамі”

- 10:56Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на пасяджэнні II Форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны ў Жытоміры назваў прыярытэты эканамічнага супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі.

“Безумоўна, Украіна — адзін з галоўных гандлёвых партнёраў Беларусі. Толькі за мінулы год мы павялічылі тавараабарот амаль на чвэрць, але гэта далёка не мяжа нашых магчымасцей. Агульная гісторыя і суседства прадвызначылі прыярытэты ў тым ліку ў эканамічнай сферы. Гэта перш за ўсё паліўна-энергетычны, аграпрамысловы комплексы, прамысловая кааперацыя, транспартна-лагістычная сфера”, — пералічыў асноўныя напрамкі супрацоўніцтва прэзідэнт.

Беларусь гатова весці перагаворы аб павелічэнні паставак нафтапрадуктаў для ўкраінскіх прадпрыемстваў. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што і ў далейшым трэба падтрымліваць сумесныя праекты ў гэтай галіне. “Мы не ўтойваем тое, што мы сёння прапрацоўваем альтэрнатыўныя шляхі пастаўкі вуглевадароднай сыравіны з сусветных рынкаў. Большая частка перагавораў была прысвечана гэтай тэме. Мы дамовіліся, што мы не проста будзем прапрацоўваць варыянты, а будзем ужо непасрэдна дзейнічаць. Гэта цалкам натуральна, не накіравана супраць нейкіх іншых краін. Гэта наша неабходнасць, калі хочаце — цяперашняя бяспека дзвюх дзяржаў”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Сур’ёзныя перадумовы для ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва, паводле слоў прэзідэнта, стварае адкрыццё ўкраінскага рынку электраэнергіі. Беларускі бок ужо заключыў некалькі камерцыйных кантрактаў на яе пастаўкі ва Украі­ну. “З запускам Беларускай АЭС у 2020 го­дзе нам будзе вельмі цікавы вопыт работы ўкраін­скай атамнай энергетыкі”, — заявіў ён.

Вялікія перспектывы Аляксандр Лукашэнка бачыць у машынабудаванні, сумесным развіцці транспартных артэрый. “Геаграфічнае становішча нашых краін адкрывае добрыя магчымасці для лагістычнай сферы. Транзітную прывабнасць Украіны і Беларусі могуць узмацніць рачное суднаходства па Дняпры, Прыпяці, яго інтэграцыя ў міжнародны водны шлях Е40”, — звярнуў увагу кіраўнік беларускай дзяржавы.

Прэзідэнт заўважыў, што гандаль — гэта дарога з двухбаковым рухам. Беларусь імпартуе ўкраінскі метал, сельскагаспадарчую і харчовую прадукцыю, кармавыя дабаўкі, лякар­ствы і шмат іншага.

“Шматмільярдны тавараабарот паміж дзвюма краінамі фарміруецца менавіта на месцах. Гэтым тлумачыцца наша пільная ўвага да развіцця міжрэгіянальных кантактаў”, — растлумачыў беларускі лідар. Ён нагадаў, што ў Нікалаеве і Нежыне арганізавана зборка трактароў МТЗ і камбайнаў “Гомсельмаш”, у Луцку і Дняпры — тралейбусаў “Белкамунмаш” і МАЗ, у Вышгарадзе — ліфтаў “Магілёўліфтмаш”, у Чаркасах — аўтатэхнікі МАЗ. У Кіеўскай вобласці функцыянуе буйны гандлёва-лагістычны комплекс групы кампаній “Санта”. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, можна прывесці яшчэ шмат прыкладаў рэальнага эканамічнага супрацоўніцтва, у якое ўключаны рэгіёны.

“Дыялогавая пляцоўка форуму пацвердзіла сваю эфектыўнасць. Мы бачым важкі ўклад абласцей Беларусі і Украіны ў вырашэнне задач па павелічэнні аб’ёмаў гандлю”, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. Магчыма, адзначыў прэзідэнт, гэты форум варта праводзіць не раз у два гады, а штогод. Такую прапанову падтрымліваюць і ва Украіне. Бакі дамовіліся абмеркаваць гэтае пытанне і прыняць адпаведнае рашэнне.

“Хачу вам сказаць сумленна: чым бліжэй і цясней мы будзем з вамі, чым больш роднымі будуць нашы дзяржавы, чым больш з’яднанымі, тым большае супраціўленне мы будзем адчуваць. Ніхто ніколі, як ні заяўлялі б палітыкі вакол нас і ў свеце, не дазволіць нам вельмі моцна сябраваць. На жаль, свет дзейнічае па прынцыпе “раздзяляй і ўладар”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым прэзідэнт звярнуў увагу: дружба паміж Беларуссю і Украінай будзе адчуваць н­аціск не з аднаго нейкага боку, а і з Усходу і Захаду. “Мы ўсведамляем гэта з прэзідэнтам (Украіны. — Заўвага БелТА.) і гаварылі пра гэта, калі вялі перагаворы сам-насам. Гэты бар’ер мы поўныя рашучасці пераадолець, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Мы добрыя лю­дзі. Не хочам супраць некага дружыць, супраць некага ваяваць. Мы павінны быць моцныя”.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што не так даўно Мінск прымаў II Еўрапейскія гульні, матчавую сустрэчу па лёгкай атлетыцы Еўропа — ЗША. У гэтых спаборніцтвах актыўны ўдзел прымалі і ўкраінскія атлеты, прычым даволі паспяхова: напрыклад, на Еўрапейскіх гульнях яны сталі трэцімі ў агульнакамандным заліку.

“Думаю, нашы дзяржавы разам маглі б пазмагацца за права правядзення міжнародных спартыўных спаборніцтваў высокага ўзроўню. Гэта я гавару пра прапанову Прэзідэнта Украіны разам падумаць над тым, ці не замахнуцца нам на Алімпійскія гульні. Для дзвюх краін гэта па сілах”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама адзначыў, што асаблівае месца ў адносінах дзвюх краін займае дыялог культур, пабудаваны на аснове блізкіх і зразумелых сэрцу кожнага беларуса і ўкраінца традыцый і духоўных каштоўнасцей. “Мінуў год, але мінчане і госці сталіцы да гэтага часу знаходзяцца пад уражаннем ад Дзён культуры Украіны. Вашы калектывы і артысты сталі ўпрыгажэннем міжнародных фестываляў — “Славянскага базару ў Віцебску”, свята “Купалле” ў Александрыі. Мы рады, што беларускія выканаўцы такія ж папулярныя ва Украіне. Ганарымся, што мастацкі кіраўнік ансамбля “Сябры” (Анатоль Ярмоленка. — Заўвага БелТА.) стаў лаўрэатам украінскай агульнанацыянальнай праграмы “Чалавек года — 2018”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Дні культуры Беларусі ў Кіеве, што адбудуцца, як дадаў прэзідэнт, стануць выдатнай магчымасцю для беларусаў падарыць украінскім сябрам часцінку сваёй душы, перададзеную ў народнай творчасці і сучасным мастацтве.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь і Украіна — не проста суседзі, краіны звязваюць вузы, мацнейшыя за любыя самыя эфектыўныя эканамічныя, дыпламатычныя і культурныя ўзаемаадносіны. “Гэта вузы кроўнай і духоўнай роднасці, вузы нашай славянскай еднасці. І сёння гэтыя сувязі падтрымліваюцца дзелавымі кантактамі, культурнымі і адукацыйнымі праектамі, турызмам, паездкамі да сяброў, сваякоў. Мы вельмі даражым нашымі адносінамі і вельмі-вельмі высока цэнім дружбу паміж нашымі народамі”, — сказаў беларускі лідар.

Паводле слоў украінскага лідара Уладзіміра Зяленскага, якія ён выказаў на пасяджэнні II Форуму рэгіёнаў, ёсць вялікі патэнцыял, каб удасканаліць вытворчасці для агульнага выхаду на рынкі трэціх краін. Гэтаму будуць са­дзейнічаць змяненні ва Украіне, якія пазітыўна ацэняць бізнес-супольнасць, крэдыторы і інвестары. “Я запрашаю беларускіх інвестараў да супрацоўніцтва”, — сказаў Уладзімір Зяленскі і выказаў упэўненасць, што гэтае ўзаема­дзеянне будзе паспяховым і прагрэсіўным.

Прыярытэты супрацоўніцтва ўкраінскі прэзідэнт бачыць у паліўна-энергетычнай сферы, інфраструктурных і транспартных праектах, прамысловасці, узаемадзеянні ў аграрна-прамысловым комплексе.

Уладзімір Зяленскі адзначыў, што Беларусь з’яўляецца ключавым гандлёвым партнёрам Украіны. Тавараабарот паміж краінамі па выніках 2018 года дасягнуў $5,5 млрд. Разам з тым, паводле яго слоў, гэтыя лічбы могуць быць значна вышэйшыя, што з’яўляецца задачай міжурадавай камісіі. З украінскага боку яе склад у найбліжэйшы час будзе абноўлены.

Украінскі лідар звярнуў увагу на сферу турызму. “Мы заўсёды рады бачыць беларускіх грамадзян ва Украіне, — сказаў ён. — Многім украінцам цікава пазнаёміцца з беларускімі гарадамі, іх помнікамі архітэктуры. Веру, што форум будзе садзейнічаць добрым адносінам у гэтым напрамку”.

Форум рэгіёнаў умацоўвае партнёрства
паміж краінамі ва ўсіх сферах на ўзроўні не толькі дзвюх сталіц, але і рэгіёнаў і асобных прадпрыемстваў, як адзначыў Уладзімір Зяленскі. Кіраўнік украінскай дзяржавы лічыць, што гэтае мерапрыемства варта праводзіць рэгулярна. Такое глыбіннае супрацоўніцтва з’яўляецца важным складнікам адносін паміж дзвюма краінамі. Як доказ — падпісанне дагавораў у рамках форуму на суму больш як $540 млн.

Па матэрыялах БелТА.